Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

8-гадовая Аліна, аднаклясьніца нашага Петруся, якую я падводжу да школы, часьцяком кажа: «Люблю матэматыку і ненавіджу белмову». — За што яе ненавідзець, што яна табе зрабіла? — Вучыць трэба.

Дзіўна мне гэта чуць. Я быў сьведкам масавага сыходу рускамоўных зь Літвы ў пачатку 1990-х. Але ні разу ня чуў ад іх — ненавіджу літоўскую. Разумелі, відаць, што яны тут трохі збоку прыпёку. Наежджыя савецкія людзі. Разумелі, мабыць таму, што ўлада там літоўскамоўная і дзяржава літоўскамоўная.

— А хіба можа быць так, што ў літоўскамоўнай дзяржаве ўлада рускамоўная? — запытаўся Маленькі Прынц.

— У Беларусі акурат такая сытуацыя, — адказаў Настаўнік. — Зараз у сеціве ідзе дыскусія пра «школьную моўную траўму», пасьля якой нехта з агідай пачаў ставіцца да беларускай мовы. Маўляў настаўніца-«беларусіца» на ўсё жыцьцё адбіла ахвоту. Тут усе кінуліся расказваць свае гісторыі пра сваіх «беларусіц» — самых розных. Але я памятаю з савецкіх часоў, што тады кепская «беларусіца» была даволі тыповай зьявай.

Мяне асабіста школьная траўма абмінула. Было нешта зусім іншае. Мове мяне, гарадзкога, навучыла вясковае лета. Настаўніца беларускай у 4-й менскай школе дазваляла нам прыносіць магнітафон і «слухаць ціха», а сама кудысьці зьнікала. Зараз даставалася «Камета» — вялікая бабінавая бандура. Так я ўпершыню пачуў «Deep Purple in Rock». Уяўляеце? Хлопчык, які з трох гадоў быў заўсёднікам Менскай опэры, а тут — гукі і гукаспляценьні, якіх я дагэтуль ня чуў ніколі ў жыцьці. Адно з наймагутнейшых уражаньняў… І яно нейкім чынам праз тое, што ўрок быў беларускай мовы, зьвязалася з маім вясковым летам. І такі ўва мне пасяліўся сымбіёз мадэрнай заходняй культуры і беларушчыны.

— Тое, што «беларусіцы» былі такія — гэта таксама наступства, — сказаў Настаўнік. — Вынік таго, што ў сваёй краіне мова гэтай краіны вывучаецца як ня самы абавязковы прадмет. Расейская ў школе заўсёды была на першым месцы. Была і застаецца.

— Выглядае як у акупацыю, — недаверліва падсумаваў Маленькі Прынц.

— Цікава, што і ў першую, і ў другую нямецкія акупацыі ўсе школы ў Беларусі працавалі па-беларуску. А тут нібыта ўсё наадварот. Людзі самі ня хочуць, і акупацыі няма, — сказаў Настаўнік.

— Можа яны проста яе ня бачаць? Так моцна зжыліся з гэтай акупацыяй, што прымаюць яе за свабоднае жыцьцё сваёй краіны і нацыі. Але ж усе прыкметы сьведчаць пра іншае. Усё перавернутае з ног на галаву. А «беларусіцы», наадварот, пастаўленыя ў сытуацыю не настаўніц роднай мовы, а такіх сабе акупацыйных штурмбанфюрэраў, якім трэба сіламоц упіхваць прадмет, якога народ проста ня хоча? Дзіва, што яны такія злыя і абыякавыя, — разважаў Маленькі Прынц.

— Падобна на тое, — уздыхнуў Настаўнік. — Але галоўнае тут тое, што яны са сваім прадметам як бы вылучаныя за рамкі агульнага працэсу. Зусім інакш атрымліваецца, калі ўся школа беларускамоўная.

Блізьнюкі Паўлюк і Янка пайшлі ў беларускамоўную (дакладней, проста беларускую) групу дзіцячага садка. Садок у цэлым рускамоўны, але ёсьць дзьве групы беларускія. Выхавальніцы, дзеці і агульная атмасфэра нагадалі мне колішнія часы, калі ў віленскім мікрараёне Лазьдзінай я дапамагаў сябру Вітасу забіраць з садка ягоную малую. Як апісаць? Уражвала дабразычлівасьць і спакой у тым садку, пэўная ўнутраная культура што дарослых, што малых, ніякага мілітарызму, істэрыкі, дзікунства, якога мабыць жа хапае ў кожным маленькім чалавеку, пакуль ён не адаптуецца да прыязнага жыцьця. Гэта быў эўрапейскі кшталт, хоць яшчэ і ў савецкія часы. І вось цяпер гэтыя групы. Было радасна, што ў нас у сучаснай Беларусі такое ёсьць і хацелася кожнаму дзіцяці пажадаць такіх спадарынь-выхавальніц.

Але ў апошні садаўскі год Паўлюка і Янку перавялі ў рускамоўную групу. Ім патрэбны быў лягапэд, а зь беларускімі дзеткамі садаўскі лягапэд не працаваў. Увадначасьсе зьмянілася ўсё. Выхавальніцы, дзеці, атмасфэра. Залётны фатограф прапаноўваў здымкі дзяцей у вайсковай форме з аўтаматамі, выхавальніцы скардзіліся бацькам, што Паша і Ваня наадрэз не падпарадкоўваюцца ім, ад іншых дзетак малыя набіраліся агрэсіі, істэрыкі, кола інтарэсаў зводзілася да стралялак, сісек і пісек. Дадому з садка сталі прыходзіць маленькія барыгі. Праўда, дома Паша і Ваня зноў ператвараліся ў звычайных Паўлюка і Янку. Але кантраст з папярэдняй групай ўражваў не на жарт.

— Хочаш сказаць, калі б усе садкі раптам сталі беларускамоўнымі, зьмянілася б і якасьць публікі ў краіне — стала б меней барыг?

— Думаю, так, бо мой прыклад узяты з рэальнага жыцьця. Але адных садкоў і школ для поўнамаштабнага выніку было б недастаткова. Трэба было б, каб публіка перастала глядзець мілітарна-істэрычную расейскую тэлевізію. А калі ты ведаеш усіх яе пэрсанажаў і суперажываеш ім (адначасова ня ведаючы і не суперажываючы сваім, беларускім), калі ўключаеш у машыне мясцовыя нібыта недзяржаўныя фм-станцыі – усе на адзін твар – і адлятаеш кудысьці ў Варонеж, у расейскую правінцыю — не з-за мовы нават, а з-за інтанацыі, якая проста не пасуе краявідам за вакном, калі дзеці ў беларускай гімназіі на школьным ранішніку пяюць пра «родные невские мосты»…

— Ты быццам бы жывеш у Расеі? – дагаварыў сказ Маленькі Прынц.

— Так, але толькі быццам бы. Ты ж не жывеш у Расеі, якая табе такая свая. Фізычна ты жывеш у Беларусі, — сказаў Настаўнік.

— Якая табе несвая? — удакладніў Маленькі Прынц.

— Дакладна, — пагадзіўся Настаўнік. — Не забывайся, што ў той гісторыі пра траўму было два бакі. «Беларусіца» і той, хто траўму атрымаў. Ад яго тут таксама сёе-тое залежыць. Бо моўную траўму можна атрымаць толькі ў несваёй краіне. Ты жывеш тут, але і ня тут. Мазгамі і душой ты жывеш за тысячу кілямэтраў, у расейскай правінцыі. «Ёлочки-сосеночки зелёные колючие». Усё табе такое звыклае і роднае. А тут адчыняюцца дзьверы і ўваходзіць беларусіца…

Працяг будзе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG