Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блякаваньне Tor у Беларусі падвысіла колькасьць ягоных карыстальнікаў


Ад пачатку сьнежня ўлады Беларусі пачалі блякаваць Tor — праграму, што дазваляе заставацца ананімным і атрымліваць доступ да заблякаваных сайтаў і цэлага таемнага вэбу. Улады гэта прызнаюць: сьцьвярджаецца, што гэта робіцца дзеля абмежаваньня доступу да забароненай інфармацыі.

Але, паводле зьвестак Tor, блякаваньне ня зьменшыла, а нават крыху падвысіла колькасьць карыстальнікаў зь Беларусі. Да блякаваньня ў нашай краіне было каля 5000 простых карыстальнікаў Tor, пасьля стала каля 3000. А колькасьць карыстальнікаў, якія ідуць у Tor ня простым, а абходным шляхам (праз «Масты» — Bridges) падскочыла з пары соцень да больш як 3000 на піку.

Такім чынам, да блякаваньня ў Беларусі было звыш 5000 карыстальнікаў, пасьля яго стала звыш 6000. Паступова колькасьць карыстальнікаў спадае да ўзроўню апошніх месяцаў да блякаваньня.

Як абысьці блякаваньне Tor, падказваюць і сама праграма, і ейныя карыстальнікі ў сацсетках.

Колькасьць карыстальнікаў Tor у Беларусі не была стабільнай, за апошнія гады яна расла і падала. За тыя пяць гадоў, што Tor вядзе статыстыку, колькасьць карыстальнікаў у Беларусі дасягала 10 тысяч чалавек у жніўні-верасьні 2013 году і цягам 2015-га. У гэтыя гады Tor фіксаваў некалькі магчымых спробаў блякаваньня ў Беларусі, ды тыя не прыводзілі да заўважнага падзеньня колькасьці карыстальнікаў.

У краінах, блізкіх па колькасьці насельніцтва да Беларусі, вельмі розная колькасьць простых карыстальнікаў Tor. У Швэцыі іх каля 20 тысяч, Аўстрыі — каля 15 тысяч, у Чэхіі 10,5 тысячы, у Баўгарыі — 6-7 тысяч, у Швайцарыі — 15 тысяч са скачкамі да 50-ці, у Ізраілі каля 10 тысяч са скачкамі да 50-ці, у Гандурасе, Азэрбайджане і Таджыкістане — меней за тысячу.

Усяго ў сьвеце Tor налічвае каля 2 млн карыстальнікаў са скачком да 6 млн у 2013 годзе, яшчэ каля 50 тысяч чалавек карыстаюцца «Мастамі».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG