Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абрысы ІТ-краіны». 9 тэзаў з дыскусіі Пракапені і Філазафовіча на Кастрычніцкім эканамічным форуме


Архіўнае фота. «Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014 (KEF) у Менску
Архіўнае фота. «Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014 (KEF) у Менску

Заснавальнік VP Capital Віктар Пракапеня і дырэктар у лічбавай трансфармацыі А1 Telecom Austria Group Дзяніс Філазафовіч выступілі на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску. Тэма іх дыскусіі — «Абрысы ІТ-краіны. Да якой будучыні мы рухаемся?». Самае цікавае з выступаў.

Пракапеня: «З боку ўладаў ёсьць поўнае разуменьне»

Паводле Віктара Пракапені, у 2018 годзе Беларусь атрымае 500 мільёнаў даляраў ад ІТ-сфэры з 2 мільярдаў агульнага эканамічнага росту, а колькасьць кампаній, зарэгістраваных у Парку высокіх тэхналёгій, сёлета павялічылася на 40%.

Віктар Пракапеня (архіўнае фота)
Віктар Пракапеня (архіўнае фота)

«Цяпер іх 400 (не 4 тысячы, як у Ізраілі, але ёсьць куды рухацца). Тым ня менш рост амаль у два разы — гэта ўжо добрая гісторыя», — заявіў Віктар Пракапеня.

«Праз 10-15 гадоў ІТ-галіна будзе даваць 20% ВУП. Прадбачу, што ў гэтай сфэры будзе занята да 10% насельніцтва. Тэарэтычна кожны дзясяты можа быць заняты ў ІТ-сфэры. Цяпер колькасьць насельніцтва, занятага ў ІТ, усяго 2,5 %. Гэта значна ніжэй, чым у сярэднім у Эўропе (у некаторых краінах да 11%). І відавочна, што гэты працэнт можна павялічваць», — перакананы Віктар Пракапеня.

Ён заявіў, што пазытыўна глядзіць будучыню:

«Разумеем, што ёсьць шмат праблем, якія трэба вырашыць, каб усё гэта ўстойліва разьвівалася. З боку ўладаў ёсьць поўнае разуменьне і поўная падтрымка».

Філазафовіч: «Доўга гэта працягвацца ня можа»

Дзяніс Філазафовіч
Дзяніс Філазафовіч

Другі ўдзельнік дыскусіі, дырэктар у лічбавай трансфармацыі А1 Telecom Austria Group Дзяніс Філазафовіч быў больш скептычны.

«Я ня бачу фактараў, якія маглі б гэты рост падсілкоўваць. Тое, што мы назіраем сёньня, гэта, безумоўна, выдатнае дасягненьне і ў маштабах Эўропы, і ў маштабах сьвету. Адносны рывок на 40% і дынаміка цягам апошніх дзесяці гадоў выклікае аптымізм. Аднак калі непрапарцыйна малая колькасьць удзельнікаў эканамічных узаемадачыненьняў даюць практычна чвэрць унёску ў рост краіны — гэта вялізная рызыка. Доўга, на мой погляд, гэта працягвацца ня можа», — перакананы Дзяніс Філазафовіч.

«Сэул у цэнтры Пхэньяну»

Мадэратар дыскусіі Сяргей Харытонаў працытаваў Віктара Марціновіча, які назваў зьяўленьне ў Беларусі ПВТ і дэкрэту аб лічбавай эканоміцы «Сеулам у цэнтры Пхэньяну» і запытаўся, наколькі проста будзе Сэулу перамагчы Пхэньян і якія для гэтага патрэбны ўмовы?

Сяргей Харытонаў (архіўнае фота)
Сяргей Харытонаў (архіўнае фота)

Дзяніс Філазафовіч назваў гэта выдатным параўнаньнем:

«Што да Сэулу ў цэнтры Пхэньяну, тут ёсьць два кірункі: альбо сапраўды Сэул уцягвае ў сябе Пхэньян, альбо сьцены, што аддзяляюць Сэул да Пхэньяну, павінны быць усё вышэйшыя.

Чым вышэйшы разрыў лічбавай няроўнасьці і няроўнасьці ў пляне сёньняшніх даходаў, а таксама няроўнасьці псыхалягічнай, мэнтальнай, калі ўсё менш людзей могуць зазірнуць бяз страху ў будучыню, дзе астатняя большасьць аказваецца ў меншасьці ў пляне ўяўленьня «а куды ж мы рухаемся?» І чым больш гэтая лічбавая няроўнасьць расьце, тым Сэул мае больш пагрозаў з боку Пхэньяну, маўляў, «мы не да канца разумеем, што там у вас адбываецца».

Віктар Пракапеня ў сваю чаргу заўважыў, што гэта ня толькі беларуская праблема, гэта праблема ўсяго сьвету, бо сьвет палярызуецца.

«А мы ў гэтых сэнсе непалярызаванае грамадзтва. У нас вельмі нізкі каэфіцыент Джыні: нізкі ўзровень няроўнасьці, дастаткова малая розьніца паміж багатымі і беднымі.

Аднак мне здаецца, што наяўнасьць дастаткова істотнай розьніцы паміж заробкамі ў ІТ-сэктары і іншымі галінамі дае таленавітай моладзі магчымасьць зрабіць выбар прасьцей: заканчваеш ВНУ і ў прынцыпе зразумела, што рабіць, куды ісьці.

Другое — нам вельмі не хапае як грамадзтву пазытыўных рэчаў. Калі ёсьць пазытыўны вынік, гэта дае матывацыю для таго каб мяняць сьвет. Менавіта пазытыў дае матывацыю», — перакананы Віктар Пракапеня.

Пра зайздрасьць да айцішнікаў

Ілюстрацыйнае фота Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

​Віктар Пракапеня перакананы, што ў прадстаўнікоў іншых галінаў эканомікі няма падстаў зайздрасьці ці нянавісьці да айцішнікаў.

«Няправільны пасыл: зайздрасьць узьнікае не паміж прафэсарам і сьлесарам. Зайздрасьць ўзьнікае паміж двума сьлесарамі. Яны зайздросьцяць нейкай дробязі, напрыклад у кагосьці гаечны ключ лепшы. Гэта няправільны пасыл, які вельмі часта прыводзіць да няправільных дзеяньняў: дзяржава альбо ўлада лічыць, што наяўнасьць кагосьці багатага шкодзіць, таму што іншыя зайздросьцяць. У рэальнасьці ўсё ня так, наадварот: калі зьнікаюць багатыя, зайздрасьці становіцца больш, а ня менш.

Я ня бачу тут вялікай праблемы. Ёсьць два спосабы, як зрабіць, каб усё было добра. Першы: зрабіць так, каб не было багатых. А другі — зрабіць так, каб не было бедных. Мне здаецца, што другі спосаб больш правільны», — мяркуе Пракапеня.

ІТ як крыніца незалежнасьці

Паводле Віктара Пракапені, цяпер ІТ-сэктар ужо дае вялікую долю ВУП Беларусі.

«І патэнцыял ІТ значна большы. Мы можам стварыць яшчэ большы працэнт занятых, далей разьвіваць і рабіць гэты сэктар яшчэ больш пасьпяховым.

Вельмі клясна, што ў ІТ фактычна няма сыравіны. Няма нафты, цану на якую могуць падняць, умоўна кажучы, таму што мы не прызналі Крым. ІТ — гэта крыніца незалежнасьці, гэта крыніца магчымасьці самім прымаць рашэньні. Адзінай сыравінай тут, па сутнасьці, зьяўляюцца мазгі. Гэта сёньня тое, куды максымальна трэба ўкладаць рэсурсы, разьвіваць, займацца адукацыяй», — перакананы Пракапеня.

1 адсотак ад выручкі — на адукацыю

Ілюстрацыйнае фота Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

​Людзі слаба рэагуюць на лёзунгі і заявы, але добра рэагуюць на грошы, кажа Пракапеня. Паводле яго, адна з апошніх ініцыятыў, якая ёсьць у ІТ-супольнасьці — накіраваць 1% выручкі ПВТ на адукацыю.

«Сёньня гэта 15 мільёнаў даляраў, дастаткова добрыя грошы, на якія можна вучыць тысячы і тысячы студэнтаў. І сума будзе павялічвацца. Калі гэта будзе рэалізоўвацца, то здыме некаторую палярызацыю — стане больш спэцыялістаў, якія будуць атрымліваць большы заробак».

Пра сьмяротнае пакараньне і адсоткі па крэдытах

Віктар Пракапеня згадаў дыскусію ў грамадзтве наконт сьмяротнага пакараньня і падкрэсьліў, што большасьць беларусаў супраць пакараньня сьмерцю. І прапанаваў паставіць пытаньне па-іншаму:

«У нас з 15-мільярднага бюджэту 1 мільярд ідзе на адсоткі па крэдытах. Прычым крэдытаў у Беларусі вельмі мала, у нас малая пазыковая нагрузка. Але мы плацім нейкую вар’яцкую стаўку па вонкавы пазыках — 6%. Краіна бярэ грошы пад касьмічныя адсоткі!

Мільярд даляраў траціцца на адсоткі. Адмяніце сьмяротнае пакараньне, і дакладна будзе на 200 мільёнаў менш — у такую суму нам абыходзіцца расстрэл пяці чалавек. Кожны злачынца абыходзіцца ў 40 мільёнаў даляраў.

Я не кажу, добра сьмяротнае пакараньне ці дрэнна... Але калі мы гэта абмяркоўваем, мы павінны разумець кошт пытаньня. Калі ў нас не хапае, каб прыстойна плаціць лекарам, настаўнікам, а сёньня гэта важна, і 200 мільёнаў даляраў плацім невядома за што — гэта вельмі спрэчны эфэкт. Таму мы павінны разумець цану гэтага — увесьці хаця б мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня. Гэта было б вельмі разумна».

Пра сілавікоў і праграміста Васю

Віктар Пракапеня прапануе ўладам паглядзець на некаторыя рэчы праз іншую прызму.

«Узяць сілавікоў, якія бяруць нейкі бізнэс, яго закрываюць, атрымліваюць мільёны даляраў і кажуць, якія яны малайцы. Пасьля гэтага краіна страчвае сотні мільёнаў даляраў, якія ніхто ня лічыць.

З другога боку, ёсьць праграміст Вася, які атрымаў 2 тысячы даляраў заробку. Потым гэтыя грошы ён траціць на рэстаран, дзе яшчэ ёсьць вялікая доля таго, што робіцца ў Беларусі. Гэта таксама пазытыўна ўплывае на ВУП, і гэтыя грошы ніхто ня лічыць, бо гэта складаней палічыць, чым ягоны заробак. Гэта прыток стабільнай валюты сюды, якая тут, у Беларусі, траціцца, тут застаецца, зь якой плацяцца падаткі, валюта ідзе на даданую вартасьць».

Ці не адляцяць айцішнікі і капітал зь Беларусі ў «вырай»?

На пытаньне ўдзельніка дыскусіі, ці не «адляцяць» айцішнікі зь Беларусі, калі тут «пахаладае», Пракапеня расказаў гісторыю, як у складаны пэрыяд яго партнэры перавезьлі цэлую кампанію ў Польшчу, у Кракаў. Але 80% потым вярнуліся.

«Ёсьць шмат цікавага і каштоўнага, акрамя грошай. Ёсьць жонка, якой трэба працаваць, ёсьць сябры, ёсьць радзіма. Былі часы, калі тут „халадала“. Ня зьехалі. Я ня думаю, што можа „пахаладаць“ настолькі, каб 50 тысяч айцішнікаў „звалілі“ — не ўяўляю, што такое магло б здарыцца!

Больш цікавае пытаньне для нашай краіны — што будзе з капіталам? Ці не адляціць ён? Ён ужо адлятаў, але што рабіць, каб прыляцеў назад? У Ізраілі 10 мільярдаў даляраў інвэстыцый ў ІТ-кампаніі за год. А ў нас усе інвэстыцыі ў стартапы вымяраюцца добра калі 100 мільёнамі даляраў. Што зрабіць, каб грошы сюды прыляцелі? Вось гэтым займаецца цяпер грамадзтва, улада», — запэўніў Віктар Пракапеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG