Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзень у сьвеце памірае больш за 10 тысяч карыстальнікаў Facebook. Але старонкі не выдаляюцца аўтаматычна — сацсеткам ніхто не паведамляе пра сьмерць карыстальніка, яны толькі ведаюць, калі апошні раз чалавек быў анлайн.

Звычайна старонкі застаюцца закінутымі, але іх у такім стане могуць узламаць зламысьнікі і пачаць рассылаць ад імя памерлага непажаданую рэкляму.

Старонкі могуць выдаліць уручную родзічы карыстальніка — нават калі ня ведаюць паролю. Але некаторыя сацсеткі прапануюць таксама захаваць акаўнты як «мэмарыяльныя», з усімі пастамі і фота чалавека.

У большасьці сацыяльных сетак хутчэй за ўсё адкажуць на ангельскамоўны ці расейскамоўны запыт, але наўрад ці зразумеюць беларускамоўны запыт. Зрабіць запыт па спасылках ніжэй можа нават чалавек, не зарэгістраваны ў сацсетцы.

Ніводная з папулярных сацсетак не дае поўнага доступу да акаўнту нават родзічам памерлага — зайсьці ў перапіску ад імя памерлага ня выйдзе.

Facebook

©Shutterstock
©Shutterstock

У «Фэйсбуку» можна як папрасіць выдаліць акаўнт памерлага, так і ператварыць яго ў «мэмарыяльную старонку». Калі староку выдаліць, яе больш ніхто ня будзе бачыць.

У акаўнт, зь якога зрабілі «мэмарыяльную старонку», ніхто ня зможа ўвайсьці і пачаць карыстацца ёй ад імя памерлага, але іншыя змогуць бачыць «мэмарыяльную старонку», пакідаць пасты на ёй і дзяліцца на старонцы здымкамі, калі сам памерлы дазваляў іншым рабіць пасты на сваёй старонцы. Да імя на такой старонцы будзе дададзены подпіс «Успамінаем» (Remembering). Старонка будзе зьяўляцца ў пошуку, але ня будзе — у старонках кшталту «Людзі, якіх вы можаце ведаць».

Каб выдаліць акаўнт або зрабіць яго мэмарыяльным, трэба запоўніць гэтую форму, даць скан або якаснае фота пасьведчаньня аб сьмерці, нэкралёга ці іншага дакумэнту, які пацьвярджае сьмерць. Запоўніць форму можа або блізкі родзіч, або юрыдычна ўпаўнаважаны на дзеяньні са спадчынай памерлага.

Любы карыстальнік можа ў наладах (у разьдзеле «Агульныя», падразьдзел «Кіраваньне акаўнтам») даць іншаму доступ да сваёй старонкі на выпадак сьмерці — прызначыць кагосьці «захавальнікам» (legacy contact). «Захавальнік» зможа зьмяніць фота ў профілі, замацаваць пост у стужцы акаўнту і спампаваць усе пасты, фота і відэа памерлага, але ня зможа праглядаць паведамленьні ці рабіць пасты ад імя памерлага. У тым жа падразьдзеле можна абраць незваротнае выдаленьне акаўнту пасьля сваёй сьмерці — нават калі родзічы будуць прасіць захаваць акаўнт як «мэмарыяльны».

Instagram

Як і Facebook, Instagram дазваляе выдаліць акаўнт памерлага або зрабіць яго мэмарыяльным. Запыты на гэта прымаюцца ад родзічаў ці сяброў праз гэтую форму. У якасьці доказу можна прадставіць як скан або фота дакумэнта, так і спасылку на навіну аб сьмерці чалавека.

Мэмарыяльны акаўнт ня можа быць ніяк зьменены, у яго ніхто ня зможа залагініцца і дзейнічаць ад імя памерлага, але сама старонка застанецца даступнай для прагляду ў той форме, у якой яе пакінуў памерлы карыстальнік.

Але ў Instagram нельга прызначыць адказнага за старонку пасьля сваёй сьмерці або папрасіць абавязкова выдаліць сваю старонку пасьля таго, як нехта прадставіць пасьведчаньне аб сьмерці.

Twitter

У «Твітэры» можна толькі папрасіць адключыць акаўнт памерлага чалавека — яшчэ 30 дзён ён будзе дасяжны для аднаўленьня, але пасьля будзе незваротна выдалены. Каб дэактываваць акаўнт, родзіч або правапераемнік памерлага мае запоўніць гэтую форму і чакаць адказу на элеткронную пошту — праз пошту папросяць выслаць дакумэнты, што даказваюць факт сьмерці і сувязь аўтара зварота з памерлым.

Зрабіць акаўнт мэмарыяльным або дэактываваць яго ніяк нельга. Але праз згаданую вышэй форму родзічы памерлага могуць папрасіць выдаліць фота або відэа з памерлым, гэтыя запыты задавольваюць «у некаторых выпадках» і «з улікам іх цікавасьці для шырокай публікі, як і важнасьці ў навінах».

VK

«УКантакце» прапануе або выдаліць, або закрыць старонку памерлага. Калі старонку закрыць — старонка застанецца даступнай для прагляду іншым карыстальнікам, але ніхто ўжо ня зможа ўвайсьці ў акаўнт або ўзламаць яго.

У любым разе трэба будзе адсканаваць пасьведчаньне аб сьмерці або зрабіць яго якаснае фота і запоўніць гэтую форму. У тэме варта напісаць нешта кшталту «Запыт на выдаленьне/закрыцьцё старонкі памерлага», пад тэкстам ліста і спасылкай на старонку трэба націснуць на значык фотаздымача і запампаваць выяву пасьведчаньня аб сьмерці.

Магчымасьці папрасіць аб выдаленьні свайго акаўнту пасьля сьмерці або прызначыць «захавальніка» акаўнту няма.

«Аднаклясьнікі»

©Shutterstock
©Shutterstock

OK.RU дае толькі магчымасьць выдаліць профіль памерлага чалавека. Родзічы могуць зьвярнуцца да адміністрацыі праз гэтую форму, прыклаўшы да звароту фота або скан пасьведчаньня аб сьмерці. Папрасіць выдаліць акаўнт можна нават ня ведаючы спасылку на яго — проста напісаць імя чалавека і прыкласьці пасьведчаньне аб сьмерці, а адміністрацыя паспрабуе сама адшукаць профіль.

Ніякіх дадатковых варыянтаў, як «мэмарыяльны профіль» або закрыцьцё профілю, сацсетка не дае, у тым ліку не дае родзічам памерлага ніякага доступу да старонкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG