Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свастыка, янот, лімонка, зялёнка: расейскія радыкальныя рухі, якія адзначыліся ў Беларусі


Вайсковыя зборы для беларускіх падлеткаў, арганізаваныя расейскай ваенізаванай нацыяналістычнай арганізацыяй Enot Corp. 2016 год

Свабода сабрала інфармацыю пра радыкальныя рухі, якія ўзялі пачатак у Расеі і ў пэўнай ступені распаўсюдзіліся ў Беларусі.

На гэтым тыдні ў Менску далі пра сябе знаць нацболы з партыі «Другая Россия». Яны спрабавалі сарваць брыфінг спэцпрадстаўніка ад АБСЭ Марціна Сайдзіка па выніках перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Два хлопцы і дзьве дзяўчыны выкрыквалі палітычныя лёзунгі «Данбас — у склад Расеі!» і раскідалі ўлёткі з заклікам увесьці расейскія войскі на Данбас.

МЗС ацаніла ўчынак нацболаў як правакацыю. Затрыманы і асуджаны на пяць сутак арышту быў толькі адзін удзельнік — Цімафей Ермакоў.

Ультралевыя: лімонка ад Лімонава

Нацболы сумяшчаюць нацыяналістычныя погляды з бальшавіцкімі. У 2007 годзе нацыянал-бальшавіцкая партыя (НБП) рашэньнем суду была занесеная ў сьпіс экстрэмісцкіх і забароненая ў Расеі. Праз тры гады нацболы пад кіраўніцтвам пісьменьніка Эдуарда Лімонава стварылі партыю «Другая Россия».

Эдуард Лімонаў, лідэр партыі «Другая Россия»
Эдуард Лімонаў, лідэр партыі «Другая Россия»

Сымбаль «Другой России», такой сабе рэінкарнацыі НБП — граната-лімонка ў белым кружку на чырвоным фоне. З 2014 году лімонаўцы адпраўлялі добраахвотнікаў на Данбас ваяваць на баку сэпаратыстаў.

На радзіме нацболы пасьпелі адзначыцца захопамі адміністрацыйных будынкаў і цягніка, захоўваньнем зброі і масавымі дракамі. У 2002 годзе яны нават рыхтавалі пакушэньне на прэзыдэнта Латвіі.

Прэс-сакратар партыі Аляксандр Аверын сьцвярджае: арышт для актывістаў зьяўляецца нормай і сярод іх шмат хто быў асуджаны ў крымінальных справах.

Вядома, што ў Беларусі ёсьць нешматлікія прыхільнікі нацболаў. У мінулым студзені яны правялі пікет ля амбасады Ўкраіны ў Менску, на які, паводле іх, атрымалі дазвол ад гарадзкіх уладаў.

Знарок на брыфінг Сайдзіка прыехалі менавіта грамадзяне Расеі, мясцовым нацболам пра акцыю ў «Прэзыдэнт-гатэлі» ніхто не паведамляў. Пра гэта Свабодзе распавяла ўдзельніца акцыі Вольга Шаліна. Дзяўчына падкрэсьліла, што «бесьперашкодна пакінула тэрыторыю гатэлю».

Зялёнка ад Фёдарава

Да ўльтралевых рухаў можна залічыць і «Национально-освободительное движение», прыхільнікі якога ў Беларусі 4 лютага правялі пікет у падтрымку Расеі на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Пікет НОД на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 4 лютага 2017 году
Пікет НОД на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 4 лютага 2017 году

Ідэалёгія НОД будуецца на радыкальнай антылібэральнай, антыамэрыканскай рыторыцы ды ідэях аднаўленьня СССР. Рух актыўна падтрымлівае Пуціна, анэксію Крыму, прарасейскіх сэпаратыстаў у збройным канфлікце на Данбасе.

Кіруе НОДам дэпутат Дзярждумы РФ Яўген Фёдараў — чалец партыі «Единая Россия». У лістападзе 2012 году ён стварыў і ўзначаліў НОД, які першай справай пачаў супрацьстаяньне з апазыцыйным расейскім палітыкам Аляксеем Навальным — ключавой фігурай пратэстаў на Балотнай плошчы. У інтэрнэце лідэр НОД Фёдараў здабыў скандальную славу пасьля таго, як назваў сьпевака Віктара Цоя «агентам ЦРУ».

Сёньня рух мае прадстаўніцтвы ці ня ў кожным рэгіёне Расеі, а ў Маскве і Пецярбургу, акрамя «штабоў», дзейнічаюць «агітбрыгады». Менавіта сябры НОДу мінулай вясной у цэнтры Масквы зьняважылі, закідалі яйкамі і аблілі зялёнкай пісьменьніцу Людмілу Ўліцкую, якая адкрыта асудзіла расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

Нодаўцы пасьля нападу на Людмілу Ўліцкую
Нодаўцы пасьля нападу на Людмілу Ўліцкую

Акрамя таго, яны нападалі на фатографа выданьня «Коммерсант», кідаліся з граблямі на апазыцыйнага палітыка Міхаіла Касьянава, цкавалі артыста Канстанціна Райкіна, зьбівалі ўдзельнікаў антываеннага мітынгу.

Пікет салідарнасьці з Расеяй, які прайшоў у Менску 4 лютага, быў арганізаваны менскім каардынатарам НОД Уладзімерам Рыжанковым. У акцыі прынялі ўдзел 7 чалавек.

Рух у Беларусі афіцыйна нідзе не зарэгістраваны. «НОД-Беларусь» мае дзьве суполкі ў сацсетцы «ЎКантакце»: у першай больш за 1300 удзельнікаў, у другой — менш за 100. Таксама старонка «НОД-Беларусь» ёсьць у «Одноклассниках» — там больш за 3300 падпісчыкаў.

Ультраправыя: РНЕ, Misanthropic Division, Enot Corp.

Самым старым, і, бадай, самым вядомым праварадыкальным рухам у гісторыі Расеі постсавецкага пэрыяду зьяўляецца «Русское Национальное Единство» (РНЕ). Прыхільнікаў арганізацыі таксама называюць баркашоўцамі — ад імя заснавальніка РНЕ Аляксандра Баркашова. 16 кастрычніка 1990 году ад радыкальнага манархісцкага таварыства «Память» аддзялілася група актывістаў на чале з Баркашовым. У аснову сваёй ідэалёгіі яны заклалі ідэю «найвышэйшага прызначэньня Расеі і расейскага народу перад Богам». На думку нямецкага палітоляга Андрэаса Умлянда, РНЕ «старанна імітавала нацызм заходняга ўзору». У якасьці вітаньня сябры РНЕ звычайна ўскідваюць правую руку.

Ілюстрацыйнае фота. Байцы РНЕ перад Домам Саветаў РФ. 4 кастрычніка 1993 году
Ілюстрацыйнае фота. Байцы РНЕ перад Домам Саветаў РФ. 4 кастрычніка 1993 году

Апранутыя ва ўсё чорнае і з эмблемай «коловрат» — свастыкай, сумешчанай зь Віфлеемскай зоркай, — РНЕшнікі рушылі да Белага дома (у Маскве) у кастрычніку 1993 году. Гэта стала іх першым масавым выступленьнем з прымяненьнем фізычнай сілы. Як пазьней будзе распавядаць сам Баркашоў, 3 кастрычніка ў будынку Вярхоўнага Савету РФ стаялі на варце 168 узброеных байцоў РНЕ. У справаздачы камісіі Дзярждумы па дадатковым вывучэньні і аналізе падзеяў 21 верасьня-5 кастрычніка 1993 году адзначаецца:

«Атрад РНЕ колькасьцю каля сотні чалавек пад камандаваньнем А.Баркашова ўваходзіў у склад ахоўнага падразьдзяленьня і быў падначалены наўпрост міністру абароны Расеі Ачалаву, аднак цалкам Ачалавым не кантраляваўся».

Гэта значыць, асобныя высокапастаўленыя прадстаўнікі ўладаў, якія супрацьстаялі тагачаснаму прэзыдэнту Барысу Ельцыну, выкарысталі баркашоўцаў для дасягненьня сваіх мэтаў, не пабаяўшыся раздаць радыкалам аўтаматы АК-74У.

РНЕ ў Беларусі: гвалт на мітынгах, забойства Завадзкага і вярбоўка баевікоў

У Менску ячэйка РНЕ зьявілася ў 1996 годзе, яе ўзначаліў малады нэанацыст Глеб Самойлаў. У тыя часы яны нават мелі ўласны офіс і выдавалі афіцыйна зарэгістраваную Міністэрствам інфармацыі Беларусі газэту «Русский порядок».

Ёсьць сьведчаньні таго, што ў канцы 90-х РНЕшнікі зьбівалі актывістаў дэмакратычнай апазыцыі на мітынгах. Былы супрацоўнік беларускай пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч сьцьвярджаў у інтэрвію СМІ: у лютым 1999 году правыя радыкалы ў чорнай уніформе да крыві зьбілі палітыкаў Зьміцера Бандарэнку, Андрэя Саньнікава і журналіста Алега Бябеніна.

Самойлаў сябраваў з Валерам Ігнатовічам, пажыцьцёва асуджаным за забойства журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, але адносіны паміж імі паступова абвастраліся. Гэта прывяло да расколу беларускай філіі РНЕ. 5 жніўня 2000 году Самойлаў быў забіты паляўнічым нажом трыма невядомымі ля пад’езду свайго дома. Афіцыйнай рэгістрацыі РНЕ так і не дамаглося ні ў Беларусі, ні ў Расеі.

Адразу пасьля сьмерці Самойлава кіраўніком беларускай ячэйкі дэ-факта стаў гарадзенец Андрэй Саковіч. Як даведалася Свабода, цяпер ён жыве ў Расеі, займаецца паўэрліфтынгам і не бярэ актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці.

Сяргей Караткіх, таксама былы сябар РНЕ, які ў 2014 годзе зьехаў ва Ўкраіну і ваяваў у складзе батальёну «Азоў», расказаў, што Саковіч нібыта вэрбаваў наёмнікаў у «ЛДНР». Сам Саковіч гэтай інфармацыі не пацьвярджае і не абвяргае.

Праз 15 гадоў параўнальнай цішыні РНЕ зноў актывізавалася падчас канфлікту на Данбасе. Баркашоў пачаў зьбіраць атрады добраахвотнікаў для адпраўкі ў шэрагі незаконных узброеных фармаваньняў. Адпаведныя ўлёткі зьяўляліся і на вуліцах беларускіх гарадоў.

«Баркашоўцы» вэрбуюць баевікоў у тым ліку праз суполкі «УКантакце». Зь пяці з паловай тысяч падпісчыкаў старонкі «Добраахвотніцкія атрады РНЕ» 265 чалавек — жыхары Беларусі.

Прывід Misanthropic Division

Яшчэ адна афіцыйна не зарэгістраваная арганізацыя радыкальных нацыяналістаў пад назвай Misanthropic Division паўстала ў 2013 годзе. Прынамсі, у сеціве зьявіліся першыя згадкі пра «мізантропаў».

У адрозьненьне ад РНЕ, гэтыя радыкалы не зьяўляліся масава на публіцы — новая генэрацыя ўльтраправых дзейнічае ў асноўным у інтэрнэт-прасторы. Журналістам вядома пра хіба адзіную акцыю «мізантропаў» у рэальным жыцьці — паводле праваахоўнікаў, вандалы з Misanthropic Division намалявалі нацысцкую сымболіку на помніку савецкім салдатам у Краснаярску.

Пасьля анэксіі Крыму Misanthropic Division нібыта распалася на дзьве галіны: тыя, хто «за Ўкраіну» і тыя, хто падтрымлівае сэпаратыстаў. Але ўсе яны вызнаюць погляды, блізкія да нацыянал-сацыялізму, фашызму. Асаблівай папулярнасьцю ў іх карыстаецца культ фізычнай сілы.

У ліпені 2015 году Краснаярскі суд прызнаў Misanthropic Division экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў яе дзейнасьць на тэрыторыі РФ.

Праз год, у ліпені 2016-га, Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да меркаванага кіраўніка арганізацыі. Паводле вэрсіі сьледзтва, ім аказаўся ўраджэнец Беларусі Дзьмітры Паўлаў. СК РФ абвінаваціў Паўлава ў стварэньні міжнароднай экстрэмісцкай арганізацыі з аддзяленьнямі ў 19 краінах, скіраванай на «прапаганду нэанацысцкіх поглядаў, заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці і распальваньне варожасьці».

Як высьветліла Свабода, Паўлаў жыў у Менску, працаваў праграмістам у IT-кампаніі EPAM, ажаніўся ва Ўкраіне і зьехаў у Нямеччыну. Расейскі бок заяўляў пра намер накіраваць запыт у Нямеччыну на экстрадыцыю Паўлава, аднак рэальных крокаў зроблена не было. Акрамя гэтага інцыдэнту, відавочных сьлядоў Misanthropic Division у Беларусі няма.

Тым часам расейскі нацыяналіст Дзьмітрый Дзёмушкін заявіў агенцтву НСН, што Misanthropic Division — гэта «выключна інтэрнэт-тэма, якая ніколі не была ні рухам, ні партыяй, ні нейкім грамадзкім абʼяднаньнем». Пра Паўлава Дзёмушкін наогул ня чуў.

Агрэсыўныя «яноты» і іхная барацьба

Да пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны цяперашнія чальцы Enot corp. практыкавалі аблавы на мігрантаў зь Сярэдняй Азіі і Каўказу ў Маскве. У 2014 годзе нацыяналістычная групоўка на чале з Раманам Целянкевічам адправілася ваяваць на баку сэпаратыстаў, выбраўшы ў якасьці свайго сымбалю выяву янота. Пры гэтым баевікі не належалі ні да адной афіцыйнай сілавой структуры і дзейнічалі як клясычная прыватная ваенная кампанія. Праўда, крыніцы фінансаваньня атраду застаюцца цьмянымі, бо самі баевікі ніколі не называлі імёны спонсараў.

Лёзунгі Enot Corp. — «Вайна і размнажэньне», «Пакуль адны гавораць, мы робім!»

На іхняй старонцы ў сацыяльнай сетцы ёсьць фотаальбом пад назвай «Аўкцыён нябачанай шчодрасьці», у якім баевікі хваляцца сумнеўнымі трафэямі. Напрыклад, прапануюць набыць за 10 тысяч рублёў бэрэт камандзіра аднаго з батальёнаў украінскай выведкі. «Унутры рэшткі мазгоў», — падпісана пад фота. Там жа можна ўбачыць пагоны супрацоўнікаў СБУ, сарваныя з уласьнікаў падчас штурму будынка спэцслужбы ў Луганску.

Па вяртаньні з вайны «яноты» легалізаваліся, атрымаўшы афіцыйны статус РГА — рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі.

На асноўную суполку Enot Corp. «УКантакце» падпісаныя каля 12 тысяч чалавек, сярод якіх дзьве сотні беларусаў. Варта адзначыць: акрамя цэнтральнай ячэйкі, радыкалы маюць шэраг «дачок»: хтосьці мэтанакіравана працуе з моладзьдзю, хтосьці вучыць тактыцы выжываньня ў палявых умовах, а хтосьці адказвае за супрацоўніцтва зь іншымі клюбамі.

Мінулай вясной беларускія журналісты даведаліся, што падлеткаў зь Віцебскай вобласьці вывозілі на ваенізаваныя зборы ў Падмаскоўе, арганізаваныя Enot Corp., дзе інструктары-нэанацысты праводзілі баявую падрыхтоўку. Зь беларускага боку з радыкаламі супрацоўнічаў цэлы шэраг структураў: і «казакі», і былыя вэтэраны-аўганцы, і праваслаўныя сьвятары.

Пасьля вясновай паездкі беларускай каманды міліцыя паабяцала правесьці праверку ў дачыненьні да дарослых, якія вывозілі дзяцей. На наступныя зборы ў ліпені 2016 году беларусы не паехалі. А ў верасьні яны зноў апынуліся ў «янотаў», праўда, перамяшаліся з камандай з так званай «ДНР». У канцы лістападу 25-30 беларускіх падлеткаў прыехалі ў лягер і сфатаграфаліся ў масках, трымаючы ў руках вялікі афіцыйны сьцяг Рэспублікі Беларусь.

ваенна-патрыятычныя зборы ў гонар сьвятога Дзьмітрыя Данскога прайшлі 9–11 верасьня ў Падмаскоўі
ваенна-патрыятычныя зборы ў гонар сьвятога Дзьмітрыя Данскога прайшлі 9–11 верасьня ў Падмаскоўі

На сайце Enot Corp. апошнім часам зьявілася некалькі публікацыяў на тэму палітычнай сітуацыі ў Беларусі. І калі раней аўтары крытыкавалі празаходнюю дэмакратычную апазыцыю, то цяпер пераключыліся на крытыку Аляксандра Лукашэнкі.

«І хоць няма сумневу, што ў выніку мы ўсё адно вызвалім беларускую зямлю ад налёту фальшывых эўрапейскіх каштоўнасьцяў, „бацька“ на той момант здолее ацаніць гэта толькі ў тым выпадку, калі пасьпее дабегчы да расейскай мяжы і здацца на міласьць ФСБ», — такімі словамі завяршаецца артыкул на сайце «янотаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG