Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі западозрылі экстрэмізм у фрагмэнце зь «Нязнайкі» пра паліцыю


Спэктакаль пра Нязнайку, архіўнае фота

Жыхара расейскага Краснадару Міхаіла Малахава выклікалі ў пракуратуру для дачы паказаньняў у сувязі з публікацыямі ў ягонай суполцы «ЎКантакце»: як Малахаў тлумачыць TJournal, ва ўрыўку з кнігі «Нязнайка на Месяцы» пабачылі распальваньне нянавісьці да праваахоўнікаў.

Error rendering VK.

Суполка Міхаіла Малахава «Радикальные мечтатели» налічвала менш за тры сотні падпісантаў. Пост з урыўкам з кнігі быў апублікаваны яшчэ 28 сакавіка, затым паўторна, зь іншай выявай, — 10 жніўня, але з пракуратуры да аўтара, як ён кажа, зьвярнуліся па тэлефоне толькі 6 кастрычніка.

Таксама пракуратура, як сьцьвярджаецца, зьвярнула ўвагу на пост, што пачынаецца словамі «Расея, ты здурнела», дзе аўтар разважае, што Расея ваюе ў Сырыі ня толькі супраць тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», але і супраць усіх ворагаў кіраўніка краіны Башара Асада, якога аўтар назваў «дыктатарам».

У пракуратуры, як Малахаў расказвае «Открытой России», заявілі, што на суполку паступіла скарга, але ад каго, не ўдакладнілі. Рашэньне ў справе будзе прынятае пасьля лінгвістычнай экспэртызы. Сам Малахаў пакуль толькі зьбіраецца пайсьці ў пракуратуру і плянуе зрабіць гэта ў суправаджэньні адваката. Ён падазрае, што скарга можа быць зьвязаная з тым, што раней ён на камэрцыйнай аснове вёў суполкі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», але цяпер перайшоў на «другі бок».

Расейская міліцыя пакуль ніяк не камэнтавала заяваў Малахава.

У Расеі экстрэмістам можа стаць Пятачок, у Беларусі — прэс-фота гэта экстрэмізм

Расейцаў раней ня раз судзілі за публікацыі ў сацсетках: напрыклад, дырэктарцы маскоўскай «Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры» прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з улікам году і 7 месяцаў, што яна ўжо правяла пад хатнім арыштам, за распаўсюд «русафобскіх» матэрыялаў, у лік якіх трапіла ўкраінская дзіцячая кніжка «Барвінок».

У Расеі таксама існуе сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, у якім сярод іншага ёсьць выява героя «Віні-Пыха» Парсючка з подпісам «Кажется, бунт начинается». У аналягічным беларускім сьпісе ёсьць у тым ліку відэа канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю», фільм «Урок беларускай мовы» пра Коласаўскі ліцэй, альбом «Прэс-фота Беларусі 2011» і відэа скокаў пад крыкі «Хто ня скача — той маскаль» на Дні Волі-2015.

XS
SM
MD
LG