Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараскоп Свабоды: Скульптар Гэнік Лойка піша пра надзеі і прагнозы на 2017 год


Гэнік Лойка

Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на наступны год.

Рыбы - Гэнік Лойка, скульптар

З ХVI стагодзьдзя ўсім вядома, што рыбы, плаваючы па моры і ў рэках, чуюць віры свая. Дзе мой вір? Там, дзе чую мову маю беларускую. Вакол яе і снуюцца думкі-мроі-зычэньні.

Зычу і сабе, і ўсім нам бараніць яе. Змаганьне трывае далей! У новым годзе падымемся на новы віток!

Карыстаючыся момантам, хачу зьвярнуцца да народу паспалітага і да кожнага асобна ўзятага беларуса зь невялічкім тэстам. Ён складаецца з двух пытаньняў. Дарэчы, наш знак, знак Рыбы, малюецца таксама зь дзьвюх рыбаў. Прычым яны скіраваныя ў розныя бакі. Пытаньні мае два аднолькавыя. На першы погляд. А калі зірнуць глыбей... Але пачнем па парадку.

Першае пытаньне: «Ці хочаш ты, каб беларусы размаўлялі па-беларуску?» Так! Малойца! І я з табою згодны. Іншага адказу і быць ня можа. Так — адказваюць нават небеларусы, падумаўшы сабе: «Пусть разговаривают на беларусском, никто же не запрещает». Адказ адзін, нягледзячы на тое, што кожны думаў пра сваё. А часьцей і зусім ня думаў. Бяздумны адказ. Але запомнім яго.

Пытаньне другое. Такое ж, як і першае, адно даўжэй цягнецца: «Ці хочаш ты, каб беларусы размаўлялі ня так, як яны хочуць (а як яны хочуць — мы чуем скрозь і штодня), па-расейску, а так, як ты хочаш (а ты хочаш, мы памятаем твой першы адказ, па-беларуску)? Ці ты хочаш навязаць сваю волю ўсім беларусам?»

І вось у гэтым месцы ўяўляю, як зморшчацца ілбы ў нашых інтэлектуалаў. Якія глыбокія развагі паліюцца!

А хочацца яснага адказу «Так!». Кароткага, простага, палкага адказу. Так, як адказаў мне Алесь Бяляцкі, — нават не дачакаўшы, калі я дагавару да канца пытаньне.

Так трымаць!

XS
SM
MD
LG