Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Шосты дзень


17 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску праходзіў разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

18:45 Закончылі вывучаць матэрыялы справы, заяўляюць дадатковыя хадайніцтвы. Суд адхіліў хадайніцтва аб выкліканьні сьведкам сына Вуса Івана, якому 14 гадоў. Закончылася сьледзтва, заўтра будуць спрэчкі бакоў. Перапынак да 10 гадзінаў 18 траўня.

18:25 Адхілена хадайніцтва Статкевіча выслухаць сьведкам Сяргея Марцэлева, чыя перапіска ў скайпе ёсьць у справе.

17:40 Агучылі размову Статкевіча з кіраўніком «амэрыканкі». Статкевіч кажа, што яго не катавалі, але ўзьдзейнічалі псыхалягічна, пагражалі.

Статкевіч распавёў, як яго прымусілі спыніць галадоўку праз пагрозу прымусовага харчаваньня.

Статкевіч абвінаваціў экспэрта маёра Далініна ў фальшаваньні доказаў, бо ў таго выходзіла, што вада ў бутэльках на плошчы ў 12 градусаў марозу за 5 гадзінаў не замерзла. У Беларусі парушаюцца ня толькі правы чалавека, але і законы фізыкі, — сказаў Статкевіч. Яму заапладзіравалі. Таго, хто апладзіраваў, выдалілі з залі, ён крыкнуў «Жыве Беларусь!».

17:10 Сьведка Карзюк, начальнік менскай ДАІ, у суд не зьявіўся, даслаў даведку, што ён хворы. Суд пагадзіўся зачытаць ягоныя паказаньні. Той сьцьвярджае, што кандыдаты ўзначалілі калёну і вывелі яе на праспэкт.

Сьведак больш няма. Зноў вывучаюць матэрыялы справы. Зачытваюць зьмест чарговага відэа.

16:20 — 16:40 Слуханьні аднавіліся. Пракурор просіць дапытаць новага сьведку, міліцыянта Дзьмітрыя Кулагу. Абвінавачаных не пазнае, пацярпелых ня ведае. Сьведка працуе намесьнікам батальёну аховы. Згадвае, што як выйшлі да Дому ўраду ў ланцуг, біцьцё спынілася. А празь нейкі час мы сышлі. Мітынгоўцы крычалі «Уходи» і «Жыве Беларусь». Нейкі мужчына распыліў супраць нас вогнетушыцель. Мітынгоўцы спрабавалі нас настроіць на агрэсію да іх, але мы не паддаліся. Нас па камандзе ўвялі. Але калі натоўп стаў болей буяніць, нас высунулі на адцісканьне людзей з плошчы. Хто быў буйны, таго затрымлівалі.

Сьведка Кулага кажа, што асабіста затрымаў некалькі чалавек, але ня памятае, каго дакладна. Пракурор просіць агучыць папярэднія паказаньні падчас сьледзтва, бо ёсьць істотная розьніца. Адвакат Пазьняка настаяў, каб спачатку задалі пытаньні сьведку. Адвакат: вы далёка ад мітынгоўцаў былі, калі быў распылены вогнетушыцель?

— Ня вельмі.

— Як гэта было?

— Ішоў проста мужчына і распыліў.

Сьведка кажа, што на зямлі перад імі ляжалі жалезныя пруты. Зачытваюць паказаньні сьведкі падчас сьледзтва. У гэтых паказаньнях значна больш пра біцьцё зь мітынгоўцамі, якія міліцыянтаў нібыта білі рукамі і нагамі. «Мы адбіваліся».

На допыце ён згадваў пра затрыманьне абвінавачанага Пазьняка, пра якога тут не казаў. Сьведка пацьвярджае гэтыя паказаньні, у якіх Пазьняк быў ім названы адным з самых актыўных дэманстрантаў.

Адвакат: Чаму вы казалі, што ён найбольш актыўны і пры гэтым вы кажаце, што супраціву ён не аказваў?

Сьведка: ён крычаў і размахваў рукамі ў натоўпе.

Адвакат зачытаў ягоныя паказаньні, дзе дакладна сказана, што ён ня бачыў дзеяньняў Пазьняка.

16:08 Допыт Лябедзькі закончыўся. Перапынак на 10 хвілін.

16:05 Статкевіч вітае Лябедзьку на волі і просіць расказаць пра выбарчую кампанію.

Колькі вы выстаўлялі чалавек у выбарчыя камісіі (ад АГП) і колькі іх прайшло?

Лябедзька: выставілі каля 500 чалавек, а уключылі крыху болей 40. Зь іх большасьць на закрытых выбарчых участках, дзе нельга пракантраляваць сытуацыю. Таму я і лічу, што 40 тысяч выйшлі на вуліцы таму, што іх прадстаўнікі ў камісіі не прайшлі. Мяне не ўключылі, Чыгіра не ўключылі, Багданкевіча. Справядлівы падлік вынікаў выбараў яшчэ наперадзе.

Судзьдзя: не ператварайце суд у мітынг.

Лябедзька распавядае пра тое, як да яго ўварваліся людзі з ламамі. «Мне падаецца, што ў фашысцкай Нямеччыне больш культурна затрымлівалі палітычных праціўнікаў. У амэрыканцы мяне...» Судзьдзя спыняе: ня трэба.

15:30 — 15:55 Адвакат Станкевіч заявіла сьведкам Анатоля Лябедзьку. Суд пагадзіўся. Лябедзька пачаў даваць паказаньні.

Лябедзька: 19 сьнежня я як любы паважаючы сябе грамадзянін быў на плошчы.

Адвакат: вы размаўлялі з нейкай Рытай?

— Ня памятаю. было шмат размоў.

— Вы ведаеце, што вас праслухоўвалі?

— Гэта для мяне не сакрэт, хаця ніхто афіцыйна мне пра гэта не паведамляў.

Адвакат Станкевіч зачытвае размову Рыты з Лябедзькам. «Я крыху атрымаў...Але нічога. Было вельмі шмат людзей. Някляева паклалі з шумавымі гранатамі. Там узяў арганізацыю Статкевіч...Білі ўсіх запар...» — Лябедзька распавядае пра падзеі 19 сьнежня.

Адвакат пытаецца: была такая размова?

— Па-першае я супраць таго, каб мае размовы былі выкарыстаны ў справе і мяне пра гэта не праінфармавалі. Другое, ніякай размовы з Рытай я не памятаю і не пацьвярджаю.

— А падзеі на плошчы вы можаце апісаць?

Лябедзька:
было вельмі шмат людзей і дрэнная арганізацыя, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Быў такі хаос, але хаос сьвяточны. Была сьвяточная атмасфэра. Момант выхаду на дарогу не магу апісаць, не выходзіў з першымі. Выступалі кандыдаты, але хто што казаў, не дакладна не магу сказаць.

Людзі ўсьміхаліся, было шмат з малымі дзецьмі. Ніякі абломкаў не было на вуліцы пасьля праходу калёны па праспэкце Незалежнасьці. У беларускай апазыцыі ёсьць крэдытная гісторыя. Калі людзі цягам 15 галоў падчас акцый не робяць нічога процізаконнага, суд гэта абавязаны ўлічваць.

Статкевіч шмат разоў пасьпяхова праводзіў вулічныя акцыі. На плошчы Незалежнасьці людзі не маглі чуць мітынг. Зьявіліся міліцыянты, паставілі ланцуг, потым міліцыянты сышлі. Зьяўляюцца невядомыя і б’юць вокны. На мой погляд, такі сцэнар рыхтаваўся адмыслова раней. Мяне бралі па сьпісе, які быў раней складзены. У КДБ мяне афармляў супрацоўнік з Магілёва, чые рэчы былі ў кабінэце даўно. Нехта ж яго выклікаў. У СІЗА КДБ адмыслова раней зьбівалі шчыты, каб на іх спалі арыштаваныя. Нехта ж ведаў, што яны зьявяцца. Наконт Статкевіча згадаў, што была адна сустрэчы зь ім падчас выбарчай кампаніі і той пашкадаваў пар адсутнасьць добрай каардынацыі паміж кандыдатамі.

Адвакат: а якім быў уплыў выступаў на мітынгоўцаў?

Адказ: не хацеў бы пакрыўдзіць кандыдатаў. Але ў тых умовах уплыў быль амаль нулявы. Калі цябе не чуюць нармальна, то гэта уплывае толькі на тых, хто побач.

— Статкевіч ці хто іншы выказвалі намер сілавога уваходу ў будынак?

Не дзяліўся ён такімі плянамі, каб ісьці на нейкі штурм. Можа ён мне не давярае, але не казаў. Вус заўсёды казаў пра рэформу выбарчай сыстэмы, ён па-добраму памешаны толькі на гэтай тэме. Лябедзька згадаў, што калі супрацоўнікі перакрылі уваход, усё ішло добра, гэта астудзіла людзей. І раптам міліцыянтаў зьнялі. Калі б не гэты загад, не было б далейшага біцьця. На тых, хто аддаў такі загад, ляжыць адказнасьць за тое, што далей адбылося.

15:25 Сьведка Данілкоў Анатоль, супрацоўнік ДАІ.
«Мы стаялі ланцужком. На нас ішла калёна, на чале былі Саньнікаў, Севярынец, Халіп. Наш начальнік прасіў не парушаць парадак, не выходзіць на дарогу. Начальніку паабяцалі. што стане генэралам. Хто пэўна гэта сказаў, не магу сказаць. нас абышлі справа і зьлева. Калі ўжо былі людзі за намі, паступіў загад зьняць ланцуг.

15:00 Сьведка Чарнабай Мікалай, супрацоўнік «Беліінвестсэрвіс». Гэты сьведка — былы супрацоўнік ДАІ, які быў на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня.
Каб не даць прайсьці натоўпу, мы ўзяліся за рукі і выставілі ланцуг поперак праспэкту. Сярод нас быў начальнік гарадзкой управы ДАІ. Сярод мітынгоўцаў былі Саньнікаў, Вус, Статкевіч. Яны заклікалі Карзюка даць ім прайсьці. Але гэта ім не дазволілі.

Пракурор: а як адрэагавалі Саньнікаў, Стакевіч і Вус на патрабаваньні вызваліць праспэкт?

— Ніяк не адрэагавалі. Абышлі нас і ўсё.

— А размову іх з Карзюком памятаеце?

Так. Што не таму служыце, прапусьці нас і будзеш генэралам. Гэта сказаў Вус Карзюку.

— Была да вас агрэсія?

Сьведка Чарнабай Мікалай: Так. Нейкі малады чалавек на мяне накінуўся, хацеў паваліць, але ў яго гэта не удалося. Ад Вуса заклікаў да агрэсіі не было.

— Ці былі пашкоджаныя будынкі падчас шэсьця, крамы ці іншае?

— Ня бачыў.

14:20 — 14:55 Сьведка Алесь Макаеў, прадпрымальнік.
Судзьдзя спытала, вы праходзіце па гэтай справе сьведкам? Макаеў адказваў: так, пакуль так. Гэта выклікалі сьмех у зале, у тым ліку ўсьміхнулася і судзьдзя. Алесь Макаеў сьведчыць па-беларуску. Кажа, што на Кастрычніцкую плошчу прыходзіць пасьля кожных выбараў, каб выказаць законны пратэст супраць фальшаваньня выбараў. І зараз прыйшоў. Выступ Статкевіча асабліва не памятае, але кажа, што ўсе выступы былі добрыя, ніхто не заклікаў да процізаконных дзеяньняў. Потым людзі пайшлі на плошчу Незалежнасьці, выступалі кандыдаты. Пачалося тое, што суд зараз кваліфікуе як масавыя беспарадкі, якіх насамрэч не было.

Пракурор: пра што казалі выступоўцы?

Макаеў:
што трэба, каб быў падзел уладаў, каб былі сапраўдныя выбары. Прапаноўвалі, як зрабіць, каб улада сапраўды належала народу.

Пракурор: а што было далей?

Макаеў распавядае. як частка людзей пайшлі да ганку, пачалі біць. Хто з кандыдатаў павёў людзей да Дому ураду, ён не бачыў. Бачыў, як стварылі калідор, бо па ім мусяць прайсьці кандыдаты на перамовы. Ля ганку памятаю дакладна выступ Рымашэўскага — пра тое, што гэта правакацыя і ня трэба біць шкло.

Бачыў, як білі шкло, гэта накіравана здымалі некалькі камэр, прадстаўнікі сілавых органаў стаялі і сачылі. І нікога там не чапалі з тых, хто біў шкло.

Пракурор: ці чулі вы заклікі?

— Не, ня чуў. Лічу, што гэта была сплянаваная акцыя нашымі сілавымі ўстановамі, каб потым судзіць кандыдатаў.

Пракурор: а з якой мэтай білі шкло?

Макаеў: Ня ведаю. Магчыма, некаторыя ішлі, каб увайсьці ў Дом ураду, але людзі спыніліся, калі пачулі заклік Рымашэўскага, што гэта правакацыя. Людзі ў нас розныя, некаторым гэты рэжым вельмі не падабаецца. Далей АМАП расьсек усіх на дзьве часткі і тады пачаўся брутальны разгон.

— Ці бачылі вы як мітынгоўцы ужывалі агрэсію супроць міліцыі?

— Людзі, калі ішлі на іх спэцназаўцы і ўсіх зьбівалі, таксама пайшлі наперад, але у іх нічога у руках не было.

Адвакат: а колькі было тых, хто біў шкло?

Макаеў: 20-30 не больш. І яшчэ частка тых. каго ўлада падгаварыла гэтак дзейнічаць.

— Выступ Вуса на плошчы Незалежнасьці вы чулі?

— Не, нават не памятаю, каб ён выступаў.

Адвакат Станкевіч: Ці выказваў Статкевіч да 19 сьнежня пляны пра гвалтоўны захоп улады ці масавыя беспарадкі?

— Ад Міколы я такога ніводнага разу не чуў. На думку сьведкі, прапанова аб перамовах была памылковай — з кім там можна было перамаўляцца? Ён успрыняў гэта скэптычна.

Сьведка Макаеў рэчаў для пагромаў і падпалаў у руках мітынгоўцаў ня бачыў. Сьведка перакананы, што кактэйляў Молатава у руках мітынгоўцаў не было, калі б былі. то запусьцілі б у вокны, дзе сядзелі ў засадзе амапаўцы.

— І я лічу, у гэтым таксама была правакацыя сілавікоў. Але людзі гэтак не рабілі, бо ніхто не меў такіх бутэлек.

— Ці была каардынацыя у дзеяньнях мітынгоўцаў?

— Не было, дзейнічалі хаатычна.

Судзьдзя пытаецца: што было найперш: біцьцё вокнаў ці зьяўленьне спэцназу? Спачатку было біцьцё, але пачалі біць не мітынгоўцы. а нейкія людзі. Трэба высьветліць, якія.

Судзьдзя: а з кім зьбіраліся перамаўляць?

— Магчыма, з Сідорскім.

— Яго вы там бачылі?

— Прывезьлі б на верталёце за 5 хвілін.

— Але не прывезьлі?

— Не.

14:10 Новы сьведка — кіроўца Мартос Васіль.
1-ы маршрут аўтобусу. 19 сьнежня з-за перакрыцьця руху давялося зьехаць з маршруту. Наперадзе ішла вялікая калёна людзей. Загадзя пра гэта не было вядома. З 10 вечара да 12 рух быў перакрыты на плошчы Незалежнасьці. Супраць аўтобуса і пасажыраў агрэсіі з боку мітынгоўцаў не было, паказаў сьведка.

14:05 Працэс аднавіўся. Сьведка Алексіевіч Мікалай, кіроўца аўтобусу.
Паказаў, што 19 сьнежня рух прыпыніўся па праспэкце і давялося ехаць іншымі шляхамі ды высаджваць пасажыраў.

13:10
У судзе абвешчаны перапынак да 14.00

13:00
Судзьдзя зачытвае паказаньні сьведкі Кіені, журналіста Інтэрфакса. На Кастрычніцкай. паводле сьведкаў, Статкевіч казаў пра вынікі экзытпулу, паводле якога Лукашэнка набраў болей за 30 працэнтаў галасоў. Сьведка ў судзе пацьвердзіў гэтыя паказаньні. Сказаў на пытаньне адваката, што асноўная большасьць мітынгоўцаў паводзілі сябе спакойна.

12:50 Сьведка Сяргей Кіеня, журналіст Інтэрфаксу.
Сказаў, што ня ведае ані абвінавачаных, ані пацярпелых. Быў сьведкам падзей на Кастрычніцкай плошчы і на плошчы Незалежнасьці. Прыбыў на плошчу, выступалі кандыдаты. Я дыктаваў у рэдакцыю. што яны казалі. Памятаю, што Вус казаў пра выбарчы закон, што казаў Статкевіч дакладна не памятаю. паўгода мінула. Потым народ рушыў да плошчы Незалежнасьці, чаму, ня ведаю. На шляху стаяў ланцуг супрацоўнікаў ДАІ. Іх абышлі.

Пракурор: а хто узначаліў калёну?

— Ня памятаю. На плошчы Незалежнасьці быў імправізаваны мітынг, але пра што там казалі, дакладна не памятаю. Потым некалькі дзесяткаў чалавек падышлі да Дому ураду і раздаўся звон.

— Чаму яны туды пайшлі? Былі заклікі нейкія?

Сьведка: Наколькі я зразумеў, была інфармацыя, што пойдуць на перамовы і яны пайшлі туды.

— Што далей?

— Хвілін праз 5 частка спэцназу адцясьніла людзей ад ганку Дома ўраду і праз прыкладна хвілін 5 яны адтуль пайшлі. Але я быў кала трыбуны і дакладна сказаць, што там было, не магу.

— Як рэагавалі мітынгоўцы?

Па рознаму. Хто крычаў «фашысты», хто крычаў «Міліцыя з народам». Бачыў лякальныя сутычкі з міліцыяй. Потым сышоў далей ад ганку, пайшоў да вуліцы Савецкай і убачыў, як адтуль частка спэцназу рушыла на плошчу дзеля апэрацыі зачысткі.

12:35 — 12:50 Наступны сьведка — Стаўроўскі Андрэй, маёр міліцыі, супрацоўнік ДАІ.
Быў на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Распавёў, што людзі ў натоўпе казалі па сваё незадавальненьне вынікамі выбараў. Хто быў на чале калёны, сказаць не магу, бо людзей было вельмі шмат. Частка мітынгоўцаў вышлі на дарогу. Мы казалі вярнуцца, але нас не слухалі, ланцуг міліцыі быў разарваны. Я знаходзіўся непадалёк у 2-3 мэтрах ад Карзюка. Чуў, як Карзюк папярэджваў не парушаць парадак. Нас абышлі справа і пайшлі па праспэкце. Спыніўся рух транспарту.

Адвакат: вы сказалі, што ланцуг быў прарваны сілавым спосабам. Гэта як?

Сьведка: мне пашкоджаньняў не наносілі, а сілавы мэтад — гэта проста як натоўп ішоў, гэтак і пайшоў далей.

Абвінавачаны Буланаў: вы маглі б падрабязьней распавесьці пра тое, што бачылі, як разганялі мітынг на плошчы Незалежнасьці? Удары міліцыянты наносілі па мітынгоўцам?

Сьведка: Не, ня бачыў, адказаў сьведка Стаўроўскі.

12:30 Сьведка Іван Шыдлоўскі, супрацоўнік ДАІ.
Абвінавачаных ня ведае асабіста, Статкевіча пазнаў і Вуса «наглядна».

— Хто выступаў і заклікаў ісьці на плошчу Незалежнасьці з Кастрычніцкай плошчы?

— Я далей стаяў. не бачыў. Мы выстраіліся ў ланцуг на загад начальніка ДАІ Менску Карзюка. Калёна ішла на чале з Вусам і Статкевічам. Калі яны падышлі, то Вус сказаў Карзюку: «Падпалкоўнік, прапусьціш, будзеш генэралам».

Адвакат Вуса: а яшчэ былі кандыдаты там?

— Так, былі Саньнікаў, Рымашэўскі. Нецэнзурнай лексыкі не было. Вус спакойна размаўляў.

— Гвалту адносна Карзюка ці вас ці пагроз гвалту не было?

— Ад кандыдатаў не было. Але адзін малады чалавек кінуўся на супрацоўнікаў ДАІ.

Адвакат: заклікі ад Вуса да беспарадкаў вы не чулі?

— Там былі заклікі, але пэўна ад каго, немагчыма было разабраць.

— А якія заклікі?

— Не прызнаваць вынікі выбараў. Калі кандыдаты размаўлялі з Карзюком, асноўная маса людзей стаяла, а потым пайшлі абыходзіць нас.

12:12
Паказаньні агучваць ня сталі. Пракурор задаволіўся ранейшым адказам Калганава, што разам праводзілі сустрэчы, бо так таньней. Адвакат запытаўся: ці вядома вам, каб Вус плянаваў масавыя беспарадкі? Сьведка паказаў, што не. Яму было вядома, што Вус не адмаўляў свайго удзелу ў мітынгу, але нічога не плянаваў загадзя.

12:08 Сьведка Уладзімер Калганаў, настаўнік, кіраўнік ініцыятыўнай групы Вуса.
Паказаў, што адзін раз перадаў невялікую суму грошай ад Вуса і адзін раз невялікую суму ад Статкевіча. Больш на гэтую тэму казаць адмовіўся, бо г’та не тычыцца справы. Пракурор просіць агучыць паказаньні на сьледзтве. Суд пастанавіў агучыць толькі у частцы, якая тычыцца арганізацыі сустрэч выбарцаў з Вусам і Статкевічам. Што да грашовых пытаньняў, суд вырашыў іх не закранаць у агучваньні паказаньняў.

12:00 Сьведка Ліштван Павал.
Не працуе. Ведае Статкевіча. Таксама знаёмы з Вусам. Зьбіраў за іх подпісы. Хто зьвярнуўся, каб ён зьбіраў подпісы, ужо не памятае.

Пракурор: на якіх умовах? Колькі вам плацілі?

— За адзін подпісы выходзіла 0,5 даляра. Падпісныя лісты аддаваў Уладзімеру Уладзімеравічу.

— Колькі вам заплацілі?


— Усяго каля 700 даляраў.

— Статкевіча бачылі ў офісе Вуса?

— Бачыў, ён тым быў, сядзеў.

— А хто, акрамя вас зьбіраў подпісы?

— Не цікавіўся.

— Ці чулі вы пра пляны захопу улады?

— Не.

11:20
Наступны сьведка Алег Круглоў, супрацоўнік менскага мэтро. Абвінавачаных ня ведае, пацярпелых таксама. Распавёў пра закрыцьцё станцый у сувязі з «масавымі мерапрыемствамі». Стратаў не было нанесена. Станцыі закрываліся па загадзе менскай міліцыі. Уваходы ў мэтро закрываліся, каб не дапусьціць інцыдэнтаў, сказаў сьведка.

11:10 Сьведка Цярэшчанка Віктар. Міліцыянт з палку міліцыі спэцпрызначэньня.
З абвінавачанымі не знаёмы, кажа, што не знаёмы і з пацярпелымі. Дае паказаньні, падобныя на паказаньні двух папярэдніх сьведак. Яшчэ згадаў пра высокага чалавека. які стаяў каля помніка і заклікаў людзей мітынгаваць. Каля уваходу здарылася сутычка, праз нас спрабавалі прайсьці. Пхалі нас, заклікалі нас перайсьці на іх бок. Былі палкі ў руках, сьцягі.

— А якія прадметы выкарыстоўвалі для прарыву?


— Не магу сказаць, асабліва не зьвяртаў увагі.

З паказаньняў вынікае, што Цярэшчанка затрымаў каля 10 чалавек і склаў на іх рапарты. Сярод іх быў Грыбкоў. Сьведка пацьвердзіў тыя паказаньні.

Пракурор: а чаму вы запомнілі менавіта Грыбкова?

На допыце запомніў ягонае прозьвішча, таму гэта адклалася.

Адвакат Грыбкова: а апазнаць можаце Грыбкова?

— Не, зараз не магу нікога тут пазнаць, бо была зіма, а зараз апранутыя па-летняму.

— А як выглядае ледасек, пра які вы кажаце, што бачылі ў руках мітынгоўца?


Адказ: гэта проста кавалак заточанай арматуры.

— Калі затрымалі Грыбкова?

— Разам з усімі.

Адвакат перапытвае ў Грыбкова пра абставіны затрыманьня: той кажа, што сышоў з плошчы да заканчэньня мітынгу і затрымалі яго на вакзале. Што першым прывялі ў міліцэйскі аўтамабіль, ён яшчэ шмат часу там сядзеў і толькі пасьля пачалі прыводзіць затрыманых з плошчы.

10:50 Наступны сьведка Навіцкі Аляксей,
таксама міліцыянт з палку спэцназу. Кажа, што з абвінавачанымі не знаёмы, з пацярпелымі таксама. Распавядае пра падзеі 19 сьнежня. Прыбыў у 16.00 на працу, быў у рэзэрве за Палацам рэспублікі, высунуліся да Дому ўраду, там сталі ў ланцуг каля уваходу. «Людзі, якія стаялі на плошчы, пагражалі нам, зьневажалі. Казалі, каб мы сыходзілі, бо яны усё роўна пройдуць праз нас. Потым мы расьсеклі натоўп, затрымалі актыўных.»

— Ці былі спробы прарыву ачапленьня?

— Так. Першыя 2-3 шэрагі спрабавалі прарвацца. Хапаліся за шчыты, білі па нагах.

— Чым?


— Хто чым. У некаторых былі вуды — білі вудамі.

— Кагосьці з абвінавачаных памятаеце?

— Не.

— Памятаеце свае паказаньні на сьледзтве?

— Ня вельмі добра.

Пракурор: Вы самі сабе супярэчыце.

Сьведка: Першыя паказаньні былі праўдзівей.

Пракурор просіць агучыць паказаньні сьведкі, бо яны супярэчаць.

Адвакат Квяткевіча супраць: «Гэты сьведка гэтаксама быў дапытаны ажно 10 лютага, і тады ўжо нешта не памятаў.

Статкевіч таксама супраць, як і Вус. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва.

Пракурор зачытвае папярэднія паказаньні. Супярэчнасьці ў тым, што былі ў руках палкі і таксама сьведка нібыта бачыў і чуў, як Квяткевіч выкрыкваў антыўрадавыя лёзунгі. зьневажаў міліцыянтаў. Сьведка пацьвердзіў зараз тыя паказаньні. „Тады я памятаў лепш, чым зараз“ — гэтак патлумачыў супярэчнасьці.

Адвакат Квяткевіча: а зараз можаце пазнаць Квяткевіча?

Сьведка адказаў. што не можа .

— Шумна было на плошчы?

— Так.

— А як вы маглі пачуць, што Квяткевіч крычаў антыўрадавыя лёзунгі?

— Бачыў, бо ён бліжэй знаходзіўся.

— Ці адпавядае тое, што вы казалі пра адзеньне Квяткевіча. што у яго быў белы капялюш?


— Так.

— А чаму ў пратаколе допыту вы не ўказалі, што Квяткевіч біў па шчытах, а зараз кажаце, што ён гэта рабіў.


Сьведка кажа, што ня ведае.

— Як вы можаце апісаць палкі. якімі, як вы кажаце, біліся мітынгоўцы?

— Вудачкі памятаю, а палкі дакладна не памятаю.

Адвакат: а вы асабіста наносілі удары гумавай палкай?

— Так.

Судзьдзя пытаецца Квяткевіча: як вы былі апрануты?

— У дублёнку і шапку. але на момант затрыманьня на мне шапкі не было. І затрымліваў мяне, дарэчы. не спэцназ, а чалавек ў цывільным.

Адвакат пытаецца Квяткевіча: ці праўда, што казалі сьведкі, што вы абражалі міліцыянтаў і выкрыквалі лёзунгі?

— Не, гэта няпраўда. мяне затрымалі раней яшчэ да стварэньня калідору. Чалавек у цывільным мяне затрымаў і адвёў да аўтамабіля.

10:20
Зачытваюцца паказаньні Дударчыка па папярэднім сьледзтве. » Білі нагамі і рукамі па шчытах, некаторыя наносілі ўдары вудамі і палкамі...На Акрэсьціна мной быў апазнаны затрыманы Квяткевіч. Я склаў на яго рапарт"

— Пракурор: Вы давалі такія паказаньні?

— Так.

— Чаму яны гэтак адрозьніваюцца ад таго, што вы зараз кажаце?

— Забыў. была зіма, Квяткевіч быў інакш апрануты. я яго не пазнаў. А наконт палак ў рука мітынгоўцаў — пацьвярджаю і гэта.

Адвакат Квяткевіча: Як патлумачыць, што вы паказвалі. быццам бачылі. як ён выкрыкваў лёзунгі а тут кажаце, што ўбачылі яго ўпершыню падчас пагрузкі ў аўтазак?

Дударчык: Я сьцьвярджаў гэта, бо ведаю. А ці шмат было палак у руках мітынгоўцаў? Некалькі.

10:15 Паседжаньне пачалося. Сакратар называе каля 10 прозьвішчаў сьведак. Зараз будуць дапытваць сьведку міліцыянта Дударчыка. Дударчык кажа, што не знаёмы ні з кім з абвінавачаных, але пазнаў Стакевіча. Таксама сказаў, што ня ведае нікога з пацярпелых. Пачаў распавядаць пра свой удзел у падзеях 19 сьнежня. Знаходзіўся ўвечары ў службовым транспарце на вуліцы Берсана. Атрымалі загад высунуцца да Дому ураду, выстраіліся ланцужком каля ўваходу. Кажа, што іх пачалі абражаць. а потым на іх накінуліся і пачалі біць вудамі, хапацца за шчыты. Потым мы адышлі да пэдунівэрсытэту, а адтуль высунуліся на расьсячэньне натоўпы. Найбольш агрэсіўных адсеклі, а потым затрымалі. Ён удзельнічаў у затрыманьнях, але нікога з падсудных не памятае, што затрымліваў. Пракурор: а ці бачылі ў руках мітынгоўцаў іншыя рэчы. акрамя вудаў? Толькі вуды бачыў. Пракурор перапытвае: а свае паказаньні на сьледзтве памятаеце? Так. Пракурор просіць агучыць паказаньні на сьледзтве, бо, маўляў, яны істотна адрозьніваюцца. Адвакаты супроць . Вус супроць. Судзьдзя задаволілі хадайніцтва пракурора. Той зачытвае з 3-га тому справы паказаньні сьведкі Дударчыка.

10:05 Сёньня у судзе зноў шмат людзей: сваякі, журналісты, дыпляматы, праваабаронцы. Прыйшлі і гэтак званыя «студэнты юрфаку» — маладыя людзі. якія гэтак прадстаўляюцца. Імі запаўняюць месцы ў зале, з-за чаго шмат каму з публікі не хапае месцаў. Прыйшлі адвакаты — размаўляюць з падабароннымі.

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.
Суды за Плошчу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым

Першы дзень Трэці дзень
Чацьвёрты дзень
Пяты дзень

Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Андрэй Пазьняк
Нарадзіўся 20 траўня 1977 году ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі прафэсійны ліцэй, 14 гадоў працаваў электраманцёрам на БелАЗе.

Палітыкай не займаўся. Ня быў сябрам ніякіх партый і арганізацый.

Вырас у спартыўнай сям’і, заўсёды захапляўся футболам, займаўся ім, быў заўзятарам БАТЭ.

Мае 10-гадовую дачку.

Утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG