Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

Едуць у цягніку адзін насупраць аднаго дзядзька-пасажыр і сьвятар. Дзядзьку з выгляду гадоў шэсьцьдзесят. Ён доўга маўчыць і ўрэшце рашаецца скарыстацца выпадкам, спытвае ў сьвятара: «Скажы, бацюшка, а ў чым быў сэнс майго жыцьця? Галоўныя гады я пражыў, а навошта — так і не зразумеў». Задумаўся сьвятар, зазірнуў дзядзьку ў вочы, нібы ў самую душу, і кажа: «А помніш, сын мой, у 1979-м пад восень ехаў ты ў цягніку “Адлер — Рыга” з Гомеля ў Менск?» «Езьдзіў я шмат, — сумеўся дзядзька, — але насамрэч нешта такое прыпамінаю». Сьвятар: «І ў дарозе пайшоў ты ў вагон-рэстаран перахапіць». Дзядзька: «Магло быць, дакладна не скажу, хаця…» Сьвятар: «А за суседнім столікам сядзела кампанія…» Дзядзька: «Дапусьцім…» Сьвятар: «І жанчына з той кампаніі папрасіла цябе перадаць соль». Дзядзька: «І я перадаў?» Сьвятар: «Перадаў». Дзядзька: «І што?» Сьвятар: «Усё. Гэта адказ на тваё пытаньне».

— Ржунімагу, — зь недаверам сказаў Маленькі Прынц. — Сэнс жыцьця — каб аднойчы перадаць соль. Невядома каму, дзе і калі. Насьмяшыў.

— Сапраўды, ржака, — сказаў Паэт. — Але ж не крухмал яго папрасілі перадаць, а соль, разумееш? Насамрэч гэта вельмі глыбокая показка пра сэнс жыцьця. Пра сэнс усяго існага. Вось ты — ведаеш, у чым сэнс? Без адказу на гэтае пытаньне я не змагу табе растлумачыць, навошта айцы-заснавальнікі стварылі БНР.

— Некаторыя лічаць, што ніякага сэнсу й не было.

— У іх шмат прычын так лічыць. Пра глупства не скажу, сяму-таму за гэта нават грошы плацяць. Але праўда ў тым, што большасьць беларусаў пра БНР нічога ня толькі ня лічыць, але й ня ведае. А пакуль ты ня ведаеш, што бывае каўбаса вышэйшага гатунку, ты можаш усё жыцьцё набываць «продукт, содержащий мясо», шлункі, і гэта будзе табе смакаваць.

— Ну ты ж ведаеш. Адкуль?

— Бо сам быў такі — поўная даўбешка ў гісторыі сваёй краіны і ў тым, хто я такі сам. Аж пакуль у студэнцкія гады не пачаў слухаць Радыё Свабода і чытаць кніжкі. Божа мой, скончыў сярэднюю школу, вучуся ва ўнівэры, а зялёнага ўяўленьня пра асноўныя рэчы нуль. А тут як прабіла. І нічога ня трэба было тлумачыць, проста ўсмоктваць як вяхотка цэлы масіў ведаў, якіх бракавала ў базавай камплектацыі. Але й веды тут не галоўнае. Галоўнае — тая самая соль. Важна каб табе яе перадалі. Як казала паэтка Тацяна Сапач: «Я ведаю, што наша гісторыя багатая і слаўная, і гэтага мне дастаткова».

Ты можаш быць чалавекам з цалкам іншае опэры, але… Вось вам показка, ужо з уласнага жыцьця. Мінулы Дзень Волі, 25 сакавіка. Спрабую пранікнуць да Акадэміі навук. За плошчай Калініна мінаю першы кардон амону, другі, трэці стаіць плячо ў плячо і патрабуе акрэдытацыі. У мяне бяз шанцаў. Павяртаю назад, зноў праходжу тыя два кардоны і бачу Пампона. Стары рокнрольшчык, грамадзянін сусьвету, дзіця сонца… Ну і мой сябра, дарэчы. Але тут ён быў апошнім, каго я чакаў пабачыць. Спакойна ідзе насустрач з усьмешкай на ўвесь твар. Вітаемся. Пампон: «Што, глуха?» «Глуха» — адказваю. Мы разварочваемся і памалу рушым у адваротны бок. Толькі сьпінамі чуем, што ззаду пад’ехалі аўтазакі, амон пачаў хапаць усіх без разбору. Але мы ўжо выйшлі з зоны хапуна. Пампон, наіўны, канечне, кажа: «Слухай, а яны ва ўсіх, каго схопяць, робяць ператрус?» «Напэўна» — адказваю. «Опс, — спыняецца на хвілю Пампон. — А ў мяне ж дома травы-ы-ы…»

— Хочаш сказаць, што іскарка трапляе ў душу ўсякага чалавека, які тут жыве і каму неабыякава, — дадумвае Маленькі Прынц.

— Менавіта, іскарка. Ні на якія дармаеды ці Чарнобыль ці палітыку такі чалавек на плошчу ня выйдзе. А 25 сакавіка — іскарка.

— Дык а пры чым сэнс жыцьця?

— Пры тым, што ён у перадачы энэргіі. Нарадзіць дзіця, пасадзіць дрэва, збудаваць дом, напісаць кнігу… Як ты ні адкажаш, сэнс — перадаць энэргію. І калі стварылася БНР — гэта было ўсё разам, і дзіця, і дрэва, і кніга, і дом… І гэта была праўдзівая энэргія, інакш тысячы людзей не імкнуліся б рабіцца яе лініямі электраперадач, гінуць або цярпець за гэта, як Ларыса Геніюш. Ведаеш, калі Геніюш за БНР адправілі ў ГУЛАГ, яна і там пісала вершы. Зэкі чыталі іх для адхланьня і называлі вершы глюкозай.

— Ты хочаш сказаць, што Геніюш пасадзілі за вершы? Так бывае?

— Казалі, што яна была захавальніцай архіваў БНР і нібыта адна ведала, дзе іх схавалі. З чаго б гэта для кадэбістаў ды яшчэ пасьля вайны так важныя былі архівы нейкай БНР, у якой «не было сэнсу», як ты думаеш? Тым ня менш, так было, і дапытваў Геніюш сам тутэйшы клон Берыі — Цанава. Хоць, я думаю, што ўпяклі яе на 25 гадоў усё ж такі за вершы. Бо вершы — найлепшыя праваднікі энэргіі. У кнізе Пашы Севярынца «Люблю Беларусь» няма постаці Ларысы Геніюш. Хоць яна, на мой розум, найвялікшая беларуска ўсіх часоў, і любіць Беларусь бяз Геніюш немагчыма. Гэта будзе культ або фэтыш, або яшчэ нешта, толькі не любоў.

Паэт паглядзеў кудысьці ўдалеч і сказаў:

— БНР — гэта сэнс жыцьця беларускай нацыі. Нішто іншае на гэтай зямлі не спараджала такога энэргетычнага пасылу, які б даходзіў і праз сто гадоў да такіх, як я, як іншыя, як Пампон, і якія б проста з нуля так натуральна пачыналі трансьляваць гэта далей. Людзі добра адчуваюць, дзе соль, а дзе крухмал.

— І нехта замест солі перадае крухмал? — зьдзівіўся Маленькі Прынц.

— Мабыць, так задумана. Можна перадаваць энэргію дабра, але гэтаксама можна перадаваць і энэргію зла. Зрэшты, не. Энэргія зла, відаць, сядзіць у чалавеку ад ягонай зьвярынай прароды сама. А вось энэргію дабра трэба ўвесь час здабываць, вырабляць і перадаваць далей.

Працяг будзе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG