Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Макей задумалі «пачаць асваеньне Афрыкі з Анголы»


Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці

Аляксандар Лукашэнка 26 чэрвеня правёў сустрэчу зь міністрам замежных справаў Анголы Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці. Да таго з Шыкоці сустракаўся міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей.

Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці і Ўладзімер Макей
Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці і Ўладзімер Макей

​У ліку пытаньняў абмяркоўвалася стварэньне ў Анголе зборачнай вытворчасьці беларускай тэхнікі (спачатку трактароў, потым іншай) і паставак туды гатовай аўтатэхнікі і абсталяваньня для здабычы дыямэнтаў. Таксама Беларусь можа супрацоўнічаць з Анголай у вайскова-тэхнічнай сфэры, будаўніцтве жытла і сацыяльных аб’ектах, казаў Лукашэнка. Макей сярод іншага анансаваў сустрэчы беларускіх і ангольскіх экспэртаў фінансава, сельскагаспадарчай, прамысловай і іншых сфэраў.

«Мы, вядома ж, яшчэ кепска практычна ведаем Афрыку, але мы вельмі хацелі б працаваць на гэтым пэрспэктыўным кантынэнце будучыні, — казаў Лукашэнка. — Як і любая іншая дзяржава, асабліва такая, як Беларусь, яшчэ зусім маладая, мы выбіраем тыя краіны, на якія можна было б абаперціся. Гэта тыя краіны, якія мы ведаем даўно.

Ангола — адна з тых краінаў. Можа быць, у гэтым сьпісе першая. Яшчэ і таму, што пасьля здабыцьця ёю дзяржаўнасьці ў 1975 годзе мы актыўна падтрымлівалі Анголу, дапамагалі ёй. Асноўны кантынгент вайсковых дарадцаў у Анголе быў прадстаўлены Беларускай вайсковай акругай, і там было нямала беларусаў (у Анголе з 1975-га па 2002 год трывала грамадзянская вайна, адзін з бакоў якой падтрымалі СССР і Куба, вайна забрала звыш 500 тысяч жыцьцяў грамадзян краіны. — РС). З таго часу мы добра ведаем і памятаем гэтую цудоўную краіну.

Калі вы ня супраць, мы асваеньне Афрыкі Беларусьсю маглі б пачынаць і з Анголы».

Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці і Аляксандар Лукашэнка
Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці і Аляксандар Лукашэнка

Макей жа па выніках сустрэчы казаў, што Беларусь «пераглядзіць некаторыя падыходы, зьвязаныя з дыпляматычнай прысутнасьцю на Афрыканскім кантынэнце»: скароціць прысутнасьць там, дзе «не атрымалі адпаведных чаканых вынікаў» і павялічыць там, дзе бачыць пэрспэктывы. Ён прызнаў, што «жыцьцё ёсьць жыцьцё, і часам нашы разьлікі і аналіз не заўсёды спрацоўваюць на практыцы».

Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці і Ўладзімер Макей
Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці і Ўладзімер Макей

Ангола далёка ня першая краіна, пра супрацу зь якой кажа кіраўніцтва Беларусі; палітыкі краінаў Афрыкі нярэдка наведваюць Беларусь, беларускія дыпляматы і чыноўнікі таксама нярэдка наведваюць краіны Афрыкі. У тым ліку афіцыйны Менск толькі з пачатку 2017 году казаў пра супрацу з Эгіптам, Суданам, Паўднёва-Афрыканскай рэспублікай, Кот-д’Івуарам, Угандай і Джыбуці па выніках афіцыйных сустрэчаў.

«Я лячу туды, дзе прымаюць»: навошта Лукашэнку афрыканскае турнэ

Тры тыдні таму ў Менску завяршыўся «Беларуска-афрыканскі форум», на якім гаварылася, што таваразварот між Беларусьсю і краінамі Афрыкі мае дасягнуць 3 млрд даляраў да 2020 году.

Рэспубліка Беларусь, як і ўсе папярэднія дзяржавы на тэрыторыі Беларусі, не спрабавала «асвойваць Афрыку» ў каляніяльным сэнсе, але герцагства Курляндыя (цяпер тэрыторыя Латвіі) у складзе Рэчы Паспалітай мела ў XVII стагодзьдзі калёніі ў Заходняй Афрыцы, а таксама на востраве Табага ля Паўднёвай Амэрыкі. Спробы займець калёніі былі ня надта пасьпяховымі, але фармальна Курляндыя прызначала губэрнатараў Табага да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.

Пасьля 1918 году Польшча (у склад якой тады ўваходзіла і Заходняя Беларусь) падумвала аб вяртаньні калёніяў або іх набыцьці, была створаная «Марская і каляніяльная ліга», якая нават купіла землі ў Бразыліі. Польшча нават спрабавала, хоць і беспасьпяхова, купіць землі ў Лібэрыі і Анголе. А беларусы, якія жылі ў Польшчы, у статусе пасяленцаў і мігрантаў выяжджалі ў Афрыку і Паўднёвую Амэрыку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG