Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верталёт у прэзыдэнцкім выкананьні. Што вядома пра авіяпарк Лукашэнкі?


Верталёт AgustaWestland AW139 на авіявыставе ў Стамбуле. Ілюстрацыйнае фота EvrenKalinbacak / ©Shutterstock, 2014 год
Верталёт AgustaWestland AW139 на авіявыставе ў Стамбуле. Ілюстрацыйнае фота EvrenKalinbacak / ©Shutterstock, 2014 год

Авіяцыйны парк Аляксандра Лукашэнкі можа папоўніцца новым італьянскім верталётам AgustaWestland AW139. Кошт звычайнай грамадзянскай вэрсіі такога апарата — 12 мільёнаў даляраў. VIP-вэрсіі могуць мець кошт у разы большы.

Верталёт AgustaWestland AW139 з афарбоўкай, тыповай для беларускіх урадавых самалётаў і верталётаў, італьянскія аматары авіяцыйнай тэхнікі сфатаграфавалі на лётнішчы ў Італіі некалькі дзён таму.

Тое, што верталёт, які прызначаны для абслугоўваньня VIP-пэрсон, быў афарбаваны як урадавае паветранае судна (у колерах беларускага дзяржаўнага сьцяга), сьведчыць, што ён набыты для высокіх афіцыйных асоб Беларусі.

19 лютага гэты верталёт бачылі ў небе над Астрашыцкім гарадком, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Зьвесткі пра прыналежнасьць верталёта Беларусі пацьвердзіў і сэрвіс Flightradar24, паводле якога вінтакрылая машына прыляцела ў Беларусь з пасадкамі ў Трыесьце, Будапэшце і Варшаве і 19 лютага прызямлілася ў нацыянальным аэрапорце «Менск».

Аднак удакладніць, ці сапраўды ўрадавы авіяпарк, які абслугоўвае кіраўніка дзяржавы, папоўніўся новай адзінкай, пакуль не ўдалося. Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант цягам дня заставалася недасяжнай, як і прэсавы сакратар прэм’ера Ўладзіслаў Сычэвіч. На запыт у Дзяржкамітэт па грамадзянскай авіяцыі адказ пакуль не прыйшоў.

Што было ў Лукашэнкі дагэтуль?

Свабода сабрала інфармацыю, на чым лятаў Аляксандар Лукашэнка раней, якія самалёты і верталёты яго цяпер абслугоўваюць.

Самалёт, якім карыстаецца Лукашэнка ў замежных паездках, — Воeing 767, закуплены ў Туркмэністане 7 гадоў таму. Ён належаў былому прэзыдэнту гэтай краіны Сапармурату Ніязаву. Гэтай машыне ўжо 14 гадоў.

Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кіргізстана, 2016 год
Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кіргізстана, 2016 год

А вось верталёту, якім дагэтуль Аляксандар Лукашэнка карыстаўся найчасьцей, ужо 23 гады — гэта верталёт «Мі-172» (мадэрнізаваны «Мі-8АМТ») з бартавым нумарам EW-002DA. Гэты верталёт быў адмыслова выраблены на Казанскім верталётным заводзе (Расея), 20 гадоў таму ягоны кошт быў каля 4 мільёнаў даляраў.

Таксама Аляксандар Лукашэнка падчас свайго кіраваньня карыстаўся верталётам «Мі-8» з бартавым нумарам EW-001DA і Мі-8 з бартавым нумарам EW-25049. Дарэчы, калі італьянскі верталёт AW139 пройдзе рэгістрацыю, ягоны нумар таксама будзе пачынацца на EW — гэта авіяцыйны код Беларусі.

Да самалёта Boeing 767 Аляксандар Лукашэнка карыстаўся больш сьціплай мадэльлю — Boeing 737, а яшчэ раней — савецкім самалётам «Ту-154» у VIP-кампаноўцы, які быў куплены новым у 1995 годзе. Дарэчы, гэты самалёт летась выставілі на продаж. Падчас першага аўкцыёну пакупнікоў на яго не знайшлося, тады 17 сьнежня самалёт зноў прадавалі, ужо за 4,3 мільёна рублёў. Але ці ўдалая была тая спроба прадаць былы прэзыдэнцкі «Ту-154», не паведамлялі.

Верталёт AW139 вытворчасьці італьянскай фірмы AgustaWestland мае максымальную дальнасьць палёту 1 тысяча кілямэтраў і можа разагнацца да хуткасьці 310 кілямэтраў за гадзіну. Дакладна вядома, што такім самым верталётам карыстаецца прэм’ер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.

Дзьмітры Мядзьведзеў каля верталёта AW139, архіўнае фота
Дзьмітры Мядзьведзеў каля верталёта AW139, архіўнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG