Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анэксія ў падарунак. У Магілёве дзяржаўная крама прадае кнігу пра захоп Расеяй Крыму


Кніга «Спецоперация Крым-2014» пра захоп Крыму
Кніга «Спецоперация Крым-2014» пра захоп Крыму

Акцыянэрнае таварыства «Магілёўсаюздрук» прадае кнігу пра захоп Расеяй Аўтаномнай Рэспублікі Крым і Севастопалю ў 2014 годзе.

У магілёўскай кнігарні «Мысль» кнігу «Спецоперация Крым-2014» выставілі побач з творамі беларускіх пісьменьнікаў, сярод якіх Васіль Быкаў.

Намесьнік дырэктара ў ідэалягічнай працы, эканоміцы і фінансах «Магілёўсаюздруку» Юрый Мышэйка ня змог адказаць на пытаньне, ці праходзіла экспэртызу кніга вайсковага аглядальніка Віктара Баранца на наяўнасьць у ёй зьвестак, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Беларусі наконт Крыму. Ён папрасіў час на тое, каб высьветліць, ці прадаецца наагул такое выданьне ў кнігарнях «Магілёўсаюздруку».

Анатацыя са згадкамі пра «вежливых человечков»
Анатацыя са згадкамі пра «вежливых человечков»

Прадаўцы: «У кнізе гісторыя, а не палітыка»

У гандлёвым аддзеле прадпрыемства «Магілёўсаюздрук» Свабодзе пацьвердзілі, што такая кніга сапраўды ў іх прадаецца. Продаж аргумэнтавалі тым, што ў кнізе аўтар не сьцьвярджае пра ўваходжаньне Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі, такая выснова зроблена імі з анатацыі.

​«У ёй паказана, як адбываліся тыя падзеі. Там апісаная гісторыя, а не палітыка. Гаворкі пра тое, што Крым адназначна стаў часткай Расеі, у кнізе няма», — заявіла адна з супрацоўніц аддзелу.

Яна запэўніла, што яшчэ раз пераглядзіць кнігу. І калі знойдзе ў ёй факты пра анэксію Крыму ў склад Расеі, то выданьне забяруць з продажу. Супрацоўніца згадала сытуацыю з продажам у кнігарнях глобусаў і мапаў, на якіх Крым быў пазначаны расейскім. Па яе словах, цяпер такая прадукцыя прадаецца толькі з украінскім Крымам.

Што вядома пра аўтара

Віктар Баранец
Віктар Баранец

​Ідэю напісаньня кнігі «Спецоперация Крым-2014» Віктару Баранцу падказаў міністар абароны Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Шайгу. Аўтар меў магчымасьць зьбіраць матэрыял для кнігі ў Міністэрстве абароны, Генштабе, а таксама ў Крыме і вайсковых частках, якія ўдзельнічалі ў яго захопе. У анатацыі згадваюцца «вежливые человечки», якія, паводле Баранца, адыгралі «гістарычную ролю ў вяртаньні Крыму».

Віктар Баранец быў двойчы даверанай асобай Уладзімера Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах. Адыгрываў актыўную ролю ў агітацыйнай кампаніі Пуціна. Баранец — сябра грамадзкіх саветаў пры Міністэрстве абароны і Ваенна-прамысловай камісіі Расеі. Нарадзіўся ва Ўкраіне, у Харкаве. Вайсковы аглядальнік газэты «Комсомольская правда». Палкоўнік у адстаўцы.

Ягоная кніга пра захоп Крыму выдадзеная накладам у 4 тысячы ў падарункавым фармаце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG