Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра IT-дэкрэт: «Я асабліва не напружваўся. Калі праваліцеся, гэта будуць вашыя праблемы»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка наведаў 12 красавіка менскі офіс Парку высокіх тэхналёгій і адзін з офісаў IT-кампаніі EPAM.

Яго суправаджалі кіраўніца ягонай адміністрацыі Натальля Качанава, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч і іншыя чыноўнікі. Прымалі яго, сярод іншых, дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі і бізнэсовец Віктар Пракапеня.

У ПВТ Лукашэнку паказалі распрацоўкі ў аграрнай сфэры, оптыцы, мэдыцыне, робататэхніцы і віртуальнай рэальнасьці (наконт апошніх асобна адзначаецца: «выклікалі цікаўнасьць»).

«Надыходзіць эра робатаў, хацелася б гэта некаму ці не», — перадае прэс-служба Лукашэнкі ягоныя ўражаньні.

У рэпартажы на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» паказалі, як Пракапеня запэўніваў Лукашэнку, што «многае забудзецца, многія добрыя рэчы», але ён ужо ўвайшоў у гісторыю як першы кіраўнік дзяржавы, які «прыняў правільнае рэгуляваньне блокчэйну».

«Я шчыра сказаў, што калі паглядзеў на гэтыя дакумэнты, я асабліва не напружваўся, — адказаў Лукашэнка наконт рэгуляваньня блокчэйну і крыптавалютаў у «IT-дэкрэце». — Думаў, я іх падтрымаю, падпішу і гэтак далей. Але калі ў вас нешта не атрымаецца і вы праваліцеся, то гэта будзе вашая праблема. А для дзяржавы — мы ж нічога не гублялі б».

Лукашэнка дадаў, што чакае ад IT-супольнасьці прапановаў па далейшым разьвіцьці сфэры, і ў выпадку чаго каб зьвярталіся наўпрост да віцэ-прэм’ера. Маўляў, яму важна «сысьці адсюль зь нейкім вашым даручэньнем, якое прасуне нас наперад».

Прапанову аб стварэньні Міністэрства лічбавай эканомікі (сьцьвярджаецца, што ідэя належыць Пракапеню) Лукашэнка даручыў разгледзець зноў — як піша БелТА, «прыняць у другім квартале гэтага году рашэньне, ці патрэбная ў краіне дадзеная структура» (год таму казаў Пракапеню, што падтрымае такую ідэю).

28 сакавіка 2018 году ўступіў у сілу дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня 2017-га.

Дакумэнт падоўжыў і пашырыў прэфэрэнцыі для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ), спрасьціў патрабаваньні да іхнай замежнаэканамічнай дзейнасьці. Ён мае стымуляваць разьвіцьцё тэхналягічнай адукацыі ды стварыць больш прывабныя ўмовы для прыходу ў Беларусь сусьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый.

Аднак самая рэзанансная частка ІТ-дэкрэту — легалізацыя крыптавалютаў, іх здабычы і абарачэньня. Дзякуючы гэтаму Беларусь трапіла ў загалоўкі ўсясьветных мэдыя,​ бо міжнародная практыка заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі яшчэ толькі фармуецца, там шмат шэрых зонаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG