Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.


Калі я нарадзілася, то Саша вельмі пакрыўдзіўся на бацькоў, што яны назвалі мяне Вольгай, а не Валерыяй, як абацалі яму раней. Ён ужо ўсім сябрам пасьпеў распавесьці, што зараз з радзільні "прывязуць маю Валерку", а тут такое расчараваньне – замест Валеркі прыхала нейкая там Вольга :)




Вольга Класкоўская і Аляксандар Класкоўскі, 1987


Дарэчы, зь імёнамі ў сям'і заўсёды была блытаніна. Рэч у тым, што ў сям'і два Аляксандры – бацька і сын. І калі маці клікала часам: "Саша, хадзі сюды!", то прыбягалі адразу абодвы. Каб пазьбегнуць гэтага непаразуменьня, шмат хто з часам пачаў клікаць брата Сан Санычам.

З Сашанькам у нас розніца ў тры з паловай гады, ён старэйшы. Таму і адказнасьці датычна сямейных абавязкаў нашыя бацькі заўсёды ўскладалі на яго больш. З самога дзяцінства ў нас з Сашам былі вельмі цёплыя, шчырыя ўзаемаадносіны. Бацькі, абодва журналісты па прафэсыі, заўжды шмат працавалі, часамі графік быў ненармаваны (як гэта заўсёды стаецца ў журналіскай працы). Таму мы часта да позняга вечара заставаліся ў хаце з Сашам адны і, ён, можна сказаць, па сутнасьці выгадаваў мяне.

Саша быў вельмі цікаўным, энэргічным дзіцём. У той жа час вельмі самастойным. Вельмі захапляўся тэхнікай, спортам, гісторыяй. Някепска вучыўся. Ніколі ня меў у школе заўвагаў, асабліва датычна дысцыпліны. Скончыўшы школу, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, супрацоўнічаў з шэрагам спартовых мэдыяў. Правучыўшыся ва унівэрсытэце літаральна адзін курс, сыйшоў з ВНУ, бо зразумеў, што журналістыка – не яго прызваньне. Дабрахвотна прыняў рашэньне ісьці ў войска.

Адслужыўшы і вярнуўшыся дахаты, у вельмі хуткім часе ажаніўся. Натальля, Сашава жонка, паходзіць з Магілеўшчыны. Адтуль, дарэчы, родам і наша маці Людміла. Маладыя пазнаёміліся яшчэ перад Сашавай службай: Натальля чакала будучага мужа з войска ўсе паўтары гады, увесь час пісала яму лісты і прыязджала ў вайсковую частку на спатканьні. Яшчэ тады, бадай, яны ўсё для сябе вырашылі – што ня могуць адзін без аднаго і абавязкова заўсёды будуць разам.

Іх першы сын Аляксей нарадзіўся, калі абодвым было ўсяго крыху болей за дваццаць. Праз чатыры гады на сьвет зьявілася дачушка Дашанька. У 2008-ым – малодшы Арсень.

Даша Класкоўская
Маладыя жылі душа ў душу, для Сашы сям'я – найвышэйшая каштоўнасьць. Заўсёды цешылася зь іх сям'і. Ён вельмі адказны і клапатлівы муж і бацька, разам з тым – вельмі рамантычны і чулы хлопец. Вельмі частка любіў рабіць жонцы розныя неспадзянкі, такія, як, напрыклад, рамантычная вячэра пад зорамі зь келіхам шампанскага і кветкамі...

Арсень Класкоўскі
Аляксандар скончыў прыватны юрыдычны інстытут, пайшоў на працу ў ДАІ Ленінскага раёну Менску. Выглядала на тое, што брат пачуваўся ня вельмі камфортна ў сістэме МУС. Пра што даволі часта распавядаў і мне. Вядома, супрацоўнік праваахоўных ворганаў па сваім вызначэньні ніколі ня можа быць цалкам вольным – ён заўсёды падначалены. Але ў выпадку беларускай рэчаіснасьці, на жаль, ён яшчэ і мусіць стацца чалавекам сыстэмы. А гэтую сістэму брат прыняць і зразумець ніколі ня мог. З ДАІ ў званьні лейтэнанта Саша сыйшоў у 2005 годзе. Дарэчы, падчас службы брат атрымаў узнагароду за затрыманьне ўзброеных угоншчыкаў. І нават грашовую прэмію ад МУС...

Мы з братам выхоўваліся ў нацыянальна арыентаванай сям'і, у духу павагі да сваёй зямлі, беларушчыны. За што вялікі дзякуй нашым бацькам. Куміры Сашы гэта Васіль Быкаў і генэрал Захаранка. Саша мне заўсёды казаў, што Юры Захаранка карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод афіцэраў і шэраговых службоўцаў. І калі б ён ня зьнік, то, мяркуе брат, сёньня сытуацыя ў краіне, магчыма, была б ужо зусім іншай. Саша балюча перажываў трагедыю, што сталася з Захаранкам...

Што датычыцца Быкава, то настольнай кнігай брата была "Доўгая дарога дадому". Ён зачытваў яе да дзьірак, заўсёды яе цытаваў. Вельмі перажываў Аляксандар сьмерць вялікага пісьменьніка, разам з жонкай удзельнічаў у пахаваньні Быкава, не хаваў сваіх сьлёз тады. Пасьля мы з братам неаднойчы езьдзілі на месца пахаваньня Васіля Быкава, заўсёды клалі на яго могілкі белыя і чырвоныя кветкі...

Вельмі перажываю, што апошнія гады нашыя з Сашам кантакты былі не такімі частымі, як хацелася б... Знаходзячыся ў эміграцыі, так ці інакш, адрываесься ня толькі ад сваёй зямлі і звыклага асяродзьдзя. але, на жаль, і ад сваёй сям'і.

Перажываю і папракаю сябе, што мяне не было побач з Сашам падчас трагічных сьнежаньскіх падзеяў. Ведаю, што гэта трохі наіўна, але ва ўсялякім разе мне здаецца, што калі б я была побач зь ім тады – то, магчыма, здолела б прадухіліць гэтую жудасную трагедыю. А менавіта яго зьбіцьцё, арышт і далейшыя пакуты. Падчас арышту Аляксандра, акурат у момант ламаньня дзьвярэй у Сашаву кватэру супрацоўнікамі КДБ, я датэлефанавалася да брата на мабільны і чула амаль усё тое, што там адбываецца. Саша пасьпеў сказаць мне ўсяго толькі некалькі словаў: "Волечка, спэцназ штурмуе кватэру. Мы ўжо з Наташкай (жонкай) падрыхтаваліся да горшага, апранулі верхнюю вопратку. Помні заўсёды, што я цябе вельмі любіў"...

Раптам у слухаўцы – крыкі, шум, лямант і сувязь перарвалася... Пасьля Натальля распавяла, што трое кадэбэшнікаў, уварваўшыся ў кватэру і апрануўшы на Сашу кайданкі, павалілі яго на падлогу і пачалі вельмі жорстка зьбіваць. Паводзілі сябе вельмі нахабна, брудна лаяліся, абражалі. Адмовілі яму нават у шклянцы вады. З кватэру вывалоквалі босага – Натальля ў самы апошні момант на хаду апранула яму боты. Больш за суткі мы ня ведалі, дзе ён і што зь ім. Я ўзьняла на вушы ўсіх, каго толькі магчыма – МУС, ГУУС, КДБ, сьледчыя ізалятары, прыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Ніхто нічога так і не паведаміў. У КДБ зьдзекліва прапанавалі прыйсьці да ніх на прыватны прыём. Нарэшце, 22 сьнежня я адшукала Сашу ва Ўпраўленьні папярэдняга расьследваньня ГУУС Менску. Сьледчы Купка паведаміў, што мой брат "падазраецца ў актыўным удзеле ў масавых непарадках". На сёньняшні момант, як вядома, абвінавачваньняў ужо цэлы букет...



Магчыма, ад турмы я б Сашу і не змагла выратаваць, але ў любым выпадку хацела б стаяць побач зь ім на Плошчы і захінуць яго сваім целам, калі яго зьбівалі бяздушныя цэрбэры ў камуфляжы... Немагчыма перадаць словамі ўвесь гэты боль, што разрывае маё сэрца, пачуцьцё віны, што ня здолела выратаваць яго. Кожны дзень я прачынаюся і засынаю з думкамі пра брата. І адзіная магчымасьць зь ім зараз паразмаўляць – гэта ліставаньне. Пішу яму вельмі часта, ледзь ці не кожны дзень. Але, на жаль, наколькі ведаю, цэнзары з КДБ большасьць зь лістоў Аляксандру не аддаюць.

Разам з тым, зараз ужо трохі лягчэй на душы сталася, бо вярнулася на Беларусь. Зьявілася магчымасьць перадаваць Сашу перадачы, а таксама прысутнічаць на судзе над ім. Гэта значыць -- мець больш шчыльную сувязь зь ім, больш шчыльна кантактаваць. Цешуся я і з таго, што неўзабаве змагу яго ўбачыць... Мы ня бачыліся з братам ужо амаль шэсьць гадоў...

...Калі ў Сашанькі калісьці будзе магчымасьць прачытаць гэтыя радкі, то вельмі хацела б сказаць яму яшчэ раз, што моцна яго люблю, шаную, сумую па ім. Я заўжды побач зь ім і яго сям'ёй. І так будзе заўсёды.

Вольга Класкоўская,
сястра палітвязьня Аляксандра Класкоўскага.






Усе партрэты на фоне кратаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG