Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарзе на допыты – сотні ўладальнікаў мабільных тэлефонаў



Сотні абанэнтаў мабільных апэратараў VELCOM, МТС і Life выклікаюць на допыты ў міліцыю, у КДБ, каб тыя патлумачылі, што яны рабілі ўвечары 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці – маўляў, іхныя мабільнікі "засеклі" ў месцах правядзеньня акцыяў пратэсту. Ці "здавалі" мабільныя апэратары сваіх абанэнтаў?


Пасьля выхаду чарговага прапагандысцкага фільма Беларускага тэлебачаньня "Плошча. Жалезам па шклу" ў многіх уладальнікаў сотавых тэлефонаў быў шок: мабільнікі татальна праслухоўваюцца. Прычым, ня толькі ў апазыцыйных палітыкаў, кандыдатаў у прэзыдэнты. А тут яшчэ народ сталі выклікаць на допыты з пытаньнем: "Дзе вы былі 19 сьнежня і што рабілі на плошчы?". Прэсавы сакратар "Маладой Беларусі" Цімафей Дранчук на мінулым тыдні сам быў на допыце, а на гэтым тыдні ва Фрунзэнскае РУУС выклікалі некалькі ягоных сяброў:
Цімафей Дранчук

"Адзін мой знаёмы быў на допыце пазаўчора, і сьледчы яму прызнаўся, што ў яго сьпіс з сотні чалавек, у ягонага калегі з двухсот. І сьледчыя мусяць кожнага абавязкова выклікаць, дапытаць, скласьці пратакол допыту, то бок аформіць гэта афіцыйна".

Апэратары мабільнай сувязі сьцьвярджаюць, што яны не пры чым. Прадстаўніца кампаніі VELCOM на ўмовах ананімнасьці такім чынам адказала на пытаньне Радыё Свабода, што будзе, калі выставіць прэтэнзіі да мабільнага апэратара ў "здачы" сваіх абанэнтаў:
Тут мабільны апэратар абсалютна не пры чым. Тут зусім іншыя, больш высокія сілы. І мы ні паўплываць на гэта ня можам, ні перашкодзіць – нічога

"Бессэнсоўна выстаўляць прэтэнзіі, таму што так і адкажуць: маўляў, да нас такія запыты не паступалі. І гэта будзе праўда. Мы гэтага не рабілі, там іншыя схемы працавалі. У іх усё сваё. Тут усё па-іншаму. Тут мабільны апэратар абсалютна не пры чым. Тут зусім іншыя, больш высокія сілы. І мы ні паўплываць на гэта ня можам, ні перашкодзіць – нічога".

Юрыст кампаніі сотавай сувязі МТС Дзьмітрый Ходас падчас нашай гутаркі некалькі разоў спасылаўся менавіта на расейскі досьвед, акцэнтуючы ўвагу: МТС – апэратар расейскі:

"Не таму што я нешта хаваю, я сапраўды ня ведаю, як гэтыя зьвесткі трапілі адпаведна да тых, хто пытаўся... Гэта праваахоўныя органы, я правільна разумею?".

Карэспандэнтка: "Так, канечне".

"Проста ня ведаю. Я ня думаю насамрэч, што тут апэратар вас "здае". Проста па расейскаму досьведу ведаю: рэальна такая магчымасьць у праваахоўных органаў ёсьць – самастойна, без удзелу апэратара ўсё гэта рабіць. Натуральна, з санкцыі. Калі ёсьць санкцыі адпаведнага органа, гэтым займаюцца менавіта спэцыялісты праваахоўнага органа. Але ніяк не апэратар".

Нават калі сотавы тэлефон і "засеклі" ў адпаведны час 19 сьнежня ў раёне масавых акцыяў, гэта ні пра што яшчэ ня сьведчыць. Ні што чалавек удзельнічаў у акцыі, ні што ён фізычна знаходзіўся паблізу, сьцьвярджае Цімафей Дранчук:
Рэальна такая магчымасьць у праваахоўных органаў ёсьць – самастойна, без удзелу апэратара ўсё гэта рабіць

"Я зь іншай практыкі, яшчэ некалькі гадоў таму, ведаю, што ёсьць такая асаблівасьць працы сотавых кампаній. Абанэнт, які знаходзіцца ў пэўным месцы, можа быць далучаны да дзясятка сотавых вышак. Калі абанэнт знаходзіцца, да прыкладу, на Кастрычніцкай плошчы, ён можа быць далучаны да соты, якая знаходзіцца блізу плошчы Незалежнасьці, блізу вакзалу, блізу вуліцы Кірава, Плошчы Перамогі і гэтак далей. Таму гэта абсалютна не зьяўляецца доказам".

На допыты і размовы выклікаюць таксама і людзей, якія кантактуюць у сацыяльных сетках, у Skype, ICQ. Падчас масавых ператрусаў шмат кампутараў было канфіскавана ў рэдакцыях недзяржаўных СМІ, у журналістаў, актывістаў грамадзкіх, праваабарончых арганізацый. Цімафей Дранчук кажа:

" Некаторыя кампутары былі "ўскрытыя", і на падставе размоваў з субяседнікамі тых суразмоўцаў таксама выклікаюць на допыты, каб даведацца, пра што і навошта яны размаўлялі з журналістамі, прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG