Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 чэрвеня расейца будуць судзіць у Горадні за рэвальвэр і кнігу «Mein Kampf»


Кніга Адольфа Гітлера «Mein Kampf», ілюстрацыйнае фота

Днямі ў судзе Гарадзенскага раёну распачнецца працэс у дачыненьні грамадзяніна Расеі. Ён абвінавачваецца ў кантрабандзе зброі і кнігі Адольфа Гітлера «Mein Kampf», перадае БелТА.

Дата суду прызначаная сымбалічная — 22 чэрвеня, дзень нападу нацысцкай Нямеччыны на СССР. Суд пройдзе ў адкрытым рэжыме.

Як паведамляюць у Дзяржаўным памежным камітэце, расеец прыбыў у пункт пропуску Брузгі з Польшчы. Падчас агляду ў яго знайшлі рэвальвэр, а ў поласьцях салёну аўтамабіля — амаль паўсотні патронаў для пісталета «Браўнінг», шрот і кінжал.

Таксама памежнікі канфіскавалі згаданую кнігу Гітлера 1941 году выданьня, якая значыцца ў сьпісе забароненай для распаўсюду экстрэмісцкай літаратуры.

У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, за незаконнае набыцьцё, захоўваньне і перавозку празь мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама экстрэмісцкай літаратуры сукупна яму пагражае працяглы тэрмін зьняволеньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG