Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра віетнамскую вайну: «Мы тады былі побач з вамі»


Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг (у цэнтры) і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка прыняў 27 чэрвеня прэзыдэнта Віетнаму Чан Дай Куанга, перадае БЕЛТА. Беларусь, паводле Лукашэнкі, разьлічвае на разьвіцьцё палітычных і гандлёва-эканамічных стасункаў зь Віетнамам. Пасьля сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў плянуецца супольная сустрэча зь бізнэсоўцамі краінаў.

«Думаю, нам з вамі няма неабходнасьці гаварыць пра тое, што аб'ядноўвае нашы народы, — гаварыў Лукашэнка Куангу. — У нас з вамі вялікая гісторыя добрых узаемаадносінаў.

Беларускі народ з даўніх часоў, асабліва ў цяжкія пэрыяды вашай гісторыі, быў заўсёды побач. Кожны віетнамец добра памятае мінулую вайну і тую цану, якую вы заплацілі за свабоду і незалежнасьць.

Памятаем і ведаем пра гэта і мы. Таму што мы былі тады побач з вамі на віетнамскай зямлі. Ды і пасьля гэтай жорсткай вайны мы ўсяляк імкнуліся дапамагчы сваім віетнамскім братам у аднаўленьні краіны, народнай гаспадаркі, у нармалізацыі жыцьця».

Віетнамская вайна трывала ў 1957–1975 гадах, забрала жыцьці больш як 1,3 млн чалавек, зь якіх звыш 600 тысяч былі цывільнымі. Яна пачалася як грамадзянская вайна ў Паўднёвым Віетнаме, пазьней ахапіла ўсю краіну і суседнія Лаос і Камбоджу. СССР падтрымліваў у гэтай вайне камуністычны Паўночны Віетнам пастаўкамі зброі, эканамічнай дапамогай, вайсковымі дарадцамі і нават савецкімі вайскоўцамі ў складзе зэнітна-ракетных комплексаў. ЗША выступілі на баку Паўднёвага Віетнаму, ладзілі паўнамаштабнае ўмяшаньне ў 1965–73 гадах. У выніку вайны Віетнам быў аб’яднаны пад уладай камуністаў.

Экспарт зь Беларусі у Віетнам дасягнуў піку 164,3 млн даляраў у 2011 годзе, але з таго часу зьмяншаўся — да 76,8 млн даляраў у 2016 годзе (0,33% ад усяго экспарту). Імпарт зь Віетнаму ў Беларусь апошнія 10 гадоў вагаецца ў раёне 40 млн даляраў за год — 44,2 млн даляраў у 2016-м (0,16% ад усяго імпарту).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG