Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць «Хартыю» і «Партызан»


Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала 24 студзеня доступ зь Беларусі да сайту выданьня «Хартыя-97». 14 лістапада мінулага году быў заблякаваны доступ да сайту выданьня «Беларускі партызан».

Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай блякаваньня «Хартыі» сталі публікацыі, якія могуць «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», артыкулы з пазначэньнем даты і месца яшчэ не дазволеных акцый пратэсту і распаўсюд інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Сьвятлана Калінкіна, архіўнае фота
Сьвятлана Калінкіна, архіўнае фота

Як кажа Свабодзе сузаснавальніца «Беларускага партызана» Сьвятлана Калінкіна, адміністрацыі канкрэтных прычын блякаваньня сайту не растлумачылі: невядома, ці справа ў нейкай навіне, ці ў нейкім камэнтары — проста нейкае «парушэньне закону».

Паводле яе, выданьне страціла няшмат наведнікаў праз блякаваньне сайта belaruspartisan.org, бо амаль адразу ён аднавіў працу на дамэне belaruspartisan.by.

Але, мяркуе Калінкіна, улады блякуюць сайты ня толькі дзеля таго, каб тыя страцілі частку карыстальнікаў. Яна прагназуе, што «Хартыя» можа страціць каля 50% беларускіх чытачоў, але далёка ня 100% — бо чытачы змогуць абыходзіць блякаваньні (і наведвальнасьць можа амаль цалкам аднавіцца празь некалькі месяцаў). Да таго ж шмат чытачоў выданьня знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты

«Адбываецца канчатковая зачыстка свабоды слова ў Беларусі», — Радзіна пра блякаваньне «Хартыі»

БАЖ: Мінінфарм робіць усё, каб сапсаваць стасункі з Захадам

«Зразумела, што ўлады ня хочуць, каб у вострапалітычных сайтаў кшталту „Хартыі“ і „Партызана“ была вялікая аўдыторыя, — кажа Калінкіна. — Але, па-другое, гэта выразны сыгнал журналістам і ўладальнікам сайтаў, што ёсьць мяжа, за якую нельга заходзіць: пішыце пра мясцовыя ўлады, карупцыю ў ЖКГ ці дрэнныя дарогі, але ўсё, што тычыцца зьмены ўлады і альтэрнатывы ўладам — гэта terra incognita, туды заходзіць ня трэба. І шмат па якіх сайтах можна ўбачыць, што сыгнал зразумелі».

Яна ўдакладняе, што рэальнай прычынай блякаваньня «Партызана» маглі стаць не артыкулы на сайце, а камэнтары (прынамсі, так казалі ў перадачы «Клюб рэдактараў» на дзяржаўнай тэлевізіі). Таму, калі на сайце адключылі камэнтары, то сайт «пусьцілі» ў беларускую дамэнную зону. Камэнтаваць навіны «Партызана» па-ранейшаму можна ў сацсетках.

Адрас сайту — не галоўнае

Любы заблякаваны сайт можа зьмяніць адрас, гэтаксама як «Партызан». У час ранейшых блякаваньняў замест звыклых onliner.by і kyky.org зьяўляліся часовыя onliner.ru і kyky.io — улады нават ня сталі блякаваць гэтыя новыя адрасы (самыя масавыя блякаваньні такіх «запасных» адрасоў здараліся за межамі Беларусі зь пірацкімі сайтамі).

І нават калі новы адрас «Партызана» вырашаць заблякаваць, сайт можа зьмяніць яшчэ безьліч адрасоў — можна нават не мяняць назву, а толькі зьмяніць дамэнную зону на адну з больш як тысячы даступных (belaruspartisan.net, belaruspartisan.io...).

Ананімайзэры — нібы заходзіш на незаблякаваны сайт

Сэрвісы web-proxy, або ананімайзэры, дазваляюць адкрыць любы сайт, не заблякаваны ў адной з краінаў сьвету. Пры гэтым карыстальнік адкрывае сайт ананімайзэра, уводзіць адрас заблякаванага сайту — і атрымлівае зьмесьціва заблякаванага сайту на іншым сайце, незаблякаваным. Як гэта працуе, можна спраўдзіць праз svaboda2.net, увёўшы адрас любога сайту ў радок на сінім фоне зьверху старонкі.

Хуткасьць працы ананімайзэраў звычайна невысокая, на некаторых бывае непажаданая рэкляма, затое ня трэба нічога ўсталёўваць — трэба проста запомніць адрас. Улады могуць (і фармальна абавязаныя) таксама блякаваць сродкі доступу да забароненых сайтаў, але наўрад ці змогуць заблякаваць усе ананімайзэры: заблякуюць 100 — Google падкажа яшчэ 1000000. Дарэчы пра Google: калі адрас заблякаванага сайту ўвесьці ў перакладчык Google Translate, то сайт адлюструецца (паглядзець можна як пераклад, так і зыходную вэрсію).

VPN — паставіць бясплатную праграму або набыць платную, але хуткую

Звычайна хутчэй за ананімайзэры працуюць VPN-сэрвісы — віртуальныя прыватныя сеткі. Яны працуюць так: сайт нібыта загружаецца не для вас, а для нейкай прыватнай сеткі ў іншай краіне, а вы падключаецеся не да сайту, а проста да той сеткі.

Бясплатныя VPN звычайна працуюць ня надта хутка, хоць ёсьць і такія, што нават дазваляюць глядзець HD-відэа. Платныя звычайна гарантуюць высокую хуткасьць. Што платных, што бясплатных VPN, таксама як ананімайзэраў, безьліч. Мінус хіба ў тым, што карыстальніку трэба паставіць на кампутар або тэлефон дадатковую праграму і не забываць яе запускаць, або прапісаць налады VPN у опцыях апэрацыйнай сыстэмы.

Tor — яго блякуеш, яму ж лепей

Таксама як з VPN-сэрвісам, карыстальніку трэба будзе самому ўсталяваць праграму Tor — яна ўтварае з кампутараў сваіх карыстальнікаў як бы сетку, у якой немагчыма нічога заблякаваць і якую амаль немагчыма заблякаваць саму. Беларускія ўлады спрабавалі — і толькі павялічылі сваімі спробамі колькасьць карыстальнікаў Tor.

Акрамя звычайнага інтэрнэту, Tor дае доступ да «таемнага інтэрнэту» або «цёмнага вэбу», даступнага толькі сваім карыстальнікам. Мінус у тым, што доступ як да «цёмнага», так і да «звычайнага» вэбу праз Tor досыць павольны.

Браўзэры — некаторыя дапамагаюць самі

У некаторых браўзэрах (праграмах для доступу ў інтэрнэт) ёсьць функцыі «сьцісканьня трафіку»: сайт запампоўваецца на сэрвэры стваральнікаў браўзэра, там уціскаецца (карцінкі крыху губляюць якасьць) і вяртаецца карыстальніку. Але выходзіць, што карыстальнік атрымлівае сайт не наўпрост, а са староньняга сэрвэра, таму адкрываюцца і заблякаваныя сайты.

Такія функцыі мае Opera (рэжым завецца Opera Turbo), расейскі «Яндэкс.Браўзэр» (там гэта завецца «Рэжым турба») і шэраг іншых. Уключаюцца яны ў пару клікаў або адной камбінацыяй клявішаў. Opera, акрамя таго, прапануе асобнай праграмай уласны VPN-сэрвіс.

Калі браўзэры самі не дапамагаюць, для іх ёсьць пашырэньні

Для «настольных» вэрсій Chrome, Firefox і іншых браўзэраў ёсьць дадаткі (плагіны, пашырэньні), якія выконваюць функцыі VPN або ананімайзэра. Калі пашукаць па каталёгах дадаткаў, можна знайсьці некалькі дзясяткаў такіх пашырэньняў — выбар не такі вялікі, як з VPN ці ананімайзэрамі, затое калі ўсталяваць такі дадатак, доступ да заблякаваных сайтаў аднаўляецца адной кнопкай, якая будзе разьмешчаная на бачным месцы.

Сацсеткі яшчэ ніхто не забараніў

​У беларускіх «чорных сьпісах» ёсьць асобныя старонкі ў сацсетках, але цалкам сацыяльныя сеткі не забароненыя. А калі ў іх і заблякаваць старонку, аўтары могуць лёгка стварыць новую — значна хутчэй, чым рабілі б новы сайт або новы адрас для сайту. Тая ж «Хартыя-97» мае старонкі на Facebook, Twitter, Youtube, «Аднаклясьніках» і «Ўкантакце» — і можа там публікаваць навіны, за якія забаранілі іхны сайт. Таксама СМІ могуць карыстацца мэсэнджэрамі: у экстраным выпадку ствараць, напрыклад, суполку чытачоў у Viber або канал у Telegram.

P.S. Блякаваньні «ікаюць»

На момант публікацыі праз шэраг правайдэраў можна было зайсьці на «Хартыю» і «Партызан» па заблякаваных адрасах. Некаторыя правайдэры «пускаюць» на belaruspartisan.org ужо некалькі дзён. Ці караюць правайдэраў за тое, што яны не блякуюць забароненыя сайты, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG