Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПВТ як ВПК: экспарт Парку высокіх тэхналёгіяў за 2017 год перасягнуў 1 млрд даляраў


Парк высокіх тэхналёгіяў, архіўнае фота

Экспарт беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў за 2017 год дасягнуў 1,025 млрд даляраў, што на 25% больш за паказьнік 2016 году, піша Tut.by.

Агульны аб’ём вытворчасьці тавараў і паслуг ПВТ вырас на 20% (на тавары і паслугі для беларускіх кампаніяў прыпадае 172,6 млн рублёў). Тэмпы росту экспарту ПВТ паступова аднаўляюцца: пасьля рэкорду 2014 году (+31%) яны ўпалі ўдвая ў 2016-м (+16%). У кампаніях ПВТ працуе 32 600 чалавек, за 2017 год было створана 5160 новых працоўных месцаў.

Нядаўна прызначаны кіраўнік ПВТ, стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі заявіў, што «ўзятая псыхалягічная плянка»: пра жаданьне дасягнуць мільярду даляраў экспарту казаў яшчэ папярэдні кіраўнік (і фактычны стваральнік) ПВТ Валер Цапкала, але ў 2016 годзе экспарт склаў толькі 820 млн даляраў.

Цяперашнія аб’ёмы экспарту ПВТ параўнальныя з экспартам прадпрыемстваў вайскова-прамысловага камітэту Беларусі. Дакладныя лічбы ВПК не паведамляе, але старшыня камітэту казаў, што экспарт «перавысіў 1 млрд даляраў».

«Ключавы фактар посьпеху адзіны — ясны сыгнал ад прэзыдэнта ІТ-супольнасьці: працуйце свабодна і спакойна, зарабляйце для сябе і для краіны, дзяржава нідзе ня будзе замінаць вам, а ўсюды, дзе можа, дапаможа», — заявіў Янчэўскі.

Лукашэнка — праграмістам: «Зарабляючы сабе, не забывайце, калі ласка, што вы жывяце ў канкрэтнай дзяржаве»

Падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам ІТ-дэкрэт дазволіў браць у Парк кампаніі, што працуюць у галінах машыннага навучаньня і нэўрасетак, бесьпілётнікаў, біятэхналёгій, а таксама адукацыі ў ІТ, здабычы і перапродажу крыптавалютаў, кібэрспорту (і ўсяго іншага, што можа пазьней дазволіць назіральная рада).

Таксама дэкрэт дазволіў кампаніям працаваць з крыптавалютамі з дазволу ПВТ, але падобна, што за кантроль над крыптавалютамі змагаюцца таксама Мінфін і Нацбанк.

За крыптавалюты нельга будзе купляць тавары ў Беларусі? Нацбанк па-свойму растлумачыў нормы IT-дэкрэту

XS
SM
MD
LG