Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крыптавалюты ўжо выканалі сваю ролю — прыцягнулі ўвагу сьвету да Беларусі», — адзін з аўтараў ІТ-дэкрэту


Дзяніс Алейнікаў. Фота: GEW Belarus
Дзяніс Алейнікаў. Фота: GEW Belarus

28 сакавіка ўступае ў сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 21 сьнежня. Што ўжо ўдалося рэалізаваць на практыцы з абвешчанага ў дакумэнце, і чаго чакаць у бліжэйшай пэрспэктыве?

На гэтую тэму карэспандэнт Свабоды пагутарыў з адным з распрацоўшчыкаў ІТ-дэкрэту, адвакатам, старшым партнэрам юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і Партнэры» Дзянісам Алейнікавым.

«Ідэя Міністэрства лічбавай эканомікі своечасовая»

— Прайшлі тры месяцы пасьля падпісаньня ІТ-дэкрэту, які нарабіў многа шуму. Што зроблена за гэты час?

— Дзякуючы гэтаму рашэньню прэзыдэнта вырас давер да краіны Беларусь. Гэта галоўнае.

ПВТ прыняў у рэзыдэнты амаль 50 кампаній за раз, гэта траціна ад колькасьці прынятых за папярэднія 12 гадоў. Нехта з кухань прыйшоў, нехта з ЗША прыехаў, з Расеі.

Юры Мельнічак (заснавальнік стартапаў Maps.me і Fabby. — РС) на гэтай хвалі стварыў першую беларускую вэнчурную кампанію для падтрымкі стартапаў — Bulba Ventures. Віталь Валянюк робіць небывалы па маштабах міжнародны форум у «Менск-арэне» пад лёзунгам From High Tech Park to High Tech Nation («Ад Парку высокіх тэхналёгій да высокатэхналягічнай нацыі». —​ РС). Маральны пад’ём небывалы ў крэатыўнай клясы. І гэта яшчэ дэкрэт не ўступіў у сілу. Гэта толькі пачатак.

Што тычыцца рэгуляторыкі, то дзяржорганы і працоўная група пад эгідай Парку высокіх тэхналёгій зрабілі ўсё, што было заплянавана.

Па-першае, прынятыя правілы бухгальтарскага ўліку крыптавалюты і іншых токенаў. Дзеля процідзеяньня легалізацыі грашовых сродкаў прынятыя правілы працы банкаў з крыптабіржамі, крыптаабменьнікамі і правілы правядзеньня апэрацый з токенамі.

Падрыхтаваныя зьмены ў закон аб процідзеяньні легалізацыі грашовых сродкаў. Згодна зь імі прызначаны орган, які будзе ажыцьцяўляць кантроль і нагляд за дзейнасьцю крыптаапэратараў, — Міністэрства сувязі.

Калі мы кажам пра ІТ і лічбавую эканоміку, то маем на ўвазе не ПВТ, а ўсю краіну

І потым, магчыма, калі будзе рашэньне кіраўніка краіны, зьявіцца Міністэрства лічбавай эканомікі. Мы лічым, што такая ідэя вельмі своечасовая. Бо калі мы кажам пра ІТ і лічбавую эканоміку, то маем на ўвазе ня Парк высокіх тэхналёгій, а, відавочна, усю краіну.

Парк — гэта маленькая частка лічбавай эканомікі і наагул не дзяржаўны орган. Ён можа перадаць такому міністэрству і краіне ўнікальны вопыт. У Беларусі выпрацоўваюцца рашэньні для лічбавай трансфармацыі перадавых бізнэсаў, якія знаходзяцца далёка за межамі Беларусі.

Лічбавая трансфармацыя тычыцца ўсіх працэсаў у краіне. Гэта і адукацыя, і транспарт, і ахова здароўя, і гэтак далей. І каб сыстэмна, комплексна займацца трансфармацыяй лічбавай эканомікі ў цэлым, каардынаваць дзейнасьць усіх органаў, у тым ліку і нарматворчую, павінен быць адзіны орган.

— Што можна будзе рабіць з 28 сакавіка, а што не?

— 38 відаў дзейнасьці дазволіць ажыцьцяўляць новы рэжым Парка — ад распрацоўваньня сыстэм бесьпілётнага кіраваньня транспартнымі сродкамі да адукацыйнай дзейнасьці па падрыхтоўцы ІТ-спэцыялістаў.

«Ня трэба сьпяшацца з запускам крыптавалютных апэратараў»

— А калі пачнуць працаваць крыптаплятформы і іншыя апэратары крыптавалют?

— Тады, калі зьявяцца крыптаплятформы, дзейнасьць якіх адпавядае патрабаваньням заканадаўства Беларусі і міжнародным абавязаньням краіны, уключаючы рэкамэндацыі FATF (Групы распрацоўваньня фінансавых захадаў дзеля барацьбы з адмываньнем грошай).

Апэратары, якія працуюць з крыптавалютай, уступаюць у ПВТ гэтаксама, як і ўсе іншыя кампаніі. Яны пішуць бізнэс-плян, прадстаўляюць пакет дакумэнтаў і праходзяць працэдуру прыёму. У Парку цяпер вельмі добра пастаўленая праца з кандыдатамі — усё хутка, празрыста і бязь нейкіх перашкод. Гэта паказаў першы набор гэтага году.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

Зь іншага боку, тыя кампаніі, што хочуць займацца абменам крыптавалют або ICO, павінны быць добрасумленнымі і празрыстымі — каб былі абароненыя правы інвэстараў і простых грамадзян.

З празрыстасьцю абменьнікаў крыптавалютаў у сьвеце цяпер цяжка

Але гэта нармальнае, цывілізаванае патрабаваньне, і ўвесь сьвет сёньня разумее, што да гэтага трэба ісьці. Таму ёсьць пэўныя патрабаваньні, якія перш за ўсё тычацца празрыстасьці і барацьбы з адмываньнем сродкаў, якія падобныя кампаніі павінны выконваць.

У Парку група энтузіястаў вядзе актыўную плянавую працу па падрыхтоўцы стандартаў дзейнасьці апэратараў, якія працуюць з крыптавалютамі: апэратараў IСO, апэратараў крыптаплятформаў, апэратараў абменьнікаў. Гэтыя стандарты — не нарматыўнае рэгуляваньне і не патрабаваньне дэкрэту, а ініцыятыва бізнэсу па самарэгуляцыі і выпрацоўцы стандартаў дзейнасьці.

Мы ня думаем, што трэба сьпяшацца з запускам новых крыптавалютных апэратараў. Важна вытрымліваць тую высокую плянку, якую Беларусь задала адпачатку гэтым дэкрэтам. То бок мы пайшлі наперадзе ўсіх у пляне заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі. І хочам пайсьці далей у справе стандартаў, рэкамэндацый аб парадку іх дзейнасьці на самым высокім узроўні.

Мы ня можам абаперціся на міжнародную практыку — яна яшчэ фармуецца

Пры гэтым мы ня можам тут абаперціся на міжнародную практыку — яна яшчэ толькі фармуецца. Напрыклад, ніхто сёньня ня можа выразна зразумець, чаго хоча FATF ад рэгуляваньня крыптавалют.

Апошні свой даведнік «Крыптавалюты» гэтая арганізацыя выпусьціла ў 2015 годзе. Але з таго часу ў сьвеце даволі шмат зьмянілася. У гэтым годзе FATF выказвае меркаваньне, што дакумэнт, магчыма, не зусім ужо сучасны і патрабаваньні да апэрацый з крыптавалютамі павінны памяняцца. І мы чакаем такіх зьменаў.

Беларусь ідзе першай у выпрацоўваньні стандартаў дзейнасьці крыптаапэратараў

Беларусь ідзе першай у выпрацоўваньні стандартаў дзейнасьці крыптаапэратараў, і зразумела, што нам цяжка. Расеі і тым краінам, якія пойдуць за намі, будзе лягчэй. Цяпер да таго, што ў Беларусі ўжо зроблена па крыптавалютах, праяўляе цікавасьць Эўразійская эканамічная камісія. У ЭЭК ужо падрыхтаваны першы праект глясарыя па блокчэйн-эканоміцы, у большай частцы ён заснаваны на палажэньнях дэкрэту № 8. Беларусь задае трэнд.

«ІТ-галіне цяпер вельмі пашанцавала»

— Як вы лічыце, ці ёсьць у нашых традыцыйных міністэрстваў разуменьне новых выклікаў, задач, крыптавалют і тэхналёгіі блокчэйн?

— Выкажу ня толькі сваё меркаваньне, але і тых айцішнікаў, хто ў тэме. ІТ-галіне цяпер вельмі пашанцавала, што на чале парку стаіць Усевалад Янчэўскі — разумны, дасьведчаны і выключна энэргічны чалавек.

Лукашэнка наведаў офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі
Лукашэнка наведаў офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі

І ў цэлым у дзяржорганах я бачыў многа прагрэсіўных людзей. Безумоўна, ёсьць людзі, якія не падзяляюць гэтую пазыцыю, якім усё роўна. А ёсьць тыя, хто падзяляе, разумее і ім ня ўсё роўна. Інакш складана было б казаць пра тыя вынікі, якія ўжо дасягнутыя.

«ІТ-супольнасьць усяго сьвету даведалася, што тут ёсьць ПВТ»

— То бок крыптавалюты іх ужо не пужаюць?

— Крыптавалюты нікога не пужаюць. Проста нельга фармаваць вакол крыптавалют нейкія завышаныя чаканьні, бо гэта толькі частка дэкрэту аб лічбавай эканоміцы. Парк высокіх тэхналёгій цяпер факусуецца на разьвіцьці і роўнай падтрымцы ўсіх напрамкаў у тэхналягічнай сфэры: ад штучнага інтэлекту да адукацыйнай дзейнасьці ў сфэры ІТ.

Напрыклад, Парк сумесна з БДУІР стварыў спэцкурс «Кіраваньне стартап-праектамі». Нядаўна прадстаўнікі нашай кампаніі там чыталі лекцыі. Усё гэта выклікае вялікую цікавасьць у моладзі.

Нельга фармаваць вакол крыптавалют завышаныя чаканьні

Многа цікавых кірункаў адзначаныя дэкрэтам. Вазьміце хоць бы кібэрспорт. Я ўжо бачу некалькі ўдзельнікаў, якія маглі б увайсьці ў Парк з такім кірункам дзейнасьці. Гэта трэнд, які ў сьвеце расьце, і беларусы тут робяць посьпехі. Проста крыптавалюты забіраюць усю ўвагу.

Але на гэты момант яны нібыта і выканалі сваю ролю — прыцягнулі ўвагу сусьветнай ІТ-супольнасьці да Беларусі. Тыя даведаліся, што тут ёсьць Парк высокіх тэхналёгій і ў ім можна займацца амаль 40 відамі дзейнасьці. Таму крыптавалюты дапамаглі ПВТ і ўсёй нашай галіне.

«Там іскрыць і зьяўляецца полымя тэхналягічных рэвалюцый»

— Якога эфэкту вы чакаеце ад ІТ-дэкрэту?

— Ён стварае прававое поле, адно з самых канкурэнтных у сьвеце, для рэалізацыі ІТ-бізнэсаў. Мне складана сказаць, што ў нейкай краіне ёсьць лепшы прававы рэжым. Колькі стартапаў расейскіх сёньня не змаглі прадацца проста таму, што ёсьць санкцыі і ёсьць візы.

Не магу сказаць, што ў нейкай краіне ёсьць лепшы прававы рэжым

Якая неад’емная частка набыцьця замежнай кампаніяй нейкага стартапа? Яны павінны выехаць, паглядзець офіс, на месцы пагутарыць з камандай. Калі да тых расейскіх хлопцаў ніхто ня можа прыехаць, у іх сёньня адна магчымасьць — пераехаць у Менск.

Гэта павінна зрабіць Беларусь вельмі сур’ёзным цэнтрам экасыстэмы, канцэнтрацыі творчых людзей, якія працуюць у тэхналёгіях. А менавіта ў такіх месцах і зьяўляецца полымя тэхналягічных рэвалюцый. Там зьяўляюцца прарыўныя ідэі і стартапы. Таму прававая сыстэма прыцягвае, як магніт. Едуць туды, дзе зручна. Мы на ўзроўні нарматыўнага акту задалі лепшыя стандарты. Мне ўсе замежнікі кажуць: «Гэта крута».

Цяпер паўстае пытаньне рэалізацыі. Каб тое, што мы заявілі, супала з рэальнай рэалізацыяй. Людзі едуць ужо — гэта паказаў першы прыём у Парк, і яны яшчэ прыедуць. Галоўнае, каб мы ім далі тое, чаго яны чакаюць і што мы паабяцалі.

Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае

22 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Паводле кіраўніка Беларусі, галоўная мэта дакумэнту — «стварыць такія ўмовы, каб сусьветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі тут свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў сьвеце прадукт».

Што зрабіў дэкрэт:

  • Падоўжыў да 2049 году спэцыяльны падатковы рэжым для ПВТ. Цяпер у Парк прымаюць распрацоўшчыкаў у галінах штучнага інтэлекту, «інтэрнэту рэчаў», бесьпілётных аўто, вялікіх дадзеных, маркетынгу ў ІТ і інш.
  • Дазволіў у ІТ-бізнэсе элемэнты «ангельскага права», такія, як канвэртаваны заём і апцыён, каб заключаць інвэстыцыйныя ўгоды ў Беларусі, а не за мяжой (як цяпер робіцца з прычыны «прававога вакуўму»).
  • Замежнаэканамічныя дамовы перавёў у электронны выгляд, вызваліў ад падатку на дададзеную вартасьць, падатку на даходы і афшорнага збору.
  • Стварыў умовы для шчыльнейшай супрацы ПВТ і ўнівэрсытэтаў, дазволіў ПВТ даваць сродкі на разьвіцьцё адукацыі, а кампаніям Парку — аказваць адукацыйныя паслугі і даваць гранты выкладчыкам ВНУ.
  • Даў азначэньні блокчэйну, майнінгу, крыптавалютам, токенам і іншаму з гэтай галіны, каб увесьці крыптавалюты ў прававое поле. У парадку экспэрымэнту дазволіў разьмяшчэньне токенаў на пляцоўцы ПВТ (што гэта значыць, не да канца зразумела: токены — гэта своеасаблівыя «віртуальныя адзінкі» крыптавалютаў, яны не захоўваюцца недзе цэнтралізавана, а існуюць у блокчэйн-ланцужку, і захоўваюць гэты ланцужок самі карыстальнікі).

Шэраг экспэртаў крытыкавалі працэс стварэньня дэкрэту: тэкст не абмяркоўваўся публічна, дэкрэт шмат расхвальвалі, але не далі незалежным экспэртам праверыць, ці не нясе ён залішніх перавагаў адным і перашкоды іншым IT-кампаніям.

Ці варта распаўсюдзіць «ІТ-дэкрэт» на ўсіх? Разважаюць эканаміст і айцішнік

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG