Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні расейца асудзілі на 3,5 году калёніі за рэвальвэр і «Mein Kampf»


Кніга Адольфа Гітлера «Mein Kampf», ілюстрацыйнае фота

Суд Гарадзенскага раёну прысудзіў 3,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму 67-гадоваму грамадзяніну Расеі, які спрабаваў трапіць з Польшчы ў Беларусь з забароненай у Беларусі кнігай «Mein Kampf» Адольфа Гітлера 1941 году выданьня, антыкварным рэвальвэрам і 46 патронамі, а таксама картачай і кінжалам, перадае Naviny.by.

Расеец спрабаваў давесьці ў судзе, што ўсё гэта сувэніры, але было выяўлена, што рэвальвэр і патроны баявыя.

Правозіць у Беларусь пэўную зброю (у тым ліку антыкварную) можна, трэба атрымаць адпаведную ліцэнзію ў Міністэрстве ўнутраных справаў, а таксама дазвол у МУС і абласным УУС. Для ўвозу адзінкі зброі для асабістага карыстаньня або спартовых спаборніцтваў ліцэнзія на ўвоз не патрэбная — толькі дазвол МУС і УУС.

У беларускі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уваходзяць як «Mein Kampf», кнігі праваслаўных і мусульманскіх экстрэмістаў, так і беларускі фільм пра закрыты Лукашэнкам гуманітарны ліцэй «Урок беларускай мовы», відэа варшаўскага канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» і фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2011», а таксама суполкі анархістаў у сацсетках і відэа скокаў на Дзень Волі-2015 з поклічам «Хто ня скача — той маскаль».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG