Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жудасна хацеў працаваць на зямлі і гуляць у футбол, а давялося кіраваць краінай, — Лукашэнка пра мары і рэаліі


Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з навучэнцамі менскіх школ распавёў пра свае дзіцячыя мары.

«Я тады, у дзяцінстве, ня думаў пра тое, каб стаць прэзыдэнтам. І думаць ня мог, бо прэзыдэнтаў у краіне і не было, былі генэральныя сакратары. Але я таксама ня думаў пра тое, каб стаць нейкім там сакратаром, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Скажу шчыра і чэсна: у мяне было адзінае жаданьне: паколькі я жыў ня ў лепшым сяле, бачыў пакуты тых людзей, бачыў недахопы, бачыў, як яны жылі, было жудаснае жаданьне ўзяць нейкую тэрыторыю, гаспадарку і гэтым людзям зрабіць нешта добрае».

Лукашэнка дадаў, што яшчэ адной ягонай марай у дзяцінстве быў прафэсійны спорт, у прыватнасьці — футбол.

«Я страшэнна любіў футбол і хацеў быць вялікім спартоўцам. Але я ня трапіў ні да якага трэнэра, дый гаворкі не магло быць пра гэта — як маглі, так і гулялі», — сказаў ён.

Дзіцячыя мары Лукашэнкі шмат у чым рэалізаваліся: ён кіраваў саўгасам на Магілёўшчыне, гуляў у футбольнай камандзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Цяпер апрацоўвае немалы надзел у сваёй рэзыдэнцыі ў Астрашыцкім Гарадку. А вось спартовыя прыярытэты зьмяніліся: раней Лукашэнка тлумачыў, што траўмы прымусілі перайсьці з футболу ў хакей.

Выказваўся Лукашэнка і наконт прэзыдэнцкіх амбіцый сваіх трох сыноў: маўляў, старэйшыя Віктар і Дзьмітры не дацягваюць харызмай, а малодшага Мікалая хоча бачыць лекарам ці вайскоўцам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG