Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракапеня расказаў пра СІЗА і распрацоўку відэагульні для сына


Віктар Пракапеня, архіўнае фота

Беларускі бізнэсовец Віктар Пракапеня, заснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital, заснавальнік і былы ўласьнік кампаніі Viaden Media, якая займалася распрацоўкай мабільных праграмаў, даў вялікае інтэрвію Tut.by. Свабода коратка пераказвае самыя цікавыя заявы Пракапені.

Не адказаў, як выйшаў зь СІЗА

На пытаньне пра тое, як ён выйшаў са сьледчага ізалятара (яго затрымалі паводле падазрэньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў красавіку 2015 году і вызвалілі ў сьнежні таго ж году, пазьней падазрэньні былі зьнятыя), ён адказаў: «З божай помаччу».

Журналістка Tut.by удакладніла, ці маецца на ўвазе Аляксандар Лукашэнка (які сустракаўся з Пракапенем праз паўтара года па вызваленьні). Пракапеня адказаў толькі: «Не блюзьнерце!»

Пазьней Пракапеня расказаў, што на сустрэчы з Лукашэнкам у 2017 годзе, пасьля якой «далі зялёнае сьвятло ІТ-дэкрэту», «мы проста абмеркавалі ўсе праблемы IT-галіны і шляхі іх вырашэньня».

Аляксандар Лукашэнка наведаў офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі. 13 сакавіка 2017 году
Аляксандар Лукашэнка наведаў офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі. 13 сакавіка 2017 году

​Адносна выхаду зь СІЗА ён дадаў, што «маліцца нікому не зашкодзіла», пахваліў свайго адваката і параіў «не эканоміць на юрыстах», ды згадаў, што ў Беларусі выносіцца менш за 0,2% апраўдальных прысудаў. Пры гэтым Пракапеня заявіў, што публічнасьць і частыя зьяўленьні ў СМІ не абараняюць ад турмы і не прыводзяць да турмы, але «сядзець і маўчаць — вось што прыводзіць у СІЗА».

Зноў прапанаваў амністыю для бізнэсоўцаў

Са справай Пракапені часам параўноўваюць справу бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча, якому прысудзілі 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўхіленьне ад сплаты падаткаў (у мінулым кастрычніку тэрмін скарацілі да 5 гадоў).

Менавіта Кныровіча Пракапеня ня згадваў, але зноў прыгадаў ідэю «разьняволеньня бізнэс-ініцыятывы», бо, казаў ён, «каталізатары» бізнэсу або зьехалі з краіны, або знаходзяцца за кратамі, таму Беларусь прайграе канкурэнцыю іншым краінам.

«Трэба правесьці поўную, безумоўную амністыю бізнэсу — рысу, за якой дараваць старыя грахі па эканамічных злачынствах, — прапанаваў Пракапеня. — Бізнэсоўцы выйдуць з турмаў, вернуцца тыя, хто зьехаў. Гэта ня азначае ўсёдазволенасьці — за парушэньні пасьля амністыі бізнэс павінен несьці адказнасьць. Такая мера надасьць моцны імпульс бізнэсу і грамадзтву».

Паводле Пракапені, «калі бізнэсовец ня мае магчымасьці выканаць патрабаваньні заканадаўства, то закон трэба мяняць».

Заступіўся за Tut.by

Ён таксама пракамэнтаваў «справу БелТА», у судзе па якой галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву судзяць за «бязьдзеяньне службовай асобы»: маўляў, «адзіным вынікам гэтага суду будзе процьма нэгатыўнай прэсы ў сьвеце пра Беларусь — і нічога больш».

Паводле Пракапені, нават калі галоўную рэдактарку пазбавіць фармальнага права займаць кіроўную пасаду, у рэдакцыі нічога ня зьменіцца. Але праз такі суд Пракапеня прадказаў «вялізныя фінансавыя страты продажам беларускіх прадуктаў, у тым ліку IT, на заходніх рынках».

Ніякіх ацэнак абвінавачваньням і дзеяньням удзельнікаў справы бізнэсовец ня даў.


9-гадовы сын наняў двух пакістанскіх праграмістаў

Віктар Пракапеня, сярод іншага, расказаў пра свайго 9-гадовага сына і ягоны «бізнэс» (ёсьць яшчэ малодшы сын, якому паўтара года). Сын аднойчы сказаў, што хоча рабіць мабільныя відэагульні, кіраваць праграмістамі. Бізнэсовец дапамог яму разьмясьціць замову на стварэньне гульні, сын «наняў двух пакістанцаў і аднаго кітайца — кітайца, праўда, потым звольніў».

Відэагульня (у якой трэба разьбіваць кінжалам мячыкі, якія лятуць на гульца) нават прынесла прыбытак, кажа Пракапеня. Сын адкрыў сабе банкаўскі рахунак праз пашпарт маці, замовіў сабе візытоўкі, цяпер займаецца абнаўленьнямі гульні.

Сам Віктар Пракапеня раней расказваў, што зарабіў першыя грошы ў 13 гадоў, зьбіраючы кампутары. «Дарослае жыцьцё», казаў ён, пачалося ў 16 гадоў, калі ягоны бацька загінуў у аўтакатастрофе і яму самому давялося зарабляць грошы для сям’і.

Пажартаваў з «пракапенягейту»?

Інтэрвію завяршаецца магчымай адсылкай да гісторыі з выдаленьнем зь беларускіх СМІ дзясяткаў архіўных публікацыяў пра затрыманьне Пракапені, якую ў сацсетках празвалі «пракапенягейт».

Tut.by: Выдатна! Вось такім і павінна было быць усё інтэрвію. А то СІЗА нейкае...
Пракапеня: Дарэчы, а можна ўсё, што пра СІЗА, з інтэрвію выдаліць? (Усьміхаецца.)
Tut.by: Ну вось яшчэ!
Пракапеня: Ну і добра. (Сьмяецца.)

У самім інтэрвію «пракапенягейт» ня згадваўся і не камэнтаваўся. Раней уладальнік Tut.by Юры Зісер камэнтаваў зьнікненьне навінаў пра затрыманьне Пракапені на ягоным партале так: бізнэсовец патрабаваў выдаленьня, яму адмовілі, але нейкі супрацоўнік рэдагаваў тэксты без дазволу рэдакцыі.

* * *

Таксама Пракапеня скрытыкаваў беларускую сыстэму адукацыі (не выганяюць безнадзейных студэнтаў, дэвальвуецца каштоўнасьць вышэйшай адукацыі, прафэсарскі склад збольшага ў пэнсійным узросьце), пахваліў свайго расейскага партнэра па бізнэсе Міхаіла Гуцэрыева за маштабы плянаў і заявіў, што Беларусь ніколі ня ўвойдзе ў склад Расеі, бо іначай будзе як у Крыме, які «дэ-факта стаў чарнобыльскай зонай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG