Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто больш наэкспартаваў — беларуская абаронка ці праграмісты


Ілюстрацыйнае фота

Экспарт прадпрыемстваў Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі за 2017 год перавысіў 1 млрд даляраў, вырас на 15% да 2016 году, расказаў БЕЛТА старшыня камітэту Алег Дзьвігалеў.

Дакладных лічбаў не называлася (ні Дзьвігалевым, ні раней Белстатам або Дзяржваенпрамам), але Алег Дзьвігалеў казаў, што ў 2017 годзе прадукцыя Дзяржкамваенпраму экспартавалася ў 69 краінаў, тады як годам раней — толькі ў 60. Вытворчасьць прадпрыемстваў камітэту вырасла на 23% у 2017 годзе, казаў ён, не ўдакладніўшы, ці гэта ў грашовым, ці абсалютным вымярэньні.

Як можна ацаніць рост экспарту Беларусьсю зброі?

Стакгольмскі міжнародны інстытут праблемаў міру (SIPRI) назваў Беларусь 18-й у топ-20 найбуйнейшых экспартэраў асноўных відаў узбраеньня ў сьвеце за 2012-2016 гады. За гэты час напрадавалі зброі на 625 млн даляраў. Паводле зьвестак SIPRI, Беларусь ад 1991 прадавала толькі былыя ва ўжываньні («second-hand») баявыя машыны. Найбольш прадавалі Анголе, Азэрбайджану, Вугоршчыне, Емэну, Марока, Пакістану, Пэру, Судану і Сырыі.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

Грашовыя аб’ёмы экспарту Дзяржкамваенпраму блізкія да тых у Парку высокіх тэхналёгіяў

Лічбаў за 2017 год ПВТ пакуль не публікаваў (справаздача чакаецца бліжэй да сярэдзіны лютага). Але за 2016 год кампаніі ПВТ наэкспартавалі прадуктаў і паслугаў на 820,6 млн даляраў — выходзіць ці столькі ж, колькі ў вайскоўцаў (у іх за 2016 год, калі верыць Дзьвігалеву, ня менш за 750 млн у 2016 годзе), ці нават больш.

Пры гэтым аб’ёмы экспарту ПВТ растуць пастаянна і даволі значнымі тэмпамі: годам раней было 705,6 млн даляраў экспарту (+16% за год), у 2014-м — 585,2 млн (+20%), у 2013-м — 446,7 млн (+31%). А 10 год таму, у 2007 годзе ў ПВТ было толькі 22 млн даляраў экспарту.

Паводле статыстыкі ПВТ, доля ПВТ у экспарце кампутарных паслугаў усёй Беларусі складае 86% (ІТ-кампаніям не абавязкова далучацца да Парку, некаторыя працуюць па-за ім), а доля кампутарных паслугаў ва ўсім экспарце Беларусі складае 14%.

У 2018 годзе экспарт паслугаў (і аб’ём працы) ПВТ можа адчувальна вырасьці — нядаўні «ІТ-дэкрэт» дазволіў браць у Парк кампані, што працуюць у галінах машыннага навучаньня і нэўрасетак, бесьпілётнікаў, біятэхналёгій, а таксама адукацыі ў ІТ, здабычы і перапродажу крыптавалютаў, кібэрспорту (і ўсяго іншага, што можа пазьней дазволіць назіральная рада).

Войска Беларусі мацнейшае за Фінляндыю і Ірак, слабейшае за Нідэрлянды і Чэхію, — Global Firepower

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG