Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява, якую апублікаваў прадпрымальнік Віктар Пракапеня ў сваім фэйсбуку з нагоды блякаваньня «Хартыі-97» — паказьнік цікавых працэсаў, якія адбываюцца ў беларускай уладзе. Кажу — ва ўладзе, бо Пракапеня — не «канапны» актывіст, не штатны аглядальнік незалежнага СМІ, не знаны блогер і нават ня проста вельмі багаты бізнэсовец.

Блакіроўка інфармацыйных сайтаў псуе рэнамэ беларускай улады на Захадзе, гэтая мера — удар па пэрспэктывах ІТ-краіны, яна распужае інвэстараў, якіх хочуць прыцягнуць — усе гэта агульныя месцы, банальнасьці, якія пасьля атакі на «Хартыю» не выказваў, напэўна, толькі лянівы.

У выпаду з дэмаршам Пракапені цікава і важна ня тое, што гаворыцца, а хто гаворыць. Пры гэтым няважна нават, ці мае рацыю бізнэсовец ва ўсіх сваіх ацэнках наступстваў блякаваньня «Хартыі». Мяркую, што не ва ўсіх мае. Зразумела, абысьці блякіроўку — ня вельмі складаная задача. Але досьвед паказвае, што далёка ня ўсе здольныя і схільныя карыстацца гэтымі абыходамі.

Сытуацыя не аналягічная, але ў нечым падобная — заблякаваныя ва Ўкраіне "Вконтакте" і "Однокласснікі" тамтэйшыя аматары гэтых сацыяльных сетак таксама навучыліся лёгка абыходзіць. Але ў выніку аўдыторыя Вконтакте ва Ўкраіне пасьля блякіроўкі зьменшылася на 60%.

Не да нуля, сродкі абыходу і праўда даволі эфэктыўныя, але і блякіроўка дае заўважальны эфэкт. Баюся, што і адносна «Хартыі» пэўны эфэкт яна будзе мець.

Віктар Пракапеня
Віктар Пракапеня

Ідэалы і інтарэсы

Аднак, гледзячы па ўсім, Пракапеню найбольш стурбавала ў рашэньні мінінфарму яго наступствы не ўнутры краіны наўпрост, а ўплыў на бізнэс, на замежных партнэраў.

Пра чуйнасьць прадпрымальніка да міжнароднага розгаласу сьведчыць сумнавядомы «Пракапенягейт», калі ён і яго паплечнікі дамагаліся, каб СМІ выдалілі паведамленьні пра яго колішняе ўтрыманьне за кратамі. Тыя паведамленьні наўпрост закраналі яго інтарэсы. Паведамленьні пра блякіроўку «Хартыі» ня выдаліш, існыя і патэнцыйныя партнэры Пракапені і ІТ-галіны Беларусі іх прачытаюць. І гэта таксама, і ў значна большай ступені, закранае інтарэсы прадпрымальніка і яго калегаў.

А за свае інтарэсы людзі часам здольныя змагацца, што Пракапеня і зрабіў сваёй заявай. Самы цікавы момант у яго дэмаршы — прамое абвінавачваньне на адрас неназванага ведамства, якое, паводле яго, было арганізатарам і натхняльнікам блякіроўкі інфармацыйных сайтаў.

Дарэчы, можна ўбачыць пэўную сымэтрыю сытуацыяў. Летась Пракапеня са сваімі аднадумцамі, паплечнікамі і партнэрамі, у тым ліку і ва ўладзе, пралябіравалі ІТ-дэкрэт. Цяпер людзі з таго самага неназванага ведамства зрабілі тое самае, палябіяваўшы блякіроўку «Беларускага партызана» і «Хартыі».

Неабавязкова ў адказ на ІТ-дэкрэт, хаця і гэта не выключана, прынамсі, ускосна. Наўпрост ІТ-дэкрэт ня надта закранае інтарэсы сілавікоў. Але месца вакол «цела» абмежаванае. Калі яго пачынаюць займаць яйкагаловые рыцары прадуктовага праграмаваньня і майнінгу, то людзі ў пагонах наносяць удар у адказ, каб аднавіць status quo.

Зразумела, абодва бакі апэлююць да інтарэсаў грамадзтва і краіны, як яны іх разумеюць: блякіроўшчыкі «Хартыі» — да стабільнасьці, Пракапеня і яго аднадумцы — да эканамічнага росту. І гэта неабавязкова толькі рыторыка, суб’ектыўна яны хутчэй за ўсё і сапраўды лічыць, што сваімі дзеяньнямі дбаюць пра бацькаўшчыну. Але проста трэба мець на ўвазе, што за гэтымі рознымі бачаньнямі — рэальныя практычныя інтарэсы.

Натальля Радзіна на форуме праваабаронцаў у Літве
Натальля Радзіна на форуме праваабаронцаў у Літве

Хто абіраў кардынала Рышэльё?

Часам у Беларусі вядуцца глыбокадумныя абмеркаваньні, ці ёсьць у краіне палітыка. Якая палітыка, калі выбараў няма? Але палітыка значна старэйшая за дэмакратыю. Скажам, у часы, апісаныя Дзюма ў «Трох мушкецёрах», народ не абіраў ані кардынала Рышельё, ані каралеву Ганну. Аднак сказаць, што палітыкі тады ў Францыі не было, неяк не выпадае — менавіта яна і апісаная ў знакамітым рамане.

Ну дык вось і ў сучаснай Беларусі яна прыкладна такога ж кшталту, уладныя і каляўладныя эліты змагаюцца за свае інтарэсы, за ўплывы, за месца каля «трону». Зразумела, гэтая барацьба не паміж чыстымі прынцыпамі. А калі і паміж прынцыпамі, то ўвасобленымі ў інтарэсах адпаведных групаў.

Пракапеня — не самаахвярны змагар за свабоду слова. Той жа «Пракапенягейт» сьведчыць, што прадпрымальнік знаходзіўся з гэтым сьвятым і чыстым прынцыпам у складаных адносінах. Ды і палажэньні ІТ-дэкрэту зусім невідавочна вядуць наўпрост да суцэльнага шчасьця ўсяго беларускага народу.

Але ў дадзеным выпадку канкурэнты ў пагонах замахнуліся ня толькі на прынцыпы, а на кроўныя інтарэсы тых, каго прадстаўляе Пракапеня. Якія ў дадзеным выпадку супалі з прынцыпамі.

Цікава адзначыць, што многія камэнтатары, асуджаючы блякаваньне «Хартыі», паміналі партал ня надта добрым словам. Хіба не найбольш яскравае вызначэньне — «памыйка», дадзенае блогерам Антонам Матолькам. Варта адзначыць, што лябіст ІТ-дэкрэту аказаўся значна бліжэй да чысьціні прынцыпу, чым, скажам, Матолька, для Пракапені проста ня мае значэньня, чым ёсьць кантэнт «Хартыі» — памыйкай ці травеньскай ружай. Блякаваць грамадзка-палітычныя сайты нельга. Кропка. Гэта шкодзіць інтарэсам.

У заяве Пракапені супярэчнасьці паміж групамі каля «трону» вырваліся на паверхню.


Усё жыцьцё — тэатар?


Можна, зразумела, прапанаваць і кансьпіралягічную вэрсію зьяўленьня дэмаршу Пракапені, маўляў, усё гэта зрэжыссавана, узгоднена. КДБ робіць сваю працу па вярхоўным загадзе, а бізнэсовец адбельвае гэтую самую вярхоўную ўладу, звальваючы віну на людзей у пагонах. Тэарэтычна гэта магчыма, хаця ня варта перабольшваць здольнасьць сыстэмы да шматхадовак. А самае галоўнае, чаму такая кансьпіралёгія ўяўляецца недарэчнай — таму што ніякага адбельваньня не адбываецца. Заходнім інвэстарам абсалютна абыякава, парушаюць правілы ў нейкай далёкай экзатычнай краіне на загад вярхоўнай улады ці гэта самадзейнасьць уплывовых каляўладных кланаў. Правілы парушаюцца, значыць, трэба прынамсі лішні раз падумаць, ці варта туды ўкладаць грошы. Зьмяніць гэтую лёгіку ня ў стане ніякія шчыраваньні Віктара Пракапені.

Таму ўяўляецца ўсё ж больш праўдападобным, што няма ніякіх шматхадовак і імітацыяў, а ёсьць банальная рэч, уласьцівая людзям з часоў, калі яны зьлезьлі з дрэваў — палітыка, барацьба за інтарэсы, рэсурсы і ўплыў.

Якім будзе вынік гэтага раўнду барацьбы, сказаць складана. Гэта не сутыкненьне грамадзянскай супольнасьці і ўладнага «бэтону», гэта канфлікт, прычым канфлікт, які стаў публічным, унутры «бэтону», які, як высьвятляецца, не такі ўжо і маналітны.

Мяркую, што адказ мы даведаемся ў хуткім часе. Палітыка мае свае законы. І таму самым малаімаверным уяўляецца, што сытуацыя неяк сама рассмокчацца. У гэтым канфлікце нехта выйграе, а нехта, адпаведна, прайграе, нехта ўмацуе сваё месца каля «трону», а некага адціснуць.

І гэта не апошні раўнд барацьбы, проста гэтым разам яна хіба не ўпершыню стала здабыткам галоснасьці. Аднак падаецца, што зьмены ў Беларусі, калі яны адбудуцца, стануць вынікам не нейкіх майданаў ці адно толькі майданаў, а менавіта такой барацьбы моцных людзей сыстэмы паміж сабой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG