Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым


11 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску разглядалі крымінальную справу супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.



17:00 Абвешчаны перапынак да 10:00 12 траўня.

16.06 Пачалі дапытваць Аляксандра Класкоўскага. Класкоўскі перайшоў на расейскую мову. Пра мітынг ведаў з інтэрнэту. Міліцэйскую форму апрануў, каб не затрымалі. Прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, адтуль пайшоў на пл. Незалежнасьці. Яго двойчы да крыві ўдарылі па галаве міліцыянты. Лічыць нематываванымі такія дзеяньні. Калі апынуўся каля ганку, там была самая актыўная частка, кажа Класкоўскі. Людзей справакавалі на агрэсію, і ён удары разам зь імі пару разоў па шчытах.

Класкоўскага пасьля арышту прыкулі да батарэі, і пакінулі так да раніцы. Дапытвалі без адваката. Міліцыю ён не зьневажаў, а сказаў, што пра яе думае. Заклікаў ня біць людзей. Уладу ён не прысвойваў. Форму таксама не прысвойваў, бо гэта была ягоная форма. Кажа, некаторыя спэцназаўцы міліцыі адводзілі вочы. Прызнаў, што ня меў права апранаць форму. Ударыў ня болей за 10 разоў. Нейкі час кіраваў дзеяньнямі на ганку.



15.42 Пачалі дапытваць Андрэя Пазьняка. Прыехаў 19 сьнежня з Жодзіна ў Менск, каб набыць калядныя падарункі сваякам. Спачатку наведаў унівэрсам «Рыга», потым паехаў у цэнтар «Сталіца». Нічога не купіў, прыцэньваўся. Чакаў ад сябра званку, выйшаў на вуліцу і ўбачыў масу людзей. Гэтак ён апынуся на мітынгу на плошчы Незалежнасьці.

«Там былі культурныя, пазытыўныя людзі, зь сем’ямі, сьцягамі. Але я не зьвяртаў увагі на тое, якія сьцягі і якія лёзунгі. Супрацоўнікаў міліцыі таксама ня чуў». Моманту арышту не памятае. Пачалі ўсіх зарымліваць і яго таксама. Прывезьлі на Акрэсьціна.

Абвінаваўца: Вы спрабавалі прарваць ачапленьне міліцыі?
Пазьняк: Не.
Абвінаваўца: Спрабавалі трапіць у Дом ураду?
Пазьняк: Не.
Абвінаваўца: Бралі ўдел у пагромах, падпалах?
Пазьняк: Не.
Абвінаваўца: А як вы разумееце, што гэта быў за мітынг?
Пазьняк: Ня ведаю. Я проста бавіў свой час.

Пазьняк не прызнае, што нешта біў. Кажа: калі б ведаў, не пайшоу бы на Плошчу.

14.58 — 15:35 Дзьмітры Буланаў дае паказаньні.

Сказаў, што ў палітчыных партыях і рухах ён ня быў. Пра мітынг даведаўся з выступаў кандыдатаў па БТ, але ад каго пэўна, ня памятае. Памятае, што казалі пра мірны мітынг. Ён прыйшоў, каб пачуць меркаваньне пра выбары. Паводле Канстытуцыі, грамадзяне маюць права на мітынг, да таго ж спадзяваўся, што міліцыянты забясьпечаць парадак.

Быў цьвярозы, у руках нічога ня меў. Размясьціўся на прыступках Палацу прафсаюзаў, назіраў. Усе паводзілі сябе мірна, абстаноўка была дружалюбнай. У руках людзей ён ня бачыў зброі ці палак.

Пачаліся выступы кандыдатаў і прагучала інфармацыя, што невядомыя ў масках зьбілі Няклчева. Потым абвясьцілі пра вынікі выбараў, што паводле незалежных назіральнікаў мусіць быць другі тур. Заклікаў да беспарадкаў ён ня чуў. З чыёй ініцыятывы пайшлі на іншае месца, ён ня ведаў. Ня чуў і заклікаў міліцыянтаў разысьціся, ня бачыў міліцыянтаў.

На плошчы Незалежнасьці каля помніка Леніну на трыбуне ўбачыў Саньнікава, Кастусёва ды іншых. Нехта заклікаў ісьці на перамовы у Дом ураду. Людзі вакол паводзілі сябе мірна. Потым пачуў гук бітага шкла, падышоў, і пад уплывам натоўпу двойчы штурхануў нагой разьбітыя дзьверы. Ніякіх стратаў пры гэтым установе не нанёс і ня меў намеру пранікнуць у Дом ураду.

Пасьля гэтага пакінуў тое месца. Яшчэ памятае, як раней туды падыходзіў кандыдат Рымашэўскі і заклікаў не паддавацца на правакацыі.

Пра людзей, якія білі: большасьць дзейнічала спантанна і неарганізавана, але было некалькі, якія дэманстрацыйна білі і заклікалі іншых. Яны дзейнічалі дастаткова арганізавана. У руках люзей на ганку бачыў прыстасаваньне для колкі лёду. Бутэлек з гаручай вадкасьцю ён ні ў кога ня бачыў.

Калі зьявіліся каля 50 супрацоўнікаў АМАПу, ён быў у 20 мэтрах ад Дому ўраду. Ніхто зь міліцыянтаў не спрабаваў затрымаць тых, хто біў шкло. «Дзеяньні міліцыянтаў мне не былі зразумелыя. Адзін раз я бачыў, як міліцыянт плюнуў у мітынгоўца».

Мітынгоўцы ўзяліся за рукі, каб не дапусьціь цісканіны.

Потым ён пачуў, што нібыта дамовіліся пра перамовы зь міліцыяй. Але тады зьявіліся шэрагі міліцыянтаў з дубінкамі і шчытамі, якія без папярэджаньня пачалі біць мітынгоўцаў.

Яго ўдарылі тры разы па галаве, пакуль ня ўпаў. Білі б і далей, але затрымалі. У аўтазаку пабачыў, што кроў на галаве. На Акрэсьціна доктар паставіў дыягназ ЧМТ, на наступны дзень прывезьлі ў шпіталь, дзе наклалі швы. Буланаў хадайнічае, каб запатрабавалі даведку пра тое, што яму аказалі мэдычную дапамогу ў шпіталі.

Усе падтрымалі гэтае хадайніцтва, акрамя пракурора. Той сказаў, што высьвятленьне гэтых абставінаў выходзіць за межы справы.

Буланаў апавядае, як яго спыталі, ці намераны ён скардзіцца на міліцыянтаў? Ён адмовіўся, бо вырашыў, што яму можа стаць горш у ізалятары на Акрэсьціна. Скончыў тым, што прызнаў, што зрабіў два штуршкі па дзьвярах, а болей нічога.

«У справе няма доказаў маёй віны, я ніякіх стратаў не нанёс, гвалту ні над кім не рабіў. Мне мусяць вынесьці спарвядлівы прысуд, які мусіць быць толькі апраўдальным», — сказаў Буланаў.

Буланаў на просьбу адваката распавядае, як яго зьбілі і затрымалі. Безь ніякага папярэджаньня моцна білі. Паўтарыў, што не было «бясчынствуючага натоўпу», які «штурмаваў будынак».

Буланаў адбыў пад адміністрацыйным арыштам 10 сутак. Быў затрыманы 12 студзеня зноў. Трымалі ў турме на Валадарскага, дзе ў яго пагоршылася здароўе. У яго хваробы суставаў ног. Ён нейкі час ня мог хадзіць, правёў месяц у турэмным шпіталі. Дыягназ канчаткова так і не паставілі. У шпіталі лячылі антыбіётыкамі, прайшоў 5 курсаў, але ад хваробы ня вылечыўся.

Кажа, што чуў, што будзе сабраная нейкая дэлегацыя, якая пойдзе на перамовы ў Цэнтравыбаркам. Гэта было недзе а палове на дзясятую.

Чуў, што гаворка ішла пра падачу пэтыцыі, але зьмест звароту ня чуў. «Дэлегацыі я гэтак і ня бачыў. Калідор бачыў, але хто па ім прайшоў, я ня ведаю і ня бачыў. Мне не было бачна з-за тых, хто стаяў наперадзе. Я падышоў да ганка, калі там ніякай дэлегацыі не было.»



14.16 — 14.55 Пачаў даваць паказаньні Арцём Грыбкоў.

Кажа, што прыйшоў на плошчу зь цікаўнасьці, пра мітынг чуў па БТ ад розных кандыдатаў, якія заклікалі прыйсьці на мітынг. Напэўна, яны хацелі нешта распавесьці людзям. Прыйшоў на плошчу Незалежнасьці каля 10 гадзінаў вечара.

Людзі крычалі «Жыве Беларусь!», " Верым, можам, пераможам!«, «Сыходзь!». Потым пачуў, як бьюць шкло і стаў падыходзіць бліжэй да Дому ураду, каб паглядзець, што там адбываецца.

Падыйшоў, убачыў, як некалькі чалавек білі шкло.

«Я далучыўся, хаця шкло не біў. Потым нанёс некалькі удараў па шчытах, якімі былі закрытыя ўваходы. Убачыў супрацоўнікаў міліцыі ўнутры будынку, у мяне адрадзіліся былыя крыўды, плюс мяне справакаваў натоўп — усё разам справакавала нанесьці нагамі каля 15 удараў».

Пракурор пытаецца, якога выніку ён зьбіраўся дасягнуць, калі біў па шчытах?

Адказвае, што ніякага. «Назапасілася крыўда, ударыў і стала лягчэй і пайшоў дамоў».

Затрымаўі спэцназ міліцыі каля чыгуначнага вакзала.

Бачыў у удзельнікаў мітынгу толькі вуды. Калі біў у шчыты, побач зь ім яшчэ два чалавека наносілі удары, астатнія былі журналісты.

Ці бачылі гвалт супрацоўнікаў міліцыі да мітынгоўцаў? Не бачыў. Нікога з абвінавачаных ня бачыў.

Пракурор цікавіцца, чаму паказаньні адносна мэтаў прыходу на мітынг адрозьніваюцца?

Грыбкоў зьдзіўляецца, чым яны адрозьніваюцца.

Паводле хадайніцтва, пракурора пачынаюць зачытваць пратакол допыту ад 12 студзеня. Там напісана, што «пра мітынг даведаўся з теледэбатаў, прыйшоў на мітынг, бо ведаў, што там можа быць сутычка з міліцыяй і мне хацелася ў гэтым паўдзельнічаць».

«Яшчэ чуў на мітынгу лёзунг „Пара мяняць лысую гуму!“. Утварыўся калідор, па якому прайшоў Саньнікаў. Я таксама туды прайшоў і ўбачыў, што 30-40 чалавек бьюць шкло, у руках у людзей вуды, якімі яны бьюць шкло. Я нанёс каля 15 удараў нагамі па шчытах.»

Крыўду на міліцыю Грыбкоў патлумачыў тым, на яго шмат разоў складалі несправядлівыя пратаколы.

Пракурор пытецца, ці пацьвярджае Грыбкоў гэтыя пакзаньні? Адказ: часткова.

Ён даваў гэтыя паказаньні ў дезнь затрыманьня, там было палову на эмоцях.

Не пацьвердзіў, што ішоў на мітынг з мэтай біцца зь міліцыяй.

Не пацьвердзіў і тое, што людзі браліся на плошчы за рукі, каб аказваць супраціў міліцыі. «У гэтым я не перакананы», — сказаў зараз.

Удакладніў, што пайшоў з плошчы яшчэ да масавых затрыманьняў.

Пракурор: а чаму вы неаднаразова самі казалі, што ішлі, каб канфліктаваць з міліцыяй?

Адказ: бо калі мне паказалі артыкул пра масавыя беспарадкі, пра які я не ведаў раней, я мог что заўгодна сказаць. Але ў выніку я ў канфлікт з міліцыяй гэтак і не ўступіў.

Грыбкоў адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. І ўжо пасьля гэтага зноў быў арыштаваны. Пацьвердзіў яшчэ адну частку паказаньняў, акрамя таго, што быццам адмыслова правакаваў канфлікт з міліцыянтамі.

Адвакат пытаецца, чаму ў яго прэтэнзіі да міліцыянтаў?

Арцём Грыбкоў кажа, што ў Карэлічах да яго міліцыянты несправядліва ставіліся, самі, будучы нападпітку, чапляліся да яго і складалі незаконныя пратаколы.

«Палова пратаколаў была несправядлівая», — кажа Грыбкоў.

Адвакат пытаецца пра мэту ягонага прыходу на плошчу. Адказвае, што было цікава.

Актыўныя дзеяньні ён рабіў каля 10 секунд і пасьля гэтага пайшоў з мітынгу.

У Менску Грыбкоў працаваў грузчыкам ў краме «Гіпа», прыводаў у міліцыю тут не было.

14.08 Працэс аднаўляецца.
Прыйшло шмат сваякоў. Жонка Статкевіча Марына Адамовіч, маці, жонка і сятра Класкоўскага, жонка і цётка Буланава, сваякі Вуса, сваякі іншых абвінавачаных. Ёсьць назіральнікі. З праваабаронцаў — Раіса Міхайлоўская.



13.00 У судзе абвешчаны перапынак да 14.00.

12.55 Квяткевіч
сказаў, што шкадуе, што паддаўся настрою натоўпу і пачаў біць шкло дзьвярэй.

Адвакат Станкевіч удакладняе, ці бачыў ён, каб нехта ўваходзіў у Дом ураду пасьля біцьця шкла.

Квяткевіч кажа, што ня бачыў нікога.

Згадвае, што амапаўцаў, які прыбеглі, каб адагнаць мітынгоўцаў ад ганку, было чалавек 50.

На пытаньне адваката, ці можа ён назваць мітынгоўцаў «бесчинствующей толпой», адказаў — не магу.

Вы бачылі, каб міліцыянты білі людзей? — Так, бачыў.

А людзі ў адказ? Не.

Дзьмітрыя Вуса ён ня бачыў і ня ведаў раней.

Намеру біць шкло, калі ішоў на плошчу, у Квяткевіча не было. Але потым пад узьдзеяньнем натоўпу далучыўся. Таксама на яго ўзьдзейнічалі заклікі невядомага маладога чалавека, які заклікаў на ганак.

Пракурор удакладняе: на допыце 5 студзеня вы сказалі, што пад узьдзеяньнем сьпіртнога вы гэта рабілі.

Квяткевіч настойвае на тым, што на плошчы Незалежнасьці адчуваў сябе зусім цьвярозым, бо мінула больш за 2 гадзіны.

Пракурор просіць удакладніць: вы на допыце на сьледзтве казалі, што паддаліся на правакацыйныя заклікі Статкевіча, а зараз кажаце пра нейкага маладога чалавека. Дзе праўда?

Квяткевіч настойвае, што на заклік Статкевіча ён толькі прыйшоў да ганку, каб ісьці на перамовы, а там ужо паддаўся на заклік маладога чалавека.

12.40 Адвакат Квяткевіча
хадайнічаў, каб зачыталі паказаньні з 3-га тому справы.

Пракурор быў супраць, але судзьдзя Грачова хадайніцтва задаволіла.

Адвакат зачытвае паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва, у якіх няма словаў пра штурм, а ёсьць пра перамовы. У гэтых паказаньнях ён тлумачыць, што біў шкло, паддаўшыся настрою, а мэтаў патрапіць у Дом ураду ў яго не было.

Узброенага супраціву міліцыянтам ён не аказваў і ў гэтым абвінавачаньне адмаўляе.

Адвакат удакладніў, колькі ён выпіў сьпіртнога, перад тым як паехаць на плошчу.

Аказалася, 250 грамаў гарэлкі на двух, выпіваў разам са знаёмым.

Пацьвердзіў адвакату, што пасьля гэтага прагаласаваў і паехаў на плошчу, каб пакатацца на каньках.

12.29 Класкоўскі запытаўся:
ці бачылі вы чалавека ў форме міліцыі, які б там арганізоўваў захоп Дома ўраду? Квяткевіч адказаў, што ня бачыў. І ўвогуле ня бачыў там Класкоўскага.

12.30
Пракурор зачытаў яшчэ адзін кавалак з былых паказаньняў. «Я паддаўся на правакацыйныя заклікі Мікалая Статкевіча, супраць яго асабіста ў мяне нічога няма».

Пракурор запытаўся ў Квяткевіча: вы пацьвярджаеце гэта?

Квяткевіч
пацьвердзіў ня ўсё. «Словаў пра штурм Дома ўраду не было, а быў заклік ісьці на перамовы».

12.20
Пракурор зьвяртае ўвагу на тое, што паказаньні Квяткевіча зараз адрозьніваюцца ад тых, што даваліся 5 студзеня на допыце.

Адвакаты ня супраць, абвінавачаныя таксама ня супраць. Пракурор зачытвае вытрымку са справы.

Тады Квяткевіч казаў, што ў кавярні выпіў зь сябрамі гарэлкі, потым прагаласаваў на выбарах.

Каля 19 гадзіны ён паехаў на Кастрычніцкую плошчу, каб пакатацца на каньках, але катацца было дрэнна.

«Тут я ўбачыў мітынг, людзей са сьцягамі, убачыў Статкевіча і Саньнікава сярод людзей. Потым натоўп разьвярнуўся, я ўбачыў, як паперадзе ідзе чалавек у чорным паліто, і я пайшоў за імі. Дайшоў да плошчы Незалежнасьці, быў за 5 мэтраў ад выступоўцаў.

Там я пачуў, як чалавек у чорным паліто і шапцы сказаў: „Давайце пойдзем да Дома ўраду і прарвемся туды на перамовы!“.

І я пайшоў да ганку. Там быў невядомы хлопец, які заклікаў усіх.

Ён потым біў шкло разам са мной. Я завязаў твар шалікам, бо было шмат журналістаў. Вярнуўся да помніка. Потым убачыў другую групу , чалавек 40, якія таксама грамілі дзьверы і вокны. Я да іх не далучаўся, бо баяўся, што затрымаюць.

Потым зьявіліся амапаўцы. Я бачыў, як у амапаўцаў кідаліся сьнегам, але каб іх білі, ня бачыў».

Пракурор пытаецца: ці вашы гэта паказаньні?

Квяткевіч пацьвярджае, але кажа, што ня можа са 100% дакладнасьцю сказаць, што бачыў Статкевіча і Саньнікава. «Было далёка». Пра кандыдата ў чорным паліто сказаў, што прозьвішча ня памятае.

12.10 Выдалілі з залі маці Сіўчыка,
у якой зазваніў тэлефон. Галіна Сіўчык, сыходзячы, сказала, што нічога новага на гэтым працэсе не пачула. Людзі ёй зааплядзіравалі.

Судзьдзя Грачова абурылася і запытала: «Гэта што, наўмысная спроба сарваць паседжаньне?».

Судзьдзя дала апошняе папярэджаньне залі. «Яшчэ такое паўторыцца, усе будуць выдаленыя».

11.50 Пачаўся допыт Квяткевіча.

Сказаў, што прыбыў на плошчу зь цікаўнасьці, бо з мэдыяў ведаў, што будуць зьбірацца на плошчы. Ад якога кандыдата дакладна ён пачуў пра Плошчу, ня памятае. Згадаў, што бачыў на плошчы Статкевіча, які казаў, што выбары сфальшаваныя. Паправіўся, што гэта ён чуў на плошчы Незалежнасьці, а на Кастрычніцкай не было нічога чуваць.

Пракурор пытаецца: а хто павёў натоўп? Квяткевіч: ня ведаю.

Пытаньне пракурора: Вам вядома, чаму мітынгоўцы пайшлі на праезную частку?

Адказ: не. Заклікаў разысьціся ён ня чуў. Мітынгоўцы выкрыквалі «Жыве Беларусь!». Гэта быў самы папулярны лёзунг.

На плошчы Незалежнасьці ўбачыў Статкевіча, які выступаў каля помніка Леніну. Казаў пра фальшаваньне выбараў і што патрэбныя перавыбары.

Ён пайшоў да Дома ўраду пасьля таго, як з трыбуны сказалі, што хутка пачнуцца перамовы з урадам. На ганку знаходзіўся невядомы яму чалавек у шэрай куртцы, які заклікаў падыйсьці бліжэй да Дома ўраду. На ганку ён убачыў, як 23 невядомых пачалі біць нагамі па дзьвярах. Побач былі журналісты і людзі з камэрамі.

«Я закрыў твар шалікам і пачаў біць шкло. Нанёс каля трох удараў. Мэта хуліганскія памкненьні», сказаў Квяткевіч.

Да мяне падбеглі журналісты, і я пайшоў у натоўп.

Праз хвілін 57 зноў пачуў гукі біцьця шкла. Потым у натоўпе ўтварыўся калідор, па якім да Дома ўраду прайшоў чалавек. Потым я апынуўся перад супрацоўнікамі міліцыі.

«Там я фізычнай сілы не ўжываў. Калі міліцыянты сышлі з ганку, людзі таксама адышлі і не трымаліся за рукі. І тады з-за рога Дома ўраду выбеглі супрацоўнікі спэцназу і сфармавалі каробку, і хто апынуўся ўнутры яе, тых пачалі затрымліваць». Яго таксама затрымалі.

Які быў час, ня памятае.

Абвінаваўца запытаў: «Калі пачаўся штурм Дома ўраду?».

Адказу Квяткевіча не чуваць.

Але ён далей казаў, што фактаў пагрому і гвалту сярод мітынгоўцаў ён ня бачыў і, акрамя сьцягоў у руках людзей, нічога ня бачыў.

Абвінаваўца: Што стала падставай каб вы білі па дзьвярах?

Квяткевіч кажа пра два фактары: адзін невядомы яму чалавек, які заклікаў да ганку, і настрой.

11.45 Абвінаваўца прапануе дапытаць Квяткевіча, Грыбкова, Уланава, Пазьняка, Класкоўскага, Вуса і Статкевіча. Абаронцы з такім парадкам пагадзіліся.

Статкевіч прапанаваў сябе першым дапытаць. Судзьдзя сказала пра прапанову Статкевіча, што выслухаем усіх, але пачнем з Квяткевіча.

11.35 У абвінавачаных пытаюцца, ці прызнаюць яны віну.

Статкевіч
кажа, што масавых беспарадкаў не было, і не прызнае сябе вінаватым.

Вус
таксама не прызнае і кажа пра фальшаваньне выбараў.

Класкоўскі
не прызнае цалкам.

Квяткевіч
прызнае часткова.

Пазьняк
не.

Грыбкоў
часткова (што наносіў удары па агароджы).

Буланаў
не прызнае цалкам.

Пракурор заяўляе, што віна абвінавачаных даказана паказаньнямі сьведак, паказаньнямі пацярпелых, пратаколам агляду месца здарэньня, падчас якога былі знойдзеныя мэталічныя пруты, бутэлькі, відэазапісамі падзей, дакумэнтамі, відэазапісамі сустрэчаў Статкевіча і Вуса з выбарцамі, выступамі Статкевіча ў СМІ, відэа ягоных сустрэч з прадпрымальнікамі, аўдыёзапісамі размоў Статкевіча і Вуса, пратаколамі сьледчых дзеяньняў і рэчавымі доказамі.

11.33 Андрэй Пазьняк
таксама абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Нанёс шкоду супрацоўнікам міліцыі. Пералічваюцца пацярпелыя, пашкоджаная маёмасьць. Зноў фігуруюць дзьверы, шыбы, вадасьцёкавыя трубы коштам 14 мільёнаў рублёў. Ня менш як 1 удар нанёс па шчытах міліцыянтаў.

11.35 Дзьмітрыя Буланава
вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. «Скарыстаў надуманую падставу пра фальшывыя выбары, далучыўся да бясчынствуючага натоўпу», — паведаміў абвінаваўца. Спрабаваў пранікнуць у Дом ураду , ударыў ня менш як 2 разы.

Грыбкоў Арцём
удзельнічаў у масавых беспарадках. Стандартнае абвінавачаньне зь пералікам пашкоджанай маёмасьці, пацярпелых. Спрабаваў патрапіць у Дом ураду. Ня менш як 15 разоў ударыў па дзьвярах, а таксама біў па шчытах міліцыянтаў.

11.20 Квяткевіча
вінавацяць у тым, што ён, раней асуджаны на 3 гады зьняволеньня і амніставаны ў 2010 годзе, ня стаў на шлях выпраўленьня і зноў учыніў злачынства — удзельнічаў у масавых беспарадках з надуманай прычыныфальшаваньня выбараў.

11.15 Класкоўкага
вінавацяць у тым, што ён арганізаваў беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Быў у складзе «бясчынствуючага натоўпу», у якім былі бутэлькі з гаручай вадкасьцю, сякера і іншыя прадметы.

Класкоўскі асабіста спрабаваў пранікнуць у Дом ураду з выкарыстаньнем фізычнай сілы, нанёс удары супрацоўнікам міліцыі, наносіў удары па шчытах і агароджах.

11.10 У абвінавачаньні фігуруюць бутэлькі з запальнай вадкасьцю — нібыта яны былі ў мітынгоўцаў. Таксама ідзе гаворка пра шкоду Дому ўраду — 14 мільёнаў рублёў. Пералічваюцца пацярпелыя, якім нанесеныя пашкоджаньні.

11.07 Вус
таксама абвінавачваецца ў арганізацыі беспарадкаў у змове са Статкевічам. Таксама заклікаў праз выступы выйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Далей ён дзейнічаў паводле роляў, які разьмеркавалі 19 сьнежня. Вус сабраў зьвесткі пра міліцыю і паведаміў Статкевічу, што сродкаў міліцыі недастаткова. На плошчы ён узначаліў разам з Статкевічам натоўп і па дарозе прайшоў да плошчы Незалежнасьці. З-за гэтага была парушана праца ўстановаў.

11.04 Далей Статкевіч заклікаў захапіць Дом ураду. Сам падышоў да яго, сваімі дзеяньнямі паказваў прыклад іншым. У людзей, паводле абвінаваўцы, былі завостраныя палкі, сякера, ледасек.

Натоўп над кіраўніцтвам Статкевіча зьнішчыў 5 дэкаратыўных расьлінаў і розную маёмасьць.

Абвінаваўца пералічвае прозьвішчы міліцыянтаў, якія пацярпелі.

Такім чынам, Статкевіча вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

11.00
Статкевіч абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Што ён заклікаў выбарцаў на падставе надуманых дадзеных пра фальшаваньне выбараў.

Пра Вуса: ён сабраў зьвесткі пра наяўнасьць сілаў міліцыі 19 сьнежня і перадаў Статкевічу, што сілаў недастаткова.

Статкевіч заклікаў тых, хто сабраўся на мітынг да актыўных дзеяньняў і ўзначаліў «бясчынствуючы натоўп», зь якім прайшоў да плошчы Незалежнасьці. Быў парушаны парадак і праца ўстаноў: пералічваюцца ўстановы, у тым ліку мэтро, пункт абмену валюты, ДК прафсаюзаў (страты на 2 мільёны), «Макдональдз» (страты на 8 мільёнаў), спыніўся рух транспарту, аўтобусаў, маршрутных таксі (страты на 159 тысяч рублёў).

10.55
Судзьдзя пытаецца, ці ёсьць адводы суду? Статкевіч заявіў, што не давярае судовай сыстэме Беларусі цалкам, але пэрсанальна ня мае прэтэнзіяў.

Усе астатнія абвінавачаныя таксама адводаў ня маюць.

Хадайніцтваў ніхто ня мае.

Абвінаваўца прапанаваў пачаць судовы разбор, хоць яшчэ не зьявіліся некаторыя пацярпелыя.

Усе ня супраць.

Абвінаваўца пачаў зачытваць абвінавачаньні. Пачаў са Статкевіча.

10.50
Абвінавачаныя паведамляюць свае дадзеныя. Ужо распавёў Статкевіч, наступныя — Вус, Класкоўскі (адказвае па-беларуску), Пазьняк, Квяткевіч (адказвае па-беларуску), Грыбкоў, Буланаў.

10.43 Працэс пачаўся. Судзьдзя Людміла Грачова. Засядацелі Назарук і Лойка. Абвінаваўца Чумукавец. Адвакатаў 7. Прозьвішчы некаторых зь іх: Станкевіч, Бурак, Жарко, Новік.

10.30
Прывялі падсудных. Прыйшоў Дзьмітры Вус. Падсудныя, у тым ліку Статкевіч, вельмі схуднелыя, бляклыя. Прысутнічаюць прадстаўнікі замежных амбасадаў, у тым ліку Крыс Паніка з амбасады ЗША.Таксама ёсьць амбасадар Вялікабрытаніі. У залі шмат сваякоў, але ўсім месцаў не хапіла, бо зноў сядзяць людзі ў цывільным. Працэс хутка пачнецца.

Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG