Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адкрыюць беларускамоўную клясу ў Жодзіне для Косьціка


Жыхарка Жодзіна Насьця Герыловіч хоча, каб яе сын Косьця пайшоў у верасьні ў першую клясу, якая будзе беларускамоўнай.

Стварыць яе плянуецца на базе школы № 6. У сацыяльных сетках Насьця пакінула абвестку, каб ахвотныя аддаць свайго сына ці дачку ў беларускамоўную клясу зьвязаліся зь ёй праз тэлефон.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Насьця Герыловіч расказала пра сытуацыю зь беларускамоўнай адукацыяй у Жодзіне.

«У 2004 годзе ў Жодзіне, калі я сканчала школу, у нас у школе № 6 яшчэ былі беларускамоўныя клясы. А цяпер ужо шмат гадоў няма ніводнай. У нас толькі Алесь Лапіцкі зрабіў для свайго сына беларускамоўную клясу, але ён доўга не пратрымаўся, бо там вучыўся толькі адзін чалавек. Цяпер у Жодзіне 9 школ, і няма ніводнай беларускамоўнай клясы, ніводнай беларускамоўнай групы ў садочку», — кажа Насьця.

Насьця Герыловіч кажа, што дзяржава павінна дапамагчы ёй выхаваць беларускамоўнага хлопчыка.

«Яго завуць Косьця, у гонар Канстанціна Астроскага. У верасьні ён мае пайсьці ў першую клясу. Я напісала заяву ўжо ў студзені сёлета, але мне напісалі, што трэба 20 заяў. Мне дапамагала дэпутатка Алена Анісім, я ёй ліставала пра тое, што адбываецца. На яе параду я напісала ў Міністэрства адукацыі. Зь міністэрства ліст пайшоў у Менскі аблвыканкам. І мне адказалі, што чакаюць у Жодзіне ў траўні, каб паразмаўляць пра месца навучаньня майго сына. Тыдзень таму я схадзіла ў аддзел адукацыі Жодзінскага гарвыканкаму. Начальніца казала мне пра эканамічны стан, навошта нам гэта трэба, што мой сын будзе адзін вучыцца. У выніку яны паставілі ўмову, каб я знайшла 13 чалавек. Вядома, гэта не мая праца, а гэта іхная праца, каб яны шукалі, каб гэта было эканамічна выгадна для гораду. Ну, і я пачала шукаць, пачала інфармацыйную кампанію».

Насьця Герыловіч зрабіла абвестку ў фэйсбуку.

«У Магілёве вучыцца ў такой клясе адна дзяўчынка, чаму ў Жодзіне павінна быць 13? Я не разумею. Магчыма, яны мне паставілі такую ўмову, каб я адмовілася ад гэтай ідэі. Але я не хачу адмаўляцца. Я буду дамагацца, і ў іх няма выйсьця. Гэта ж маё права выбіраць, на якой мове будзе вучыцца мой сын. Я пляную, што гэтая кляса будзе на базе шостай школы, гэта найбліжэйшая да маёй хаты школа. У чэрвені панясу заяву».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG