Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканоміку — мадэрнізаваць, аўтарытарны рэжым — не чапаць


Валер Карбалевіч

Пасьля прыняцьця ўказаў аб лібэралізацыі эканомікі і бізнэсу, падпісаньня дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі экспэртнае асяродзьдзе зноў дыскутуе пра магчымасьць аўтарытарнай мадэрнізацыі ў Беларусі.

Гаворка не ідзе пра рэформу палітычнай сыстэмы, вяртаньне дэмакратыі, свабодных выбараў ды інш. Ідзецца выключна пра трансфармацыяю эканомікі ў рамках дыктатуры, пра стварэньне эканамічнай сыстэмы з паралельным існаваньнем дзяржаўнага і прыватнага сэктараў, здольнай забясьпечыць інавацыйнае разьвіцьцё пры захаваньні цяперашняга палітычнага рэжыму.

Большасьць аглядальнікаў вельмі скептычна ацэньвае такую імавернасьць. Вось і калега Віталь Цыганкоў у сваім блогу пра гэта піша. Расейскі і ўкраінскі журналіст Матвей Ганапольскі, камэнтуючы на радыё «Эхо Москвы» дэкрэт Лукашэнкі «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», кажа, што «арлы ў няволі не размнажаюцца» і што «нельга быць трошкі цяжарным».

Здаецца, усё так. Аднак у сьвеце існуе вельмі розны досьвед. «Азіяцкія тыгры» (Тайвань, Ганконг, Сынгапур, Паўднёвая Карэя) зрабілі скачок у мадэрн ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў. Ды і Кітай паказвае цікавы прыклад.

Але ёсьць прынцыповыя моманты, якія адрозьніваюць эвалюцыю гэтых краін ад беларускай сытуацыі. Азіяцкія дзяржавы адолелі свой шлях у «тыгры», знаходзячыся на стадыі індустрыяльнага грамадзтва. Беларусь жа цяпер уступіла ў постындустрыяльны этап.

Адна з важных праблемаў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі палягае ў тым, што няма адзіных нормаў для ўсёй эканомікі.

Калі казаць пра той жа Сынгапур, які цяпер найбольш на слыху, то там жорсткая дыктатура спалучаецца са свабоднай рынкавай эканомікай. Прычым там для усіх суб’ектаў гаспадараньня дзейнічаюць агульныя правілы і законы. А адна з важных праблемаў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі палягае ў тым, што няма адзіных нормаў для ўсёй эканомікі. Для розных рэгіёнаў, сэктараў і нават асобных фірмаў існуюць свае эксклюзіўныя правілы. Ёсьць Парк высокіх тэхналёгіяў (ПВТ), дзе нібыта будзе дзейнічаць брытанскае права, індустрыяльны парк «Вялікі камень», свабодныя эканамічныя зоны... І ў кожным выпадку маем розны праўны рэжым. А ёсьць жа яшчэ льготы для вядучых дзяржаўных прадпрыемстваў, для сельскагаспадарчых арганізацыяў ды інш. То бок маем ручное кіраваньне, даведзенае да лягічнага канца, да своеасаблівай фэадальнай раздробленасьці ў эканамічным і праўным сэнсе.

Галоўная асаблівасьць Беларусі палягае ў тым, што тут паралельна суіснуюць вялікі дзяржаўны сэктар і прыватная эканоміка. Прычым дзяржаўны сэктар — гэта прадпрыемствы, якія засталіся ў індустрыяльнай эры. А бізнэс усё больш арыентаваны ў постындустрыяльнае грамадзтва, асабліва ПВТ, разьвіцьцю якога згаданы дэкрэт надаў новы імпульс.

І тут Беларусь вельмі падобная на Кітай. Там таксама існуе вялікі і неэфэктыўны дзяржаўны сэктар, які падтрымліваецца за кошт пераразьмеркаваньня сродкаў ад бізнэсу.

У чым адрозьненьне? У Кітаі кіраўніцтва камуністычнай партыі даўно зьвязала свой палітычны лёс з мадэрнізацыяй краіны. Паводле ягонай лёгікі, калі краіна ператвараецца ў сусьветную звышдзяржаву, а кітайцы будуць багацець, яны ня стануць патрабаваць дэмакратыі.

Праблема Лукашэнкі ў тым, што 23 гады ён зьвязвае свой палітычны лёс з эканомікай, якая дасталася ад СССР, усімі сіламі імкнецца штучна захаваць савецкую прамысловасьць, калгасна-саўгасны лад.

А праблема Лукашэнкі ў тым, што 23 гады ён зьвязвае свой палітычны лёс з эканомікай, якая дасталася ад СССР, усімі сіламі імкнецца штучна захаваць савецкую прамысловасьць, калгасна-саўгасны лад. У перакладзе на палітычную мову гэта называецца «стабільнасьцю». Рэфармаваць гэтую эканоміку ён баіцца, бо лічыць, што трансфармацыя можа разбурыць ягоную ўладу. Вось толькі цяпер нібыта абвешчаны новы курс на эканамічную лібэралізацыю і лічбавую эканоміку. Пакуль зь незразумелымі вынікамі.

Далей, у Кітаю зусім іншыя маштабы, там шмат рэсурсаў, якія можна акумуляваць дзеля падтрымкі неэфэктыўнага дзяржаўнага сэктару. У Беларусі такіх рэсурсаў няма. І іх даводзіцца сілай адбіраць у бізнэсу. Цяпер Лукашэнка абяцае гэтага не рабіць. Але за кошт чаго ўлада будзе датаваць дзяржаўную прамысловасьць і сельскую гаспадарку?

Дарэчы, гэта яшчэ адно адрозьненьне. Кітайскія камуністы пачалі рэформы зь сельскай гаспадаркі, распусьцілі камуны, раздалі зямлю сялянам і вырашылі шмат праблемаў. Лукашэнка катэгарычна адмаўляецца рэфармаваць абсалютна неэфэктыўныя дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія існуюць толькі дзякуючы вялікім дзяржаўным датацыям.

На шляху аўтарытарнай мадэрнізацыі Беларусі існуе яшчэ шэраг перашкодаў. Аб’явіўшы курс на эканамічную лібэралізацыю і лічбавую эканоміку, Лукашэнка не жадае адмаўляцца ад важных элемэнтаў беларускай сацыяльнай мадэлі. Пра дзяржаўны сэктар, няпраўную дзяржаву, адсутнасьць незалежнага суду мы гаварылі.

А яшчэ ж засталіся парэшткі канструкту «сацыяльнае дзяржавы». Напрыклад, міталёгія аб усеагульнай занятасьці выліваецца ў дэкрэт аб дармаедах, пляны стварэньня працоўных месцаў, абавязковыя для прыватных прадпрыемстваў. А яшчэ манаполія дзяржавы на ЖКГ, спроба захаваць сацыяльную роўнасьць з дапамогай адміністрацыйных мэтадаў (багатых настойліва просяць даць грошай на сяўбу ці адрадзіць паселішча, дзе яны нарадзіліся).

Акрамя таго, Лукашэнку давядзецца памяняць ідэйную парадыгму, зьмяніць ідэю парадку і стабільнасьці на ідэю разьвіцьця, вобраз рэстаўратара і ахоўніка на вобраз мадэрнізатара. Больш за тое, на шляху мадэрнізацыі яму трэба будзе памяняць электарат, зрабіць сацыяльным апірышчам не сацыяльных аўтсайдэраў, ня здольных упісацца ў рынкавую эканоміку, як было дагэтуль, а сярэднюю клясу, моладзь. А тут ёсьць рызыка страціць падтрымку адных і не атрымаць яе ад другіх, напрыклад, ад айцішнікаў.

Але ці здольны Лукашэнка ажыцьцявіць такое палітычнае сальта-мартале?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG