Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Чацьвёрты дзень

абноўлена

14 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

15.56 У судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў панядзелка, 16 траўня.

15.55 Адвакат Пазьняка
просіць вярнуць запіс на пэўны час, каб задаць пытаньне падабароннаму.

Судзьдзя:
Як гэта зрабіць? Я ня ўмею.

Пракурор адматвае запіс і знаходзіць пэўны момант.

Адвакат Пазьняку:
Вы сябе пазнаеце?

Пазьняк:
Так. Вось я стаю. Вакол людзі. Я не магу сысьці ні ўправа, ні ўлева. Нічога не раблю, але і сысьці не магу.

Адвакат:
мой падабароны стаіць, нічога не крычыць і толькі пасьля таго, загучала "Адзін народ", пачынае крычаць таксама.

Судзьдзя кажа, што гэта бачыла.


15.49
Прадстаўнік АБСЭ пакінуў залю.

15.10 Грыбкова пытаюцца:
Вы сябе бачылі?

Грыбкоў:
Так.

Як вы можаце пракамэнтаваць?

Грыбкоў:
А што тут камэнтаваць? Нанёс удараў 15, як і напісана ў справе, потым адышоў і сышоў дамоў.


15.00 Адвакат Ірына Бурак пытаецца Статкевіча:
На эпізодзе вы падыходзілі да Дому Ўраду. Гэта вы?

Статкевіч: Я быў каля помніку, людзі пачалі крычаць, што просяць кандыдатаў дзеля перамоваў, мы прайшлі і з Саньнікавым па калідоры і прыйшлі на ганак. Пастаялі. Але нікога дзеля перамоваў там не было. Пастаялі і сышлі. Заўважыў, што ніхто тады нічога не біў і мы не заклікалі.


14.50 Адвакат Буланава:
Гэта вы былі на відэа?

Буланаў:
Я там недакладна бачыў, таму не магу сказаць, ці я гэта.

Пры гэтым Буланаў не адмовіўся, што быў на ганку і нанёс удары нагой, як ён сказаў "нематывавана".

Буланаў заўважыў:
Мітынгоўцы ня мелі ў руках палак, што у адным эпізодзе адзін мітынговец заклікае супакоіцца іншых.

"Што ж гэта за хуліганскі натоўп"? – пытаецца Буланаў.


14.42 Новы файл.
Рытмічныя ўдары дубінак. Крыкі людзей. Свісткі. Гукі аўтамабільных клаксонаў. Далёкія воклічы "Жыве Беларусь!"

Нехта крычыць: "Някляеў! Некляеў!". Зноў "Жыве Беларусь!". Гучыць міліцэйская сірэна. Крыкі і сьвіст. Гучае шматразовае "Сыходзь!"


14.36 Чарговы відэафайл.
Відаць, пачатак мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Чуваць голас Рымашэўскага, які просіць прапусьціць з мэгафонам. Кажа, што зараз пачнецца мітынг, што прыйшлі сюды, каб пачуць праўду пра выбары. Фонам гучыць нейкая музыка, сьпевы.

Спадар распавядае пра тое, як на Калектарнай некага зьбілі з тых, хто ішоў са сьцягамі. “Навошта было перашкаджаць людзям? Яны ж мірна ішлі...” Назваўся Мікалаем Макарэвічам.

14.26
Адвакат Станкевіч задае пытаньне Статкевічу: Мы бачылі, як вы казалі, што трэба пайсьці і папрасіць, каб той чалавек вызваліў памяшканьне. А потым відэа пра тое, як людзі пайшлі на праспэкт. Што вы памятаеце?

Статкевіч: Пасьля майго выступу выступаў лідэр партыі "Правое дело" Расеі Леанід Гозман, потым яшчэ выступоўцы. А ўжо пазьней людзі пайшлі на праспэкт. Зразумела, што той кавалак выразалі, як і шмат дзе ў іншым.

Станкевіч: Кадры не паказваюць масавых дзеяньняў па прарыву ў Дом ураду. Большасьць кадраў пра Класкоўскага. Там яшчэ два чалавекі.

Адвакат Вуса: я бачыў, як ідзе спэцназ міліцыі і разганяе людзей, бачым плошчу і ня бачым ніякіх прадметаў на плошчы, якія там потым зьявіліся.

Адвакат Буланава: Мы ня бачылі ў руках людзей ніякіх прадметаў (акрамя сьцягоў), пра якія нам казалі пацярпелыя: палак, балёнчыкаў, скрабкоў.


14.10 – 14.20
Адразу за гэтым фрагмэнтам – новы кавалак відэа, на якім, мяркуючы па гуках, б'юць шыбы.

Чуваць воклічы здаля "Жыве Беларусь!", "Свабоду!", "Сыходзь!"

Чуваць блізкія заклікі "Наперад!". Зноў б'ецца шкло. Трэск.

Адвакаты і абвінавачаныя глядзяць на відэа і пераважна ўсьміхаюцца. Судзьдзя глядзіць моўчкі, мімікі на твары няма.

Дзьве народныя засядальніцы побач з судзьдзёй глядзяць насьцярожана.

Міліцыянты глядзяць са зьдзіўленьнем і таксама ўсьміхаюцца. У гэты час на відэа ўсе гучней галасы і гукі ламаньня і грукату ў дзьверы.

Прадстаўнік АБСЭ глядзіць зь цікаўнасьцю і нешта пазначае ў нататніку. Твары міліцыянтаў пахмурнелі.

Чуваць "Наваліліся ўсе.." "дайце сьцяг, беларусы!" "Раз, два, тры!"

Ламаньне працягваецца, біцьця шкла ўжо не чуваць, толькі ўдары і крыкі. Выскачылі амапаўцы, чуваць крыкі "Свае! Свае!"

Далёка чуваць "Ганьба!". Чуваць гук дубінак, якімі б'юць па шчытах.

Голас Класкоўскага – лаянка на адрас міліцыянтаў. Зноў дубінкі, рытмічныя удары.

Відэафайл скончыўся.


14.00 Зноў праглядаюць відэа. Гэты кавалак, мяркуючы па голасе Статкевіча на Кастрычніцкай плошчы, тычыцца яго.

Таксама гучыць голас Саньнікава:"Час мяняць лысую гуму!"

Голас праз гукаўзмацняльнік, што мітынг лічыцца несанкцыянаваным.

Потым голас Рымашэўскага, што будзем патрабаваць свабодных выбараў без Лукашэнкі.

Голас Стакевіча, што пойдзем на перамовы наконт новых выбараў без Лукашэнкі.

Голас Калякіна пра фальшаваньне выбараў падчас датэрміновага галасаваньня: "Мы сьцьвярджаем сёньня, што Лукашэнка не перамог. У Менску ён набраў ня болей за 30%, па рэгіёнах – да 35%”.

Галасы "Сыходзь!"

Голас Статкевіча: Зараз мы пойдзем да Дому щраду і будзем там чакаць прэм'ер-міністра, сілавых міністраў. Калі ласка, падтрымайце нас.


13.46 Паседжаньне аднавілася.

12.35 У судзе абвясьцілі перапынак на гадзіну.

12.20 Голас кажа Класкоўскаму:
Мяркую, калі вы атрымалі фінансавую дапамогу ад апазыцыі, то фінансавых праблем у вас не было, але пра вас забудуць вельмі хутка...

Пытаньне Класкоўскаму: Не разумею, чаго вы пайшлі туды? Грошай вам не плацілі, асаблівай пазыцыі у вас не было, навошта? Каб пабіцца з міліцыянтамі?

Класкоўскі
на гэта сьмяецца. Яго зноў пытаюцца, колькі ён выпіў напярэдадні.

Адказ:
я быў абсалютна цьвярозы.

12.18
Класкоўскі пытаецца на відэа : Скажыце мне, як афіцэр, што са мной будзе?

Яму адказваюць, што магчыма ён застанецца пад падпіскай пра нявыезд.

Магчыма яму выставяць абвінавачаньне.

Голас кажа: такім чынам, вы патрапілі на мітынг выпадкова?

Класкоўскі: Так. Пасядзелі з былымі сябрамі у піўбары каля "Дынама", выпілі піва, каля літра. На мітынг пайшоў адзін, каля 21.00.


12.10 Класкоўскаму тлумачаць на відэа, што яму могуць інкрымінаваць альбо першую частку артыкулу аб масавых беспарадках, гэта іх арганізацыя, альбо другую частку – удзел. Гэта зараз высьвятляецца. Пытаюцца, як яму у рукі патрапіў сьцяг і навошта ён імкнуўся ў Цэнтрвыбаркам? Класкоўскі сьмяецца і кажа, што хацеў пабачыць Ярмошыну, каб яна пры ім палічыла бюлетэні пасьля выбараў.

У залі сьмяюцца.

Класкоўскі кажа, што нікога з кандыдатаў ня ведае. Галасаваў ён за Саньнікава, але яго асабіста ня ведае.

11. 58
Голас на відэа пытаецца ў Класкоўскага: ці атрымлівалі вы грошы ад палітычных партыяў, арганізацыяў ці з-за мяжы?

Класкоўскі кажа, што гэта глупства, ніякіх грошай ён не атрымліваў і ніякім арганізатарам беспарадкаў ня быў.

11. 50 У Класкоўскага пытаюцца на відэа тлумачэньні адносна падзей 19 сьнежня. Ён кажа, што ня быў арганізатарам масавых беспарадкаў, а форму там паказаў толькі тады, калі мяне пачалі біць. А навошта вы ўвогуле апраналі міліцэйскі кіцель? Ня ведаю. Магчыма, каб мяне там не білі.

11.45
У Класкоўскага на відэа пытаюцца, дзе ён узяў міліцэйскую форму, калі мусіў здаць сваю форму пасьля таго, як яго звольнілі? Чаму вы вырашылі дыскрэдытаваць форму, задае пытаньне міліцыянт.

Ён кажа, што асабіста яму форма дарагая.

11.43 Класкоўскі
даў тлумачэньні пра сям'ю, потым пра сваю службу ў ДАІ, што быў звольнены. Яму нагадваюць, што ён зрабіў ДТП, калі быў за рулём нецьвярозы і з-за гэтага яго звольнілі.

11.25 На відэа ідзе размова Класкоўскага з супрацоўнікам міліцыі Гаўрылюком.
Класкоўскага знаёмяць з законам пра тое, што нікога нельга прымушаць да дачы паказаньняў супраць сябе, сваякоў. На якой мове хочаце даць паказаньні? Па-беларуску, адказаў Класкоўскі. Адвакат будзе выкліканы на допыт, зараз – тлумачэньне.

11.15
Запускаюць новы кавалак відэа. Размова з Класкоўскім у міліцыі. Класкоўскі тлумачыць, што гэта было ў Камітэце па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю без адваката 21 сьнежня. Класкоўскі пратэстуе, каб гэта праглядалі, бо гэта ня можа зьяўляецца доказам. Судзьдзя не пагадзілася: праглядзім і вырашым.

11.10 Судзьдзя пытаецца Класкоўскага,
ці пазнаў ён сябе? Так, пазнае. Дае тлумачэньне. Кажа, што відэаролік змантажаваны ў КДБ. Спачатку паказалі фінальны эпізод, а потым той эпізод, калі ён абражаў міліцыянтаў. Насамрэч было па часе наадварот. Тлумачыць, што не паказалі, як мяне зьбілі, як міліцыянт ударыў яго рэбрам шчытом і таму ён гэтак адказаў – абразай, у чым зараз раскайваецца.

11.05
Мяркуючы па гуках, на відэа момант біцьця шкла і дзьвярэй каля уваходу ў Дом ураду і падзеі блізу гэтага.

11.00
Пачынаюць прагляд відэа. Прадстаўнік АБСЭ настаяў, каб яму далі магчымасьць бачыць таксама і перасеў бліжэй да клеткі з абвінавачанымі. Публіка нічога ня бачыць. Ня могуць запусьціць тэхніку без праграміста.

10.58 Адвакат Пазьняка пытаецца ў яго, дык ён удзельнічаў у мітынгу ці не? Пазьняк адказвае, што не. Кажа, што калі быў на мітынгу, ён не ўсьведамляў, што гэта за мітынг, што ён несанкцыянаваны. А ўжо калі яго затрымалі, тады ён даведаўся пра гэта. Адвакат хадайнічае пра далучэньне да матэрыялаў справы копіі квітанцыі аб аплаце Пазьняком штрафу за мітынг. Пракурор супраць. Суд задаволіў хадайніцтва.

10.55 Хадайніцтва аб правядзеньні судова-мэдычнай экспэртызы Грыбкова не задаволілі.

10.50 Грыбкоў
настойвае на тым, каб правялі экспэртызу, ці ёсьць ён алькаголікам. "Я хачу, каб было зразумела, што я не алькаголік, які за бутэльку гарэлкі граміў дзьверы і вокны". Пракурор супраць такой экспэртызы, ён мяркуе, што экспэртызы, якая ёсьць у справе, дастаткова. Суд пайшоў вырашаць, ці задавальняць хадайніцтва.

10.33 Грыбкоў
распавёў, чаму ў судзе прызнаў сваю віну пра ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Кажа, што ў Маскоўскім судзе, дзе яго судзілі, склалася такая практыка: хто не прызнаваў віну, атрымліваў максымальны арышт, хто прызнаваў нанясеньне пашкоджаньня, таго каралі меншым тэрмінам. Таму ён і прызнаў.

10.29 Адвакат прыехаў і працэс аднавіўся. Яшчэ агалошваюць дакумэнты 4-га тома, якія не пасьпелі агалосіць учора. Зараз пастанову адносна Андрэя Пазьняка, паводле якой ён браў актыўны удзел у мітынгу і у адміністрацыйным судзе. Нагадаю, у судзе Пазьняк не прызнае актыўнага удзелу у мітынгу, а толькі тое, што назіраў і быў на плошчы.

10.15 Абвясьцілі, што працс затрымліваецца, бо няма аднаго адваката. Едзе.

10.13
Судовая заля напалову занятая: дыпляматы, журналісты, сваякі. Няма студэнтаў юрфаку. З палітыкаў: Аляксей Кароль, Уладзімер Навасяд. Абвінавачаныя кантактуюць з адвакатамі.

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.

Суды за Плошчу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Першы дзень
Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Другі дзень

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Трэці дзень

Андрэй Пазьняк

Андрэй Пазьняк
Нарадзіўся 20 траўня 1977 году ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі прафэсійны ліцэй, 14 гадоў працаваў электраманцёрам на БелАЗе.

Палітыкай не займаўся. Ня быў сябрам ніякіх партый і арганізацый.

Вырас у спартыўнай сям’і, заўсёды захапляўся футболам, займаўся ім, быў заўзятарам БАТЭ.

Мае 10-гадовую дачку.

Утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага.

Дзьмітры Буланаў

Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Аляксандар Квяткевіч

Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG