Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму КДБ можа легальна слухаць любыя размовы і што з гэтым рабіць


Amnesty International апублікавала даклад, у якім абвінавачвае мабільных апэратараў у тым, што яны палягчаюць ураду Беларусі незаконнае сачэньне за людзьмі. Але падобна, што каб праслухоўваць каго заўгодна, ня трэба ня толькі прасіць дапамогі ў апэратара, але і парушаць беларускія законы.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае: праслухоўваньне размоваў ці чытаньне перапіскі легальнае, калі на тое ёсьць санкцыя. Але санкцыю могуць даць і на праслухоўваньне звычайных грамадзянаў, а таксама бізнэсоўцаў:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Паводле нашага заканадаўства, праслухоўваньне тэлефонных размоваў павінна санкцыянавацца. І прынамсі ў тых справах, зь якімі я сутыкаўся, усё было санкцыянавана.

У свой час у нас пашырылі кола асобаў, якія могуць даваць такія санкцыі: акрамя пракурора іх цяпер можа даваць старшыня КДБ і старшыня Сьледчага камітэту. Гэта дае значна большыя магчымасьці для спэцслужбаў для праслухоўваньня, у тым ліку ў межах апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, калі справа не распачатая, але ёсьць нагоды меркаваць, што асоба можа нешта зьдзейсьніць.

Яскравы прыклад — «справа графіцістаў», іх жа праслухоўвалі задоўга да таго, як яны намалявалі графіці. Нехта, напэўна, меркаваў, што яны могуць нядобрае зьдзейсьніць, тым больш быў час выбараў. Відаць, старшыня Сьледчага камітэту даў дазвол. Таму сачылі за гэтай групай, паставілі іх на праслухоўваньне. Адтуль, я думаю, ім і стала вядома пра графіці.

Гэта легальна, але легальна што? Што людзей, якія займаюцца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю праслухоўвалі. І адносна кандыдатаў у прэзыдэнты такія дзеяньні могуць быць санкцыянаваныя, у іх няма асаблівага імунітэту. Іх слухалі проста таму, што яны кандыдаты, іх слухалі на ўсялякі выпадак, мала ці чаго яны там задумалі на Плошчы.

Была і справа, што апэратары прадстаўлялі інфармацыю органу, які вядзе сьледзтва, пра месцазнаходжаньне абанэнтаў. Людзей тады выклікалі на допыты, казалі, што тэлефон быў там і там. У прынцыпе, апэратары абавязаныя прадставіць такую інфармацыю па запыце — ня думаю, што быў шанец яе не прадстаўляць.

Не выключаецца і праслухоўваньне добранадзейных грамадзянаў, якія маюць неасьцярожнасьць займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.

Такім чынам, не выключаецца і праслухоўваньне добранадзейных грамадзянаў, якія маюць неасьцярожнасьць займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. А ўлічваючы, што КДБ займаецца ня толькі палітычнымі справамі, але і эканамічнымі злачынствамі, карупцыяй, зразумела, што яны могуць праслухоўваць і бізнэс. Напрыклад, калі ёсьць падставы меркаваць, што яны зьдзяйсьняюць альбо рыхтуюць эканамічныя злачынствы».

Разам з тым Стэфановіч згадвае: калі супраць чалавека не была распачатая крымінальная справа, але апэратыўна-вышуковыя дзеяньні праводзіліся, чалавек мае права запатрабаваць ад органаў, якія праводзілі гэтыя дзеяньні, азнаёміць яго з сабранай інфармацыяй.

Міхаіл Воўчак

Міхаіл Воўчак

Праграміст і актывіст Міхал Воўчак, натхняльнік Пірацкага руху ў Беларусі, зьвяртае ўвагу на тое, што праслухоўваць могуць ня толькі тэлефанаваньні, але і перапіску, якая здаецца бясьпечнай:

«Калі хочаце, каб камунікацыйныя сродкі былі бясьпечныя, трэба кантраляваць інфраструктуру. А грамадзтва адлучанае ад удзелу ў камунікацыйнай галіне. Туды маюць доступ толькі буйныя кампаніі і дзяржава, грамадзтва ж ніяк ня можа ўзьдзейнічаць на гэта. Фундамэнтальная рэч, што грамадзтву пакінулі толькі функцыю спажываньня інфармацыйных паслугаў.

І ўсе праграмы, якія распаўсюджваюцца не як Open source, не з адкрытым зыходным кодам, могуць утрымліваць што заўгодна. Нават калі ў іх ёсьць P2P-шыфраваньне. Самыя бясьпечныя — праграмы з кодам, адкрытым для незалежнага перагляду, і калі адбываецца рэгулярны агляд іх бясьпекі.

Цяпер важная ня толькі бясьпека перапіскі. Важныя мэта-зьвесткі: колькасьць кантактаў між асобамі, IP-адрасы асобаў, геалякацыя.

Але ўсе размовы пра „як зашыфравацца“... Цяпер важная ня толькі бясьпека перапіскі. Важныя мэта-зьвесткі: колькасьць кантактаў між асобамі, IP-адрасы асобаў, геалякацыя. Усё гэта ня тычыцца шыфраваньня: можа быць невядома, пра што людзі размаўлялі, але будзе вядома калі, дзе, з кім, як доўга і як рэгулярна размаўлялі. І па гэтым можна рабіць высновы, як выкарыстоўваць іншыя сродкі сачэньня».

***

Ідэю мабільнага апэратара з адкрытым зыходным кодам зьбіраецца прасоўваць Facebook — але пакуль толькі зьбіраецца.

У якасьці праграмаў для перапіскі з адкрытым зыходным кодам можна прывесьці Signal ці Telegram (другі абаронены ў «Сакрэтных чатах», але не звычайных). Яны і іншыя бясьпечныя мэсэнджэры нават тэхнічна ня могуць выдаць спэцслужбам зашыфраваную перапіску. Размовы шыфруюць у той ці іншай ступені і Viber ды WhatsApp, але іх код не адкрыты для незалежнага перагляду.

Абараніць свае мэта-зьвесткі можна праз Tor і іншыя сродкі ананімнасьці. Але нават выкарыстаньне бясьпечных мэсэнджэраў замест тэлефанаваньняў не абароніць, і няма розьніцы між iPhone і Android, калі самому не паклапаціцца пра сваю бясьпеку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG