Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Пракапеня: Мараторый на сьмяротнае пакараньне эканоміў бы 200 млн даляраў


Віктар Пракапеня

Увядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне зьнізіла б кошт абслугоўваньня дзярждоўгу Беларусі. Такое меркаваньне выказаў вядомы ІТ-прадпрымальнік, заснавальнік кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, выступаючы на «Кастрычніцкім эканамічным форуме- 2018». Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

«У нас з дзяржбюджэту, які складае каля 15 млрд даляраў, парадку аднаго мільярда даляраў сыходзіць на абслугоўваньне дзярждоўгу. Мы плацім вар’яцкую стаўку па зьнешніх даўгах (5-6%)» — адзначыў Пракапеня.

На яго думку, адмена сьмяротнага пакараньня дасьць магчымасьць зьнізіць кошт дзяржпазыкаў. «Калі адмяніць сьмяротнае пакараньне, атрымаецца зэканоміць 200 млн даляраў, а то і болей».

Прадпрымальнік заявіў, што рашэньні па такіх пытаньнях на дзяржаўным узроўні павінныя прымацца з улікам эканамічнага эфэкту.

«Гаворка не пра тое, што сьмяротнае пакараньне — гэта дрэнна ці добра. У бюджэце не хапае сродкаў плаціць заробак лекарам і настаўнікам. Таму ідэя ўвесьці хаця б мараторый на ўжываньне сьмяротнай кары выглядае разумнай» — лічыць Пракапеня.

Рада Эўропы і Эўразьвяз у кастрычніку гэтага году чарговы раз заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне «у якасьці рашучага кроку, які набліжае краіну да агульнаэўрапейскіх стандартаў».

«​У 2018 годзе эканамічны рост у Беларусі на чвэрць будзе забясьпечаны за кошт ІТ-сэктару»​

Падчас свайго выступу на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Мінску Віктар Пракапеня выказаў меркаваньне, што ў 2018 годзе эканамічны рост у Беларусі на чвэрць будзе забясьпечаны за кошт ІТ-сэктару. «У 2018 годзе ІТ-сэктар вырасьце на 40%, або на 500 млн даляраў. Уся беларуская эканоміка вырасьце ў гэтым годзе на 2 млрд даляраў. Такім чынам, чвэрць эканамічнага росту будзе забясьпечана за кошт ІТ» — цытуе Пракапеню БелаПАН.

Ён канстатаваў, што пакуль усё яшчэ невялікая частка беларускага грамадзтва занятая ў ІТ-сэктары. «Існуе патэнцыял разьвіцьця ІТ-сэктару. У Беларусі ў ІТ-сэктары занята каля 2,5% насельніцтва. У Эўропе ў сярэднім у ІТ-сэктары ўжо занята каля 6% насельніцтва, а ў некаторых краінах гэты паказчык дасягае 11%» — падкрэсьліў бізнэсовец.

«З боку дзяржавы існуе поўнае разуменьне і поўная падтрымка таго, што гэты кірунак трэба разьвіваць», — сказаў ён.

За студзень-жнівень 2018 году экспарт кампутарных паслуг склаў 959 мільёнаў даляраў, павялічыўшыся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 36%.

У 2017 годзе экспарт кампутарных паслуг склаў 1,2 млрд даляраў, павялічыўшыся на чвэрць у параўнаньні з 2016 годам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG