Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі нацыяналіст уцёк з-пад хатняга арышту ў Літву празь Беларусь


Затрыманьне Юрыя Горскага падчас акцыі за права правядзеньня мітынгаў. Снежань 2016 году.

Уцекачоў з Расеі нацыяналістаў Юрыя Горскага і Вячаслава Мальцава расейскія ўлады ў чацьвер ўнесьлі ў так званы сьпіс «тэрарыстаў і экстрэмістаў».

Мальцава ў Расеі абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкай супольнасьці», а Горскага — у «публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці». Мальцаў, паводле непацьверджаных дадзеных, цяпер знаходзіцца ў Грузіі, Горскі зьбег з-пад хатняга арышту ў Літву.

У першым інтэрвію пасьля ад’езду з Расеі член каардынацыйнай рады «Новай апазыцыі» Юрый Горскі распавёў Радыё Свабода, чым ён плянуе займацца ў чаканьні зьмены ўлады ў Расеі, а таксама аб намеры «ажыцьцяўляць функцыю тэрарыста і экстрэміста», у чым яго і абвінавачваюць у Расеі . Інтэрвію было запісана 13 ліпеня.

— Дзе вы цяпер знаходзіцеся і чым займаецеся?

— Я знаходжуся ў Літве, у горадзе Паланга. Прывыкаю да жыцьця на выгнаньні.

— Як вы трапілі ў Літву?

— У дэталях пакуль яшчэ рана пра гэта казаць, паколькі ў мяне яшчэ засталася ў Расеі сям’я. Пазаўчора (11 ліпеня. — РС) дапытвалі маю жонку, учора дапытвалі маіх дзяцей. Яны ня ў курсе былі, што я зьбіраюся рабіць, гэта было для іх поўнай нечаканасьцю, таму што гэта было спантаннае рашэньне, я скарыстаўся халатнасьцю і некампэтэнтнасьцю спэцслужбаў, і мне ўдалося пакінуць Расею празь Беларусь. Я перасек мяжу на прапускным пункце Каменны Лог.

— Гэта значыць, па вашай справе зараз дапытваюць вашу сям’ю...

— Так, але я ведаю, што існуе сьпіс, у якім каля 15 прозьвішчаў, каго сьледзтва зьбіраецца дапытаць і правесьці ў іх ператрусы. Гэта члены маёй сям’і і набліжаныя да мяне людзі па дзейнасьці майго сайту, які, як толькі я зьехаў з Расеі, адразу ўнесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх. Там у мяне ёсьць невялікі калектыў супрацоўнікаў, якія дапамагаюць ажыцьцяўляць працу сайту, і я думаю, што іх таксама чакаюць ператрусы і допыты. А таксама маіх калегаў па «Новай апазыцыі» — Рамана Кавалёва і Дзьмітрыя Клябанава, іх таксама могуць прыцягнуць сьведкамі па гэтай крымінальнай справе.

— Вы будзеце падаваць прашэньне аб прадстаўленьні вам у Літве палітычнага прытулку?

— Гэта самая натуральная магчымасьць, паколькі Літву я ведаю добра, прыяжджаю сюды ўжо на працягу трох гадоў. Але ў мяне ёсьць і іншыя варыянты. Напрыклад, мне паступіла прапанова зрабіць тое ж самае ў Францыі. Я пагляджу, у мяне некалькі варыянтаў. На сёньняшні дзень я знаходжуся ў Эўразьвязе па турыстычнай візе, дакладней, па мультывізе, якая мне была выдадзена ў жніўні 2016 году літоўскай амбасадай на два гады. Я магу яшчэ знаходзіцца тут да жніўня, не парушаючы міграцыйнае і візавае заканадаўства, перамяшчацца па Эўразьвязе. Значыць, у мяне ёсьць яшчэ месяц, каб падумаць, дзе мне прасіць палітычнага прытулку. Але Літва на першым месцы.

— Але ў Расею вы вяртацца ў любым выпадку не плянуеце?

— Не, вяртацца ў Расею я на сто адсоткаў пляную, але толькі як зьменіцца ўлада. І ўсяляк буду гэтаму спрыяць, знаходзячыся тут. Па-першае, я буду ў статусе сьпікера «Новай апазыцыі» ствараць тут філіялы гэтай арганізацыі. І таксама, будучы расейскім нацыяналістам (а я знаёмы і з эўрапейскімі нацыяналістамі), буду эўрапейскай эліце тлумачыць, што сапраўдны нацыяналізм не ўяўляе небясьпекі для Эўразьвязу. Напрыклад, Пуцін называе сябе нацыяналістам, але такім не зьяўляецца, паколькі ён дэкляруе нейкія словы, а насамрэч пад ім стаіць імпэрскі шавінізм. Я хачу, каб эўрапейцы зразумелі, што імпэрскі шавінізм ня мае нічога агульнага з нацыяналізмам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG