Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ня даў ходу «справе расейскамоўных фізкультурнікаў». Лойку гэта не спыняе


Гэнік Лойка

Сёньня суд Фрунзенскага раёну Менску разглядаў скаргу скульптара Гэніка Лойкі на кіраўніцтва сталічнай гімназіі № 4 і раённае ўпраўленьне адукацыі, спорту і турызму.

Заяўнік намагаўся прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у тым, што ў беларускамоўнай установе працаўладкаваныя шэсьць выкладчыкаў фізкультуры, якія не валодаюць беларускай мовай і нават не зьбіраюцца яе вывучаць.

«Мае просьбы да суду былі наступныя, — кажа Гэнік Лойка. — Па-першае, прызнаць маю скаргу абгрунтаванай. Па-другое, правесьці судовую экспэртызу на прадмет таго, ці валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай шасьцёра настаўнікаў фізкультуры. Па-трэцяе, прызнаць дзеяньні/бязьдзеяньне Гоцмана (дырэктар гімназіі) і Чарняўскай (начальніца ўпраўленьня адукацыі), якія дапусьцілі да працы ў беларускамоўнай гімназіі небеларускамоўных настаўнікаў, незаконнымі і аднавіць мае правы. Відаць, за апошняе якраз судзьдзя і ўчапіўся — „...абавязаўшы кіраўніцтва гімназіі звольніць з працы такіх работнікаў“. Суд сказаў, што ў дадзеным выпадку ён нічога абавязаць ня можа».

У сваёй скарзе Гэнік Лойка адзначыў, што ў Беларусі існуюць дзьве дзяржаўныя мовы. Артыкул 50 Канстытуцыі дае яму пэрсанальнае права выбару, у адпаведнасьці з чым ён выбраў для зносінаў беларускую — у тым ліку навучае па-беларуску сваіх дзяцей.

У 2009 годзе Лойка аддаў свайго сына Любарта ў гімназію № 4 — адзіную беларускамоўную гімназію ў Фрунзенскім раёне. Аднак ужо зь першых дзён заўважыў, што назва на шыльдзе не адпавядае рэальнасьці, бо вучні не навучаныя гаварыць па-беларуску. Заяўнік робіць выснову, што кіраўніцтва ўстановы і яе заснавальнік у асобе ўпраўленьня адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёну парушаюць ягонае канстытуцыйнае права, фактычна прымушаюць ягонага сына вучыцца ў іншамоўным асяродзьдзі. Таксама ён адзначыў, што настаўнікі гімназіі не вядуць зносінаў на беларускай мове, адпаведна, ня могуць на ёй навучаць сваіх вучняў.

Летась на працу ў гімназію былі прынятыя шэсьць новых настаўнікаў фізкультуры, якія зусім не валодаюць беларускай мовай. Нягледзячы на неаднаразовыя заўвагі, ніякіх захадаў для вырашэньня пытаньня зроблена не было. У выніку, кажа Гэнік Лойка, нічога не засталося, як зьвярнуцца ў суд.

«Ну вядома ж, ні Гоцмана, ні Чарняўскай на судзе не было, а самае галоўнае — і фізкультурнікаў таксама. Затое прыгналі поўную залю — ажно два дзясяткі — настаўнікаў са школы. Замест таго каб ісьці баршчы варыць, прымусілі быць сьведкамі... Такім чынам, прадстаўнікі супрацьлеглага боку падалі хадайніцтва аб спыненьні справы ў сувязі зь яе непадведамнасьцю суду. Маўляў, ня суд вызначае, каму прымаць на працу і звальняць. Натуральна, я быў супраць задавальненьня хадайніцтва. Але суд ухіліўся ад гэтай справы, прэрагатыву парушэньня дзяржаўнага закону аб мовах пакінулі дырэктару — бяры каго хочаш, дзяржава сюды ня ўмешваецца. Канечне, я спадзяваўся, што будзе працэс, і тады падаў бы хадайніцтва на лінгвістычную экспэртызу — ці валодаюць настаўнікі фізкультуры беларускай мовай?»

Суд пастанавіў: з улікам акалічнасьці, што пытаньні арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі, прыманьня на працу і звальненьня работнікаў не падлягаюць разгляду ў судзе, спыніць вытворчасьць па справе ў сувязі зь яе непадведамнасьцю.

Вызначэньне суду напісанае па-беларуску
Вызначэньне суду напісанае па-беларуску

Цягам 10 бліжэйшых дзён Гэнік Лойка зьбіраецца абскардзіць рашэньне першай інстанцыі ў Менскім гарадзкім судзе.

Пакуль жа абаронца роднай мовы ўсьцешаны тым фактам, што ледзь не ўпершыню прымусіў суд загаварыць «па-людзку»: судзьдзя Аляксандар Кузьміч ня толькі вёў паседжаньне на беларускай мове, па-беларуску надрукавана нават вызначэньне:

«Сапраўды, суд адбыўся на беларускай мове, вёў працэс Кузьміч Аляксандар Мікалаевіч. Я напярэдадні ў Фэйсбуку напісаў: самае галоўнае — дамагчыся, каб суд быў па-беларуску. На жаль, толькі гэтага і дамогся (сьмяецца). Зрэшты, таксама не было зразумела, пойдзе дзяржава на такі крок ці не, таму і ставіў сабе такую мэту. Цяпер вось шкадую, што так нізка падняў планку, трэба было акрэсьліваць задачу па максымуме — антураж стварылі, а па сутнасьці нічога разглядаць ня сталі. Насамрэч у гэтай гімназіі, як і ўва ўсёй нашай адукацыі, і ўвогуле ў жыцьці дзяржавы пануе палітыка на жорсткае і няўхільнае вынішчэньне дзяржаўнай беларускай мовы. Таму што ў школе, што ў судзе тэндэнцыі аднолькавыя, нават калі нешта эпізадычна і прыкрываецца роднай мовай».

Гэнік Лойка не выключае, што адзіную беларускамоўную гімназію ў Фрунзенскім раёне паступова падводзяць да самаліквідацыі. І ілюструе сваю заклапочанасьць прыкладамі апошняга дзесяцігодзьдзя. У 2006-м афіцыйная назва ўстановы гучала як «Гімназія № 4 зь беларускай мовай навучаньня». У 2010-м ужо «Нацыянальная гімназія № 4». У 2012-м, калі прымалі Кодэкс аб адукацыі, узьнікла безаблічная абрэвіятура «ДУА» (дзяржаўная ўстанова адукацыі). Заадно ў гімназічны Статут таемна ўводзіцца пункт 3.2 пра «беларускую і рускую мовы навучаньня». У сьнежні 2015-га бацькі дамагліся ад дырэктара прыняцьця загаду № 553, які абавязвае настаўнікаў карыстацца роднай мовай. Аднак ёсьць зьвесткі, што сёньня дакумэнт чарговым разам хочуць перапісаць, каб не пакрыўдзіць прыхільнікаў «двуязычия».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG