Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як айцішнікі могуць дапамагчы беларускім гарадам і хто ім замінае


Тры дні, з 2 па 4 лістапада, на Менскім урбаністычным форуме абмяркоўвалі разьвіцьцё гарадоў і тое, як на яго ўплываюць і ад яго залежаць інфармацыйныя тэхналёгіі і транспарт. Свабода зафіксавала ключавыя моманты.

Айцішнікі «ня могуць прабіць беларускую дзяржаўную машыну»

На пачатку дыскусіі «ІТ і Менск, які (не) зьмяняецца» бізнэс-кансультантка па дыгіталізацыі бізнэсу Вольга Халадовіч адзначыла, што ІТ — гэта ня толькі праграмаваньне, але перш за ўсё інжынэрная справа. То бок перадавыя веды і навыкі, неабходныя для разьвіцьця гарадзкіх прастораў і інфраструктуры.

«Ад Савецкага Саюзу ў Беларусі засталося шмат кадраў. Моцны напрамак — матэматыка. Мы не рэсурсазалежныя ад дзяржавы. Адзіны рэсурс, які ў нас ёсьць, гэта інжынэрыя», — сказала яна.

Паводле ўдзельніцы супольнасьці «Адкрытыя дадзеныя» Аліны Радачынскай, тэхналёгіі актыўна выкарыстоўваюцца дзеля грамадзкіх патрэб ва ўсім сьвеце.

«У Беларусі мы пакуль гэтага ня бачым. Але чым далей, тым болей праграмісты будуць займацца непрацоўнымі праектамі, цікавымі ўласна ім, і пры гэтым вырашаць сацыяльныя праблемы».

Вадзім Радзівіл ​, заснавальнік прыладаў для маніторынгу экалягічнай абстаноўкі R-NOX, бачыць у IT вялікі патэнцыял для вырашэньня агульнагарадзкіх праблемаў Менску ды іншых паселішчаў.

«Ужо цяпер можна сабраць зьвесткі зь дзяржаўных архіваў і даць іх айцішнікам для распрацоўкі на хакатонах. Напрыклад, можна прапанаваць удзельнікам прааналізаваць дадзеныя, каб зразумець, на што людзі ў Шабанах або на Трактарным заводзе хварэюць больш і чаму».

Але, па словах Вадзіма, беларускія айцішнікі ня могуць прабіць беларускую дзяржаўную машыну — патрабуецца «пасярэднік, нехта паміж».

«Горад ставіць задачу, але чыноўнікі нічога не разумеюць у тэхналёгіях. У іх ёсьць праблема, але яны ня могуць сфармуляваць, што ім трэба зь ёй рабіць. Яны элемэнтарна ня могуць скласьці тэхзаданьне», — лічыць заснавальнік R-NOX.

Алена Мельчанка, кіраўніца ІТ-кампаніі Orange Soft і папулярызатарка ІТ-адукацыі, распавядае, як у 2016 годзе гарадзкія ўлады зьвярнуліся да іх, каб стварыць мабільную праграму для сэрвісу 115.бел, якая дапамагла вырашыць больш за 130 тысяч гарадзкіх і камунальных праблем жыхароў Беларусі.

«Мы рабілі гэта бясплатна. Распрацоўшчыкі інвэставалі вольны час у карысную для гораду справу. Агулам праграму спампавалі 30 тысяч разоў. Летам 2017-га мы перадалі код праграмы іншай кампаніі, бо было шмат бар’ераў, асабліва ў камунікацыі з чыноўнікамі. Не хапае прамежкавага зьвяна, актывіста — праектнага мэнэджара. Няма часу на паездкі ў дзяржорганы», — кажа Мельчанка.

Паводле яе, у супрацоўнікаў ІТ-кампаній ёсьць запыт рабіць нешта сацыяльнае, але пакуль незразумела як. Патрэбна грамадзкая або дзяржаўная плятформа, якая аб’ядноўвала б сацыяльныя ініцыятывы і айцішнікаў.

EPAM і Wargaming дзеляць Менск

Кіраўнік прасторы «ОК16» Георгі Заборскі ў адкрытым інтэрвію «Чаго хочуць буйныя карпарацыі ад гораду і горад ад буйных карпарацый» зьвярнуў увагу на наступную тэндэнцыю: IT-індустрыя — сур’ёзны замоўца на гарадзкое асяродзьдзе.

Boeing 737-300 „Белавія“ з рэклямаю кампутарнай гульні World of Tanks
Boeing 737-300 „Белавія“ з рэклямаю кампутарнай гульні World of Tanks

Напрыклад, амэрыканская кампанія Amazon выбірае месца для новай штаб-кватэры на 50 тысяч супрацоўнікаў — канкурэнцыя паміж гарадамі прыблізна як за Алімпіяду, 238 заявак. Карпарацыя заявіла, што плянуе інвэставаць у будоўлю новага галаўнога офіса звыш 5 мільярдаў даляраў.

Паводле Amazon, кампанія аддае прыярытэт гарадам з насельніцтвам звыш 1 млн чалавек і «спрыяльнай для вядзеньня бізнэсу атмасфэрай», якая зможа прыцягнуць высокакваліфікаваных спэцыялістаў у розных тэхнічных абласьцях.

«Зь іншага боку, у нас ёсьць Менск. Чым ён горшы? Гэта горад, дзе калі хто і робіць грошы, то гэта супрацоўнікі IT-сэктару: ёсьць ПВТ, EPAM, Wargaming. Калі верыць кансалтынгавай кампаніі Colliers International Belarus, то офісы IT-кампаній занялі за год 40% у структуры арандатараў гарадзкіх бізнэс-цэнтраў Менску. За 2017 год патрэбы ІТ-кампаній у нерухомасьці склалі 75 тысяч кв.м. Палова гэтай плошчы разьдзеленая паміж кампаніямі EPAM і Wargaming», — кажа Заборскі.

«Страх замінае выкарыстоўваць прастору для ІТ эфэктыўна»

У Менску базуецца галоўны офіс Парку высокіх тэхналёгій. Але, па сутнасьці, тэхналягічнага парку, які б аб’ядноўваў вялікую колькасьць офісаў ІТ-кампаній, няма, лічыць Алена Мельчанка, кіраўніца кампаніі Orange Soft і папулярызатарка ІТ-адукацыі.

Будынак Парку высокіх тэхналёгій у Менску
Будынак Парку высокіх тэхналёгій у Менску

«Ёсьць адміністрацыя ПВТ — дзяржаўная арганізацыя, якая жыве на падаткі, адлічаныя кампаніямі — сябрамі ПВТ. Бізнэс-інкубатар ПВТ мае ўласную прастору з рамонтам, зробленым за грошы арганізацый — сябраў ПВТ. Здавалася б, гэтая прастора павінна служыць гораду для імпрэзаў з удзелам школьнікаў, настаўнікаў. Але на нашы запыты правесьці там адукацыйнае мерапрыемства пра IT — адмова. Адкрываем іх каляндар — тры мерапрыемствы на месяц. Увесь астатні час пляцоўка прастойвае», — кажа Алена Мельчанка.

Яна зьвяртае ўвагу, што ў той жа час у Горадні філіял ПВТ «забіты івэнтамі, курсамі для дзяцей або трэнінгамі для бізнэс-аналітыкаў».

Заля каворкінг-цэнтру ПВТ у Горадні
Заля каворкінг-цэнтру ПВТ у Горадні

«То бок рэсурсы і прастора ўжо ёсьць. Пытаньне ў тым, як яны выкарыстоўваюцца», — кажа Алена Мельчанка.

Ці ёсьць верагоднасьць, што ў Беларусі зьявяцца цэлыя ІТ-гарадкі?

«Па некаторых прагнозах, у Беларусі да 2030 году застанецца 30 гарадоў, а ўсе астатнія населеныя пункты стануць прыватнымі тэрыторыямі, — расказвае бізнэс-кансультантка Вольга Халадовіч. — Шмат гарадоў ня вытрымаюць канкурэнцыі зь Менскам і набудуць сваю спэцыялізацыю, напрыклад, «для людзей за 50».

У Віцебск ужо цяпер шмат хто прыяжджае з Масквы, выкупляе ўчасткі і застаецца жыць на пэнсію.

Выгада ад ровараў — 16 мільёнаў даляраў на год

Старшыня праўленьня Менскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў расказаў, як ровар апаноўвае беларускія гарады, і прадставіў вынікі праекту «Гарадзкі роварны рух у Беларусі».

Павал Гарбуноў на Менскім урбаністычным форуме
Павал Гарбуноў на Менскім урбаністычным форуме

Роварны рух набірае абароты. У 2010 годзе ў Менску налічвалі 300 тысяч ровараў, а за сем гадоў іх колькасьць вырасла на паўмільёна. Амаль палова жыхароў мае ровар.

Выявілася, што людзі выбіраюць ровар не таму, каб зрабіць унёсак у экалёгію гораду, а таму, што гэта ўклад у здароўе, так зручней і хутчэй. Гораду ж цікава разьвіваць роварны рух, каб зьменшыць нагрузку на вулічна-дарожную сетку, зьнізіць выдаткі на аўтамабілі, на абслугоўваньне дарог ды парковак. Але манэтызацыю ровара гораду адчуць складана.

Працадаўцу цяжка растлумачыць, што калі чалавек прыяжджае не на аўтамабілі, а на ровары, то прынамсі загазаванасьць у двары будзе меншая.

Паводле эканамічнага дасьледаваньня Менскага роварнага таварыства, нават 1% паездак на ровары прыносіць гораду выгаду ў памеры 16 млн даляраў у год.

Галоўныя перашкоды такія:

  • няма зручнага маршруту да пункту прызначэньня,
  • няма гаража для ровара каля дома,
  • няма парковак для ровараў каля месца працы (вучобы).

Як дасягнуць бэрлінскага ўзроўню?

У Менску каля 30 велагаражоў, большая частка зь іх зьявілася за апошнія два гады. Па-ранейшаму існуе гендэрны дысбалянс: 78% раварыстаў — мужчыны, і толькі 22% — жанчыны.

Мяняецца тып ровараў: людзі пераходзяць на гарадзкія, а горных становіцца менш.

Шлем выкарыстоўваюць 9%, а са сьвятлом у цёмны час езьдзіць 25% раварыстаў.

У летні час беларусы робяць на ровары 1% паездак. Сярэдні эўрапейскі ўзровень — у восем разоў вышэйшы. У Бэрліне, напрыклад, на ровары адбываецца 13% ад агульнага ліку паездак.

У гэтым годзе пастаянная камісія па забесьпячэньні бясьпекі дарожнага руху пры Савеце міністраў прыняла нацыянальную Канцэпцыю разьвіцьця роварнага руху — дакумэнт, які прадугледжвае пашырэньне ўжываньня ровара ў гарадах. Мэты стаяць амбітныя. Буйныя гарады маюць дасягнуць амаль бэрлінскай долі — 8–10% паездак на ровары, але як выканаць гэты плян, пакуль незразумела. Для малых гарадоў вызначаны паказчык 15–20%, для аграгарадкоў — больш за 40%. Цяпер самы роварны з малых гарадоў у Беларусі — Масты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG