Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі старонкі Тактычнай групы «Беларусь» і «Віцебскай народнай рэспублікі»


Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства інфармацыі Беларусі апублікавала абноўлены сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды трапілі суполкі нацыстаў, антыфашыстаў і беларускіх нацыяналістаў.

Сярод заблякаваных — старонкі на Facebook і «ЎКантакце» Тактычнай групы «Беларусь». Гэта супольнасьць беларускіх добраахвотнікаў, што ваюе на ўкраінскім баку ў канфлікце на Данбасе.

Таксама заблякаваныя VK-суполкі «Беларускае нацыяналістычнае зьяднаньне» (у абмеркаваньнях суполкі — заклікі да беларускіх дзяўчат ня мець стасункаў з хлапцамі зь Сярэдняй Азіі, а таксама не забароненыя самі па сабе вайсковыя падручнікі і інструкцыі) і «Думкі Альгерда» (нічога падобнага да незаконных матэрыялаў на момант публікацыі Свабода там не знайшла).

Паводле таго жа рашэньня суду прызналі кстрэмісцкай старонку фатографа-калекцыянэра Сяргея Мазура, якога ў верасьні дапытвала КДБ у сувязі з фатасэсіяй збанкоў у закінутым будынку недалёка ад базы спэцназу. Ён кажа Свабодзе, што суд праходзіў безь яго ўдзелу, ніякіх штрафаў ці папярэджаньняў ён пакуль не атрымліваў. Мазур сьцьвярджае, што не публікаваў нічога, што можна было бы прызнаць экстрэмісцкім; вышэй названыя суполкі не ягоныя, а з тактычнай групай «Беларусь» ён зьвязаны хіба тым, што рабіў некалькі рэпостаў іх запісаў (але ўжо выдаліў).

Віцебская народная рэспубліка — экстрэмізм, Гомельская — не?

Акрамя таго, заблякаваная адна з VK-старонак пад назвай «Віцебская народная рэспубліка» — ужо выдаленая. Іншая старонка пад такой назвай у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ня трапіла і працягвае актыўнасьць (налічвае 108 удзельнікаў на момант публікацыі). Мяркуючы па ёй, аўтары старонкі займаюць прарасейскія, але антылукашэнкаўскія пазыцыі, пры гэтым выкарыстоўваюць у сымболіцы герб «Пагоня».

Раней міліцыя шукала, але не знаходзіла экстрэмізм на іхных старонках. Аналягічная суполка «Гомельская Народная Республика» ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ня трапіла.

Разам зь імі экстрэмісцкімі назвалі шэраг старонак і матэрыялаў нэанацыстаў (у тым ліку Misanthropic Division), расістаў, радыкальных ісламістаў, анархістаў і прынамсі два стыкеры антыфашыстаў. У сьпіс трапілі і відэаролікі пад назвай «Стихотворение о кацапах. От Белоруса к Украинцам» і «Хотят ли русские войны».

***

Першым пунктам у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо даўно ідуць дыскі зь фільмам «Урок беларускай мовы» і відэазапіс канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» 2006 году. Таксама ў сьпісе, поруч з «Майн Кампф», ідуць альбом «Прэс-фота Беларусі 2011» і VK-суполка анархістаў «Пошуг», відэа скокаў пад крыкі «Хто ня скача — той маскаль» на Дні Волі-2015 і артыкулы ў блогу 1863x.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG