Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаецца колішні самалёт Лукашэнкі. Колькі за яго просяць


Аляксандар Лукашэнка выходзіць з самалёта ў суданскай сталіцы Хартум, 2017 год
Аляксандар Лукашэнка выходзіць з самалёта ў суданскай сталіцы Хартум, 2017 год

Авіякампанія «Белавія» выстаўляе на продаж самалёт TУ-154M, які раней выконваў ролю прэзыдэнцкага борту № 1. ​Таргі маюць адбыцца празь месяц, 5 сьнежня. Пра гэта паведамляе Менскі гарадзкі цэнтар нерухомасьці.

У паведамленьні ўдакладняецца, што паветранае судна 1995 году выпуску, яно знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Таксама ўказваецца бартавы нумар — EW-85815. Ён адпавядае колішняму борту № 1, якім нейкі час у другой палове 1990-х карыстаўся Аляксандар Лукашэнка, а пасьля быў перададзены пад патрэбы ўрадавых дэлегацый.

Пачатковы кошт лоту — 4 мільёны 300 мільёнаў рублёў, або крыху больш за 2 мільёны даляраў у эквіваленце. У якасьці задатку неабходна ўнесьці 10% ад сумы.

Сам Аляксандар Лукашэнка раней тлумачыў, што вымусіў адмовіцца ад расейскіх самалётаў у зьвязку зь іх маральнай састарэласьцю — маўляў, з-за ўзроўню шуму і выкідаў не пускаюць на Захад. Дзеля справядлівасьці, туды беларускага кіраўніка не асабліва і запрашаюць, але гэта стала нагодай для пераўзбраеньня авіяпарку.

У канцы 1990-х у амэрыканскім Сыэтле адмыслова для Лукашэнкі быў выраблены Boeing 737 (EW-001PA), а ў 2012-м бортам №1 стаў Boeing-767 з ангару колішняга прэзыдэнта Туркмэністану Сапармурада Ніязава.

У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка падрабязна расказваў карэспандэнту Свабоды пра свой авіяпарк.

«Што тычыцца самалётаў дарагіх, то самалёты танна не каштуюць. І, каб вы ведалі: у прэзыдэнта самалёт — 3-5 гадоў, і яго мяняюць. А ў мяне — віцэ-прэм’ер на ім часам лётае — самалёт ТУ-154, які ня ўсюды пускаюць, ён да гэтага часу лётае. І тое, што мы купілі ў туркмэнскага боку самалёт, то вы, як чалавек, беларус павінны былі сказаць: „Не, ты не павінен бэушны самалёт купляць, гэта прэстыж краіны. Ты павінен новы купіць самалёт!“ А я — для таго, каб зэканоміць, паколькі новы самалёт у 2,5 разы даражэй, чым той, што прадаў нам туркмэнскі бок. Каб зэканоміць. Год беражлівасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG