Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка знаёміўся з IT: ад «сьметніцы» і «мацерных словаў» да «пляфонаў» і «лічбавізацыі»


Аляксандар Лукашэнка наведвае Парк высокіх тэхналёгіяў, 2017 год

Аляксандар Лукашэнка, відавочна, не фанат высокіх тэхналёгіяў. За 25 гадоў прэзыдэнцтва яго ня бачылі са смартфонам, ён не вядзе Twitter, а кампутар на ягоным стале ў Палацы незалежнасьці ні разу не паказвалі ўключаным.

Мы праверылі. Знайсьці кадры, дзе Лукашэнка карыстаўся б смартфонам ці кампутарам, не ўдалося: нават калі яму летась дэманстравалі «смартфон КДБ», ён не пакруціў апарат у руках (прынамсі перад камэрай). Калі ён некаму тэлефануе, дык са стацыянарнага апарата (нават у верталёце).

Аляксандар Лукашэнка размаўляе па тэлефоне ў верталёце, 2017 год
Аляксандар Лукашэнка размаўляе па тэлефоне ў верталёце, 2017 год

На відэа прэзыдэнцкай прэс-службы з кабінэту Лукашэнкі манаблёк Apple iMac ні разу не ўключаўся і, падобна, не мяняўся з 2014 году, калі быў упершыню заўважаны. Але стаўленьне Лукашэнкі да высокіх тэхналёгіяў паступова мянялася.

Першыя 15 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнка, прынамсі публічна, не зьвяртаў увагі на кампутары, інтэрнэт, тэлефоны і смартфоны. Але пад канец «нулявых» ён стаў нэгатыўна выказвацца пра сеціва. Напрыклад, так:

2009 год: «Паглядзіце на гэтую так званую сьметніцу, інтэрнэт. Туды наогул небясьпечна дзяцей пускаць! Нават нам, дарослым людзям, небясьпечна туды заходзіць. Гэта жахлівыя рэчы».

Налета інтэрнэт зазнаў праблемы з законам у Беларусі: Лукашэнка выдаў указ №60, які абавязаў рэгістраваць разьмешчаныя ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы, узгадняць пракладку тэлекамунікацыяў, а таксама вызначаць асобу карыстальніка праз пашпарт. На крытыку таго ўказу ён адказаў так:

2010 год: «Калі мы заняліся цяпер інтэрнэтам, то ўбачылі свае магчымасьці. І сёньня мяне крытыкуюць за ўказ аб інтэрнэце не таму, што тут дыктатура, а таму што мы грошы, мільёны даляраў забіраем у тых, хто калісьці карыстаўся нашым становішчам, геаграфічным у тым ліку, і нашымі магчымасьцямі, кішэні набівалі».

Тады ж Лукашэнка зацікавіўся інфармацыйнай бясьпекай. Але агучанае ім пытаньне актуальнае і празь дзевяць гадоў:

2010 год: «Сёньня інтэрнэт ідзе праз Маскву, іншыя дзяржавы. Асноўны „мозг» інтэрнэту павінен быць тут, у Беларусі. Чаму мы мусім аддаваць свае грошы?»

У тым самым годзе ягонага малодшага сына Мікалая ўпершыню заўважылі зь белым iPhone. Лукашэнка стаў казаць, што сын лепей за яго разьбіраецца ў тэхніцы.

2011 год: «Магу пальцамі тыкаць у айпады, але гэта не прэзыдэнцкая справа, павінна быць клясыка, прэзыдэнт павінен быць кансэрватыўным. [...] Дай мне камп і скажы: знайдзі што-небудзь. Мой сямігадовы хлопец гэта зробіць цягам некалькіх хвілінаў, калі ёсьць такое мацернае слова, як вай-фай. А я — не».

У наступныя гады Аляксандар Лукашэнка стаў часьцей цікавіцца высокімі тэхналёгіямі. І яны яго насьцярожвалі.

2011 год: «Асаблівай увагі з боку пэдагогаў і бацькоў патрабуюць пытаньні кантакту моладзі ў інтэрнэце, і ў першую чаргу ў так званых сацыяльных сетках. У руках злачынцаў яны здольныя стаць небясьпечнай зброяй, у чым на ўласным сумным досьведзе пераканалася не адна эўрапейская краіна. [...] Нават такія даброты цывілізацыі, як інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, пераўтвараюцца ў сродак маніпуляцый грамадзкай думкай».

Пад канец 2014 году Лукашэнка падпісаў «антынаркатычны дэкрэт», які меў «пабочны эфэкт»: беларускія ўлады атрымалі права ня толькі блякаваць сайты з «чорнага сьпісу», але і сродкі доступу да іх. Праўда, калі паспрабавалі, атрымалася наадварот: блякаваньне Tor у канцы 2016-га толькі падвысіла колькасьць ягоных карыстальнікаў. Ад 1 студзеня 2016 году беларускія правайдэры сталі абавязаныя захоўваць зьвесткі пра наведаныя карыстальнікамі сайты.

У тым самым годзе неадназначна напісаны ўказ Лукашэнкі можна было ацаніць як забарону мэсэнджараў кшталту Skype і Viber (званкі на гарадзкія і мабільныя тэлефоны праз IP-тэлефанію, а таксама праграмы, якія дазваляюць іх рабіць, прызнаныя незаконнымі). Але мэсэнджары не заблякавалі.

Лукашэнка ўсё яшчэ ставіўся насьцярожана да высокіх тэхналёгіяў, але, хоць і выказваў раздражненьне некаторымі аспэктамі, прызнаваў іх важнасьць.

2016 год: «Вось гэтыя ўсякія гаджэты, айфоны, пляфоны і іншае, гэта будзе прыносіць багацьце ў будучыні. [...] У сацсетках я не сяджу... У гэтых сэнсе я не зьяўляюся паказьнікам прасунутага прэзыдэнта. Вельмі раўніва стаўлюся да інтэрнэту, таму што для мяне кніга, друкаванае слова — гэта сьвятое. І калі інтэрнэт пачынае цалкам зацягваць чалавека ў сваё павуціньне, мяне гэта вельмі хвалюе і насьцярожвае. [...] Я не інтэрнэт-залежны чалавек. Інтэрнэт — гэта вялікая выгода, але зь вялізнымі недахопамі [...] Для мяне галоўны клопат — як з гэтых сетак малога [сына Мікалая] вырваць, каб ён менш там сядзеў. Пакуль атрымліваецца. Часам ён кажа: „Мне трэба знайсьці інфармацыю, у школе даручылі». Дзьве хвіліны інфармацыю шукае, а гадзіну гуляе ў танкі».

Ён стаў актыўней заклікаць «зьвярнуць увагу» на інтэрнэт, але, як сьцьвярджаў, не дзеля таго, каб «дзесьці закрыць інтэрнэт, нейкія нават сайты і рэсурсы „пятай калёны“», а каб спыніць «гэты дэструктыў — суіцыды і іншае». Таксама ён пачаў турбавацца з нагоды «гібрыдных войнаў», бо «сёньня людзі стаміліся ад інфармацыйнага сьметніку, у які нас спрабуюць акунуць, выкарыстоўваючы сусьветнае павуціньне».​

2017 год: «У імя гэтай самай маральнасьці, абароны правоў грамадзян на праўдзівую інфармацыю дзяржава мае права прымяняць нормы і сілу закону. Інфармацыі, якая разбурае асобу, павінны ставіцца надзейныя бар’еры».

На мяжы 2017 і 2018 гадоў былі афіцыйна заблякаваныя сайты двух папулярных апазыцыйных СМІ: «Беларускага партызана» і «Хартыі-97» (да таго блякавалі і іншыя СМІ, але або неафіцыйна, або часова). Праўда, абодва засталіся дасяжнымі праз альтэрнатыўныя адрасы і праграмныя сродкі ананімнасьці.

Прыблізна ў 2016/2017 годзе ў Лукашэнкі зьявіўся другі пасьля сына «праваднік у ІТ». У 2017 годзе Лукашэнка сустрэўся зь вядомым ІТ-прадпрымальнікам Віктарам Пракапенем, які да таго перажыў 10 месяцаў у няволі. Іхнае знаёмства, пэўна, стала значным штуршком да прыняцьця «ІТ-дэкрэту», натхняльнікам якога называюць Пракапеню.

Пазьней Лукашэнка прызнаваўся, што, калі падпісваў дэкрэт, «не асабліва напружваўся». Але пачаў казаць пра пабудову ў Беларусі «ІТ-краіны», а айцішнікам заяўляў: «Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў».

Недавер да тэхналёгіяў захаваўся, але зьявілася разуменьне, што ІТ-сфэра прыносіць грошы.

2018 год: «iPhone у кішэні ў мяне няма, я шчыра кажу. Калі б вы ведалі, што такое iPhone, вы б таксама не карысталіся. Майце на ўвазе: калі вы маеце гэты тэлефон, сёньня ёсьць праграмы, габрэі-ізраільцяне вынайшлі: ваш кожны крок кантралюецца за тысячу кілямэтраў. У Чачэніі Дудаеў, па-мойму, калі быў, яго забілі дзякуючы тэлефону».

2019 год: «Інфармацыйная бясьпека — пытаньне стратэгічнай важнасьці. Але размовы пра „асобны, унутраны інтэрнэт», як некаторыя робяць, — бязглузьдзіца поўная. Гэта лухта, што інтэрнэт трэба закрываць, да мяне ўжо прыходзяць з такімі прапановамі. Працуйце ў інтэрнэце! Калі вы будзеце там працаваць да зьнясіленьня і ўжо паваліцеся, тады прыходзьце. Але вы ж там і не былі толкам! „Дохлая апазыцыя» мяне не палохае, але ўсім іншым „змагарам» трэба даваць адэкватны адказ».

2019 год: «Калі ўчора інтэрнэт рэчаў быў чымсьці абстрактным, то сёньня абмен зьвесткамі ў аўтаматычным рэжыме, без удзелу чалавека паміж рознымі сыстэмамі ў ЖКГ, прамысловасьці, транспарце, лягістыцы стаў абсалютнай рэальнасьцю. Больш за тое, тэлекамунікацыі проста неаддзельныя ад лічбавай трансфармацыі эканомікі».

Аляксандар Лукашэнка наведвае Парк высокіх тэхналёгіяў, 2019 год
Аляксандар Лукашэнка наведвае Парк высокіх тэхналёгіяў, 2019 год

У «дэбатах зь яйкагаловымі», як казаў Лукашэнка, ён урэшце прыйшоў да высновы:

«Гэта ўся лічбавізацыя, кампутары будуць служыць чалавеку. Ня трэба перад сабой, як штору, вывешваць гэтую лічбавізацыю ды іншыя паняцьці, мацерныя і нямацерныя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG