Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праверыць, ці не ўзламалі вашыя сацсеткі злодзеі і спэцслужбы


Акаўнты ў сацыяльных сетках могуць узломваць так, што вы і не даведаецеся пра ўзлом, пакуль ня спраўдзіце, ці адзіны вы карыстальнік. Падобна, што сацсеткі могуць узломваць ня толькі зламысьнікі: беларусы ня раз заяўлялі, што іхнія акаўнты ўзломвалі спэцслужбы.

Большасьць сацсетак дазваляе спраўдзіць, хто і калі заходзіў у акаўнт. Некаторыя могуць і папярэдзіць, калі ў акаўнт заходзіць нехта новы. Часьцей за ўсё можна паглядзець ня толькі час, але і IP-адрасы, і тып прылады. І калі вы пабачыце, што на ваш акаўнт заходзілі зь невядомай вам прылады ў час, калі вы не маглі гэта зрабіць, трэба засьцерагчыся.

Такімі засьцярогамі могуць быць завяршэньне ўсіх сэансаў (вам давядзецца зноў уводзіць лагін і пароль на ўсіх прыладах, але тое самае давядзецца рабіць і зламысьніку), зьмена паролю, уключэньне дадатковых спосабаў праверкі пры ўваходзе (праз SMS ці генэратар кодаў).

«УКантакце» мае ў наладах разьдзел «Бясьпека». Там можна знайсьці пункт «Паказаць гісторыю актыўнасьці». Можна пабачыць тып прылады, час, краіну, IP-адрас і цяперашнюю актыўнасьць (анлайн ці афлайн). У выпадку, калі вы ня ўпэўненыя, ці за ўсе радкі адказныя вы, лепей націснуць кнопку «Скончыць усе сэансы». Да таго ж «УКантакце» аўтаматычна паведамляе карыстальнікам праз электронную пошту і ўсплываючае паведамленьне пра ўсе спробы ўваходу ў акаўнт.

Facebook таксама мае падобную функцыю ў разьдзеле наладаў «Бясьпека». Там усё падзелена па пунктах: «Сыгналы аб уваходзе» — куды вам будуць прыходзіць паведамленьні пра ўваход з новых прыладаў, «Вашыя аглядальнікі сеціва» — адкуль вам ня будуць прыходзіць паведамленьні пра ўваход, «Месца ўваходу» — адкуль і калі на ваш акаўнт заходзілі (IP-адрасы не паказваюцца). Можна завяршыць адну з актыўнасьцяў, можна ўсе разам.

Twitter хавае гэтую функцыю пад іншай назвай: у наладах трэба шукаць разьдзел «Вашыя зьвесткі ў Твітэры». Там можна пабачыць, калі і адкуль заходзілі ў акаўнт, але нельга завяршыць адразу ўсе сэансы. Аднак можна зайсьці ў разьдзел «Праграмы» і забараніць доступ падазроным праграмам. Паведамленьні пра ўваход можна атрымаць, толькі калі ўключыць пацьверджаньне ўваходу праз SMS у разьдзеле «Бясьпека і прыватнасьць».

«Аднаклясьнікі» маюць у наладах (кнопка «Зьмяніць налады» пад аватаркай) разьдзел «Гісторыя наведваньняў» са сьпісам адрасоў, зь якіх заходзілі ў акаўнт, і ў гэтым разьдзеле ёсьць кнопка «Закрыць усе іншыя праграмы» (зноў заходзіць у акаўнт ня прыйдзецца зь цяпер актыўнай прылады). А вось паведамленьняў пра ўваход з новых прыладаў няма.

Google мае сваю сацсетку Google+, хоць ёй мала хто карыстаецца. Але поштай Google карыстаецца шмат хто — у тым ліку амаль усе, хто мае Android-смартфоны. На любым сэрвісе Google можна клікнуць на сваю аватарку, а там на кнопку «Мой акаўнт» — першым жа чынам пакажацца разьдзел «Бясьпека і ўваход». У ім можна пабачыць сьпіс прыладаў, падключаных да акаўнту, па кліку на прыладу даведацца падрабязнасьці ці закрыць доступ падазронай прыладзе. Наладзіць паведамленьні пра ўваход можна ў разьдзеле «Дзеяньні на прыладзе і паведамленьні».

Такой функцыі няма ў Instagram, а таксама ў папулярных мэсэнджэрах Viber ці WhatsApp, але яна ёсьць, напрыклад, у наладах Telegram. У Skype гэтая функцыя схаваная: яна выконваецца тэкставай камандай «/showplaces» (без двукосьсяў) у любым чаце, а ўсе іншыя сэансы завершваюцца камандай «/remotelogout».

Што рабіць, каб вас не ўзламалі

Абараніцца ад узлому можна, калі трымацца простых правілаў бясьпекі ў інтэрнэце. У прыватнасьці:

— Выкарыстоўваць пароль зь лічбамі і літарамі, не карацейшы за 8 знакаў.

— Уключаць пацьверджаньне ўваходу праз SMS, а лепей, калі сэрвіс гэта дазваляе, праз асобную праграму — генэратар кодаў.

— Карыстайцеся рэжымам інкогніта ў браўзэры пры ўваходзе ў акаўнт з чужых кампутараў і тэлефонаў.

— Правярайце, ці заходзіце вы на сапраўдны сайт, а не на падробку, якая скрадзе ваш пароль. Глядзіце ў адрасны радок: магчыма, замест facebook.com вы заходзіце на нейкі fasebook.com, на якім можа паказвацца дакладная копія старонкі ўваходу Facebook.

Праўда, прывязка сацсетак да смартфонаў можа не абараніць ад спэцслужбаў, а наадварот, «падарыць» ім доступ да акаўнту. У Беларусі спэцслужбы могуць праз апэратараў легальна атрымліваць доступ да вашага тэлефона і паведамленьняў на ім — нават калі вы не парушалі закон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG