Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнікаў выправілі ў вайсковую частку пажадаць «посьпехаў» на вучэньнях «Захад-2017»


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія танкі ўжо ў Беларусі — на станцыю Вярэйцы, што пад Асіповічамі, прыйшоў эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай

Як паведамляе сайт Міністэрства абароны, у 465-й ракетнай брыгадзе, раскватараванай у ваколіцах Асіповічаў, праведзены «ўрок мужнасьці» з навучэнцамі Цэльскай і Лапіцкай сярэдніх школаў.

Абодва населеныя пункты даўно суседнічаюць з вайсковай часткай — першыя вайскоўцы зьявіліся тут адразу пасьля Другой усясьветнай вайны.

Камандзір брыгады палкоўнік Дзьмітры Савіцкі і падпалкоўнік Аляксандар Аўдзей расказалі школьнікам пра задачы, якія ставяцца перад вайскоўцамі на час вучэньняў «Захад-2017», а таксама пахваліліся посьпехамі ракетчыкаў падчас ранейшых манэўраў.

Заадно ўдзельнікі «ўроку мужнасьці» пазнаёміліся з гісторыяй вёскі Цэль, чыя біяграфія «неразрыўна зьвязаная» з вайсковай часткай.

Паводле дырэктара Цэльскай сярэдняй школы Анатоля Качанава, сустрэча прайшла «на самым высокім узроўні»: дзеці засталіся задаволенымі і шмат даведаліся пра армейскую службу.

Навучэнцы і настаўнікі пажадалі ракетчыкам, якія ўдзельнічаюць у сумесных расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», «пасьпяховага выкананьня пастаўленых задач».

***

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi 13 верасьня адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG