Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хайп мінуў, і што далей? Што адбылося за паўгода, як ІТ-дэкрэт набыў моц


Дзякуючы дэкрэту № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» Беларусь стала адной зь першых краін, дзе дазволілі бухгальтарскі ўлік віртуальных валют. Што зьмянілася амаль праз год пасьля падпісаньня дакумэнту і праз паўгода ад яго ўступленьня ў сілу? Удзельнікі нядаўняй міжнароднай канфэрэнцыі Blockchain & Bitcoin у Менску лічаць, што гэта толькі пачатак працэсу.

Пік папулярнасьці Беларусі мінуў

У сьнежні 2017 году Беларусь адной зь першых у сьвеце легалізавала крыптавалюты і зрабіла прадказальным рэгуляваньне апэрацый зь імі.

Так краіна здабыла сусьветную вядомасьць. У Беларусь пачалі больш актыўна прыходзіць замежныя тэхналягічныя кампаніі (хоць і не ІТ-гіганты кшталту Google і Microsoft), а колькасьць кампаній-рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, якія маюць падатковыя льготы, сёлета вырасла ўдвая.

«Але хайп мінуў — мы можам назіраць гэта па статыстыцы запытаў да нас», — кажа Алена Мурашка, партнэр юрыдычнай кампаніі Revera, кіраўніца карпаратыўнай практыкі і адвакат.

Алена Мурашка
Алена Мурашка

Першая хваля зваротаў замежных кампаніяў назіралася пасьля падпісаньня дэкрэта ў сьнежні, другая — пасьля ўступленьня яго ў сілу ў сакавіку.

«За 10 месяцаў, безумоўна, мы пабачылі цікавасьць з краінаў Азіі, было шмат расейцаў. Але адбываецца спад як агулам на рынку, так і ў краіне», — лічыць Антон Кулічкін, сябра Angels Band — асацыяцыі беларускіх бізнэс-анёлаў, якія займаюцца інвэставаньнем у стартапы на пачатковым этапе.

«Мы прыцягнулі ўвагу да краіны, і гэта прыемна для мяне як патрыёта. Пазытыўна, што ўжо ідзе самае простае — апэрацыі фізычных асобаў. Яны набываюць токены і адчуваюць, што да іх няма асаблівай увагі. Але дэкрэт дагэтуль працуе ў адносінах да крыптавалют толькі на 10%», — кажа Аляксандар Лобзень, выканаўчы дырэктар у кампаніі Cryptocode і ўдзельнік блокчэйн-асацыяцыі Беларусі «Тэхналёгіі разьмеркаваных рэестраў».

Аляксандар Лобзень
Аляксандар Лобзень

За што крытыкуюць ІТ-дэкрэт

Як сьцьвярджалі экспэрты канфэрэнцыі Blockchain & Bitcoin, падзаконных актаў да дэкрэту № 8 не хапае, няма асноўных рухавікоў гэтага працэсу, у прыватнасьці крыптавалютнай біржы і абменьнікаў. Да таго ж не хапае экспэртаў ды юрыстаў, кампэтэнтных прадстаўнікоў дзяржорганаў.

«Мне падаецца, патрэбны чыноўнік, які б адказваў не за рэгуляваньне, а за зарабляньне грошай. Ёсьць прагрэсіўны ПВТ, але ён ня мае ўплыву на Нацбанк ці міністэрствы. А дэкрэт не бясконцы, ён дзейнічае да 2022 году», — камэнтуе Антон Кулічкін.

Прамаўляе Антон Кулічкін
Прамаўляе Антон Кулічкін

Тым часам у сьвеце зьяўляюцца больш гнуткія і больш зацікаўленыя ў заробку юрысдыкцыі. Такая гнуткасьць не павінна ператварыцца ў залішнюю лібэралізацыю, бо, на думку юрыста Алены Мурашкі, гэта спрыяе зьяўленьню махляроў.

Гаворка ідзе пра адмываньне грошай і распаўсюд лічбавых варыянтаў фінансавых пірамідаў, разьвіцьцё крыптавалютаў і абменьнікаў, якія трапляюць у чорныя сьпісы як ненадзейныя.

«Хочацца [разьвівацца] хутка, але лепш трымацца залатой сярэдзіны», — мяркуе Мурашка.

Прыйшоў час сурʼёзнай працы

Нельга сказаць, што дэкрэт працуе павольна, упэўнены Дзьмітры Мацьвееў, партнэр у юрыдычнай кампаніі Aleinikov&Partners, якая актыўна ўдзельнічала ў распрацоўцы ІТ-дэкрэту. На думку Мацьвеева, сем месяцаў — вельмі малы тэрмін.

Дзьмітры Мацьвееў
Дзьмітры Мацьвееў

«Проста сьвет больш складаны, чым лічаць энтузіясты. Возьмем швайцарскі Цуг — крыптарай, дзе біткойнамі можна нават аплаціць дзяржпаслугі. Але навіна пра першы крыптахэджфонд (біржу. — РС) зьявілася толькі цяпер. Працэс ідзе павольна паўсюль, і нашыя правілы, якіх у большасьці краінаў няма, — някепскі крок. Засталося дачакацца, калі выбухне блокчэйн-эканоміка (заснаваная на дэцэнтралізаваным захоўваньні дадзеных. — РС)», — кажа ён.

Яшчэ год таму нават ненадзейная кампанія магла хутка сабраць вялікую суму і потым не рэалізаваць свой праект.

«Тая хваля сышла, і засталіся грунтоўныя праекты, якія чакаюць правілаў для [інвэставаньня ў крыптавалюце праз] ІСО і для іншых сфэраў. Трэба працаваць, і абавязкова зьявяцца праекты, за якія будзе ня сорамна перад усім сьветам», — працягвае юрыст.

Разам з хваляй папулярнасьці крыптавалют зьнікае і інтарэс дзяржавы. Аляксандар Лобзень упэўнены: дзяржава не зацікаўленая дапамагаць у разьвіцьці гэтай сфэры.

«Дзяржава не зарабляе на ІТ-дэкрэце наўпрост і ня мае стымулу шмат інвэставаць у яго. Яна атрымае грошы, калі тыя ўжо прыйдуць у краіну», — тлумачыць ён.

«Першы крок зроблены: у ПВТ ужо ёсьць дзясятак кампаніяў-рэзыдэнтаў, якія пазыцыянуюць сябе як распрацоўнікі на блокчэйне. І калі заўтра зьявяцца правілы, гэтыя кампаніі рэалізуюць бізнэс-праект хутчэй, чым тыя, хто толькі пачне іх ствараць», — кажа Алена Мурашка.

Удзельнікі канфэрэнцыі Blockchain & Bitcoin
Удзельнікі канфэрэнцыі Blockchain & Bitcoin

Што такое крыптаэканоміка

Якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае ПВТ?

«Ён падымае кампаніі і дапамагае разьвівацца, але ня мае інструмэнтаў уплыву на Нацбанк, Мінфін і Мінсувязі. Не ПВТ зрабіўся вузкім месцам, ён адкрыты да дыялёгу», — кажа Антон Кулічкін.

Справа не ў ПВТ, а ў самой экасыстэме, лічыць юрыст Мацьвееў. Парк — частка гэтай сыстэмы, існаваньне якой рэгулюе ІТ-дэкрэт.

«Большая частка крыптаэканомікі — спроба аднавіць [эканамічную] сыстэму, якая ўжо існуе некалькі соцень год, але на новай тэхналягічнай плятформе. „Нарматыўка“ ня можа зьявіцца надзвычай хутка: калі пісалі дэкрэт, не было яшчэ ніводнай судовай справы, зьвязанай з крыптавалютай. Яны зьявіліся нашмат пазьней і далі шмат інфармацыі пра тое, як працуе крыптабізнэс знутры».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG