Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — айцішнікам: «Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў»


Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ) далейшую падтрымку. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі ІТ-сфэры, паведамляе БелТА.

«Мы ўзялі з вамі гэты курс, і мы налева-направа наўмысна „хістацца“ ня будзем. Мы будзем ісьці прама. Калі трэба дзесьці вострыя куты абыйсьці, якія нам сёньня не патрэбныя, мы іх абыдзем, але я вас падтрымліваў і буду падтрымліваць. Таму што, па вялікім рахунку, вы мае дзеці. Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў, а потым вы вырасьлі, пачалі прапаноўваць, як ісьці. Мы будзем рухацца ў гэтым кірунку настолькі эфэктыўна, наколькі вы гэтага захочаце», — заявіў Лукашэнка.

Ён меў на ўвазе, што ПВТ ствараўся ў 2005 годзе зь ягонай ініцыятывы.

Таксама ён выказаўся пра далейшае разьвіцьцё майнінгу і блокчэйну.

«Захацелі вы крыптавалюту, крыптабіржу, майнінг і іншае, фэрмы стварыць... Разам будзем ісьці гэтым шляхам», — дадаў Лукашэнка.

Ён падкрэсьліў, што дзяржава забясьпечыць падтрымку гэтаму кірунку.

Аляксандар Лукашэнка наведаў 12 красавіка менскі офіс Парку высокіх тэхналёгій і адзін з офісаў IT-кампаніі EPAM.

Яго суправаджалі кіраўніца ягонай адміністрацыі Натальля Качанава, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч і іншыя чыноўнікі. Прымалі яго, сярод іншых, дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі і бізнэсовец Віктар Пракапеня.

У ПВТ Лукашэнку паказалі распрацоўкі ў аграрнай сфэры, оптыцы, мэдыцыне, робататэхніцы і віртуальнай рэальнасьці (наконт апошніх асобна адзначаецца: «выклікалі цікаўнасьць»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG