Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына фатаграфаваў збанкі пад базай спэцназу ў Мар’інай Горцы. Затрымалі, дапытаў КДБ


Ілюстрацыйнае фота, © Shutterstock

У Мар’інай Горцы 14 верасьня быў затрыманы мясцовы фатограф-калекцыянэр Сяргей Мазур. У яго канфіскавалі карту памяці з фотаапарата, яго дапытала КДБ, праз 4 дні абяцалі ці аддаць канфіскаванае, ці выклікаць на допыт.

Як сказаў Мазур Свабодзе, ён проста фатаграфаваў збанкі ў закінутым будынку недалёка ад базы спэцназу, а ўвагу да сябе зьвязвае з вучэньнямі «Захад-2017».

«Я калекцыянэр старажытнага шкла, у мяне свая тэма на форуме на Onliner, там разглядаем розны шкляны посуд і ягоную гісторыю, — расказвае Мазур. — Каб у гэтую тэму выкладваць фота шкла, цягам ужо некалькіх гадоў я свае артэфакты фатаграфую ў старым разьбітым будынку ў Мар’інай Горцы, у паўкілямэтры ад вайсковай часткі, праз дарогу.

Учора пайшоў туды фатаграфаваць, падскочыў патруль, мяне затрымалі. Пагадзіўся зь ім дайсьці да часткі, паглядзелі ў мяне на апараце фота. Там нават ніякіх агульных плянаў не было, толькі буйным плянам гліняныя збанкі.

Думаю, ну хай сабе салдаты бонус заробяць, што затрымалі. А яны ў контарвыведку, у КДБ, яшчэ чорт ведае куды зьвярнуліся. Прыехала міліцыя, упакавалі мяне, павезьлі ў аддзяленьне, там прамарнавалі паўгадзіны. Пераглядалі фота — нічога незаконнага няма.

Начальнік КДБ паглядзеў на флэшцы фота зь бела-чырвона-белым сьцягам у Курапатах, што я некалі рабіў, і гэта яго як зачапіла! Кажа, „зь ім працуйце па поўнай“, „рыхтуйся, мы табе створым праблемаў“. Зразумела, знойдуць, чым мне адпомсьціць.

Супрацоўнікі міліцыі ня мелі да мяне ніякіх прэтэнзіяў, але начальнік КДБ ім сказаў скласьці адміністрацыйны пратакол ці яшчэ нешта, каб канфіскаваць карту памяці, дык яны самі не разумелі, што ім рабіць, што за сытуацыя і навошта гэта разгортваць праз тое фота са сьцягам. А КДБ пытала, ці захоўваеце той сьцяг дома, дзе куплялі, ці часта купляеце нешта ў Symbal.by, што за „Пагоня“ і „пакемонскі сьцяг“... Нібы я нейкае злачынства ўчыніў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG