Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская ІТ-галіна ў сьвеце — лідэр альбо серадняк?


Хто мае рацыю: Парк высокіх тэхналёгіяў у сваіх рэляцыях альбо бізнэсовец Дзьмітры Гурскі ў сваім маніфэсьце пра стан беларускай ІТ? Якую ролю адыгрываў у гэтай галіне кіраўнік ПВТ Валер Цапкала? Што азначае яго адстаўка? Ці чакае беларускую ІТ востры крызіс?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксандар Аўтушка-Сікорскі, саўладальнік кампаніі Aheadworks Кірыл Голуб і заснавальнік парталу TUT.BY Юры Зісер.

Сераднячок ці лідэр: дзьве ісьціны

Дракахруст: Вядомы беларускі IT-прадпрымальнік Дзьмітры Гурскі апублікаваў ў сваім ФБ пост, які стаў сапраўднай сэнсацыяй. Зь ім горача спрачаліся, яго актыўна перадрукоўвалі, у тым ліку і СМІ.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Калі коратка, то сэнс паста — нічым такім асаблівым у сфэры IT Беларусь не пераўзыходзіць іншыя краіны — далёкіх і блізкіх суседзяў — ні па якіх парамэтрах.

Вось некалькі цытатаў з тэксту Гурскага :

Мы вырасьлі за 10 гадоў у 20 разоў, Украіна таксама ў 20 разоў, Чэхія разы на 4, але са значна больш высокай базы.

У Сусьветным пляне мы вельмі маленькія. 1 мільярд з больш чым 3,5 трлн. даляраў сусьветнага рынку (сотыя долі працэнта). У кожнай з 10 вядучых софтвэрных кампаніяў сьвету гадавая выручка перавышае ўвесь экспарт Рэспублікі Беларусь.

Штат вялікіх софтвэрных кампаній перавышае ў разы штат ўсіх 160 кампаніяў беларускага ПВТ (27 тыс), пры гэтым выручка на супрацоўніка гэта сотні тысячаў даляраў — супраць 30 тысячаў у нас.

Можа ў нас IT мае вялікую долю ў ВУП? Ды не. Да прыкладу, Эстонія. Доля IT ў ВУП — 7% (удвая вышэй, чым у РБ).

Можа мы моцныя ў стартапах, пра гэта шмат шуму пасьля MSQRD? У нас штук 50 стартапаў напэўна, а ў Ізраілі зь меншым насельніцтвам іх 6000. Наогул, у нас вельмі мала прадуктовых кампаній. Добра, што з Варгеймінгам пашанцавала — а то нічога б не было акрамя пары кампаній невялікіх.

Пры гэтым Гурскі зусім не адмаўляе наяўнасьць дасягненьняў беларускай ІТ галіны, і ў прыватнасьці ролі ў гэтым Парку высокіх тэхналёгіяў. Але паводле Гурскага — няма ніякага такога беларускага ІТ цуду, краіна-сераднячок.

Юры, вы ў свой час параўноўвалі Беларусь з ЗША і Ізраілем, прагназавалі ёй у хуткім часе трэцяе месца ў сьвеце пасьля іх. З дадзеных Гурскага гэтае трэцяе месца, нават у пэрспэктыве, не вынікае ніяк. У чым вы згодны, у чым нязгодны з Гурскім?

Юры Зісер
Юры Зісер

Зісер: З чым я згодзен з Гурскім: у тым, што беларуская ІТ індустрыя ў наш час не супастаўная па маштабах з індустрыямі найбуйнейшых краінаў, то бок зразумела, што калі ў Беларусі 9 млн. чалавек, а ў Індыі 1,5 млрд., а ў ЗША сотні тысяч праграмістаў, тое зразумела, што мы па аб’ёмах іх пакуль не дагонім, тут я згодзен.

З чым я не згодзен: першае, пасьля артыкулу Гурскага выйшаў артыкул ад ПВТ, дзе большасьць лічбаў Гурскага аспрэчвалася — па Чэхіі, па Ўкраіне, па Расеі і па іншых краінах. Другое: у нас няма ўнутранага рынку, у нас усё на экспарт, а скажам у Расеі — вялікі ўнутраны рынак, у скандынаўскіх краінах таксама, то бок ужо ня вельмі супастаўна. Мы толькі нядаўна пачалі разьвіваць галіну, ПВТ — 11 гадоў, гэта яшчэ ня шмат, у Індыі аналягічным ільготам гадоў 30 ці больш, там даўнейшая традыцыя. Але па паказьніках хуткасьці разьвіцьця мы значна апераджаем большасьць краінаў, можа толькі Эстоніі і некаму яшчэ саступаем у прыбытках ад ІТ на душу насельніцтва. Мы, па-мойму, на 5-м месцы ў сьвеце па гэтым паказьніку, мы апераджаем ЗША і нават Ізраіль па ІТ на душу насельніцтва.

Трэба разумець, што нашае заканадаўства пакуль «заточанае» толькі пад аўтсорсінг, а пад прадуктовае праграмаваньне — зусім не. І большасьць прадуктовых кампаніяў ільготамі ніякімі не карыстаюцца, больш таго, яны ня могуць працаваць нармальна, таму што законы гэтаму супярэчаць, у нас законы ХХ стагодзьдзя, папяровы дакумэнтаабарот, мокрая пячатка дагэтуль. Але нават калі яе сёлета скасуюць, як абяцалі, то гэта не палегчыць экспарт, таму што трэба яшчэ адмовіцца ад папяровых дамоваў на дробныя сумы, таму што немагчыма нармальна прадаваць дадаткі. У нас цяпер не гатовае заканадаўства, я не кажу пра шэры сэктар, пра пасадкі бізнэсоўцаў, пра тое, што ў Вільні многія пачалі працаваць — фірмы пераехалі.

Я патас артыкулу Гурскага падзяляю і хочацца заўсёды большага. Нарэшце, трэба ўлічыць і тое, што на фоне стагнацыі нашай эканомікі двухзначныя лічбы росту ў ІТ — гэта выдатна. Мы не дагонім Ізраіль, таму я кажу пра трэцяе месца, якое мы за 10-15 гадоў атрымаем, калі ўсё будзе добра.

Дракахруст: Аляксандр, нядаўна былі апублікаваны вынікі дасьледаваньня беларускай ІТ галіны, гэта дасьледаваньне было зробленае Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў пры вашым удзеле, у тым ліку. У чым палягаюць вынікі гэтай працы, у якой ступені яны адпавядаюць высновам спадара Гурскага, а ў якой — высновам ПВТ, пярэчаньням ПВТ, пярэчаньням Юрыя, якія мы зараз пачулі? Краіна-сераднячок? Ці не сераднячок? Ці ў нечым сераднячок, а нечым і лідэр?

Аляксандар Аўтушка-Сікорскі
Аляксандар Аўтушка-Сікорскі

Аўтушка-Сікорскі: Насамрэч мы ў дасьледаваньні не спрабавалі паглядзець, хто сераднячок, а хто не, але калі базавую статыстыку глядзець, то я ў агульным і з Юрыем, і са спадаром Гурскім згодны. І сапраўды шмат у чым мы саступаем і той жа Эстоніі, і краінам-суседзям паводле ІТ-экспарту на душу насельніцтва, але вельмі важна тут ня тое, якое месца мы займаем, ня тое, колькі мы прадаём, а якімі тэмпамі гэта ўсё разьвівалася, пра гэта ўжо казаў Юры.
Усё разумеюць, што гэта разьвівалася ва ўмовах вельмі нягнуткага і неспрыяльнага заканадаўства, ва ўмовах вельмі эканамічна дрэнных, і з ўлікам гэтага ўражвае тое, што здолеў зрабіць беларускі ІТ-сэктар, як ён змог рвануць, якія тэмпы росту паказаць. Мы ніколі не падалі, што вельмі важна, у нас тэмпы росту ІТ-сэктара ніколі не зьніжаліся, нават калі параўноўваць з краінамі-суседзямі, у якіх былі праблемы падчас сусьветнага эканамічнага крызісу.

У нас у дасьледаваньні было вельмі шмат рэкамэндацыяў адносна таго, што трэба зрабіць і з заканадаўствам, і з тымі дамовамі наконт прылажэньняў, але ў гэтых праблемаў ёсьць вельмі простыя насамрэч разьвязкі, якія можна ўкараніць пры вялікім жаданьні за некалькі месяцаў.

Па ПВТ мы глядзелі, якія эфэкты давала на рост ІТ-сэктару. Яго стварэньне. Мы змаглі змадэляваць і выснову: калі б ПВТ у Беларусі не было, як інстытуту, як набору правілаў, то ІТ- экспарт у нас на душу насельніцтва быў бы ўтрая ніжэй, чым ёсьць зараз.

Дракахруст: Кірыл, вось ужо і Юры пра гэта сказаў, што ПВТ даволі грунтоўна адказаў на гэты пост Гурскага. Хаця, наколькі я разумею, сам пост Гурскага быў у пэўным сэнсе рэакцыяй на справаздачы таго ж ПВТ на працягу многіх гадоў, паводле якіх «мы такія клясныя ўвогуле ў сьвеце», што , кажучы словамі Юрыя Зісера, «наперадзе толькі Ізраіль і Злучаныя Штаты». А спадар Гурскі «абліў халоднай вадой» ці можа нават кіслатой гэтую прыгажосьць.

Аляксандр сказаў, што і адзін мае рацыю, і другі мае рацыю. Гэта нагадвае стары габрэйскі анэкдот: і ты маеш рацыю, і ты маеш рацыю — дык яны ня могуць разам мець рацыю, бо яны ж супрацьлеглыя рэчы гавораць... І ты маеш рацыю.

Дык, вось вы, як і Аляксандар, выступаеце ў гэтай сытуацыі, як той рабін? Ці не, ці мае рацыю хтосьці адзін?

Кірыл Голуб
Кірыл Голуб

Голуб: Хто бліжэй да ісьціны? На гэта пытаньне мне хочацца адказаць іншым сакрамэнтальным пытаньнем: што ёсьць ісьціна? Насамрэч і пункт погляду ПВТ, і пункт погляду Гурскага — і тое, і іншае праўда, бо праўды мы з вамі ня ведаем і самае галоўнае, што цяпер пытаньне нейкі імавернасны характар мае.

Я лічу, што праўда — як у словах аднаго боку, так і ў словах іншага боку, хоць я б не ставіў гэтых людзей па розныя бакі барыкадаў, не назваў бы іх рознымі бакамі. Я таксама вельмі люблю габрэйскі гумар і ў мяне ёсьць іншы любімы анэкдот — пра казу. У нас у Беларусі сытуацыя вывернутая навыварат, у нас спрадвечна каза купленая ў выглядзе няпростых законаў, як сказаў Юры Анатольевіч — законы ХХ стагодзьдзя, якія вельмі дрэнна працуюць у ХХІ стагодзьдзі, у цяперашнім тэхналягічным пляне, да якога мы імкнёмся.

Спроба «прадаць казу», то бок пазбыцца ад гэтых цяжкіх рэчаў і ў тым ліку ад мэнталітэту, калі кожны беларус лічыць, што лепш не высоўвацца, што калі раптам сусед жыве лепш, чым я, то, Божа, выбі мне вока, а суседу зрабі ўдвая. ПВТ — гэта якраз тая спроба прывесьці ўмовы працы ў Беларусі хоць бы да роўных умоваў працы ў іншых юрысдыкцыях, у іншых краінах, якія бягуць з высокай хуткасьцю ў пляне разьвіцьця ў сябе індустрыі высокіх тэхнялёгіяў. Значыць, бегчы трэба і нам. Як толькі мы пяройдзем на крок, апрыёры мы пачнём адставаць. Эфэкт нізкай базы ў нашым разьвіцьці ёсьць і ў разьвіцьці ПВТ, і кожнай кампаніі кампаніі паасобку.

На апошнім справаздачным сходзе ПВТ па выніках году на слайдах не для шырокай публікацыі была інфармацыя, што далёка ня ўсе рэзыдэнты Парку растуць, ёсьць кампаніі, якія цалкам у адпаведнасьці з законамі рынку прайграюць у прыбытках, у выручцы, пры зьмене эканамічнай кан’юнктуры. Пры гэтым сумарна рэзыдэнты ПВТ паказваюць добры, якасны рост. І можна колькі заўгодна займацца матэматычнымі выкладкамі, якія ўсе так ці інакш будуць ісьціннымі, але ад ісьціны мы ўсё адно будзем заставацца досыць далёка.

А ісьціна ў дадзеным выпадку простая: рэзыдэнты ПВТ растуць агулам, прычым яны растуць не за кошт нейкіх спэцыфічных умоваў ці асаблівасьцяў кан’юнктуры рынку, яны растуць проста таму што гэтая эканамічная галіна разьвіваецца. Калі растуць усе нашы суседзі, хай і з больш высокай базы, то не паказваць адэкватнага ці большага росту нам пры наяўных умовах было б дзіўна. Што будзе, калі памяняюцца ўмовы... Ну, гэта з галіны ўмоўнага ладу, пра гэта можна філязоўстваваць, але мы не пазнаем, пакуль не ўбачым саміх гэтых зьменаў.

Што будзе з ПВТ і беларускімі ІТ пасьля Цапкалы?

Дракахруст: Мы ўсе ж такі крышачку пафілязоўствуем разам з вамі. Сэнсацыяй гэтага тыдня стала адстаўка кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы. Аляксандар, у вашым дасьледаваньні вы пры дапамозе нейкага адмысловага мэтаду вызначылі, што без ПВТ аб’ёмы вытворчасьці ІТ-галіны ў Беларусі былі б у тры разы меншыя, чым тое, што ёсьць з ПВТ. А ці можна неяк ацаніць, які ўнёсак у гэта спадара Цапкалы, нязьменнага кіраўніка парку з дня яго заснаваньня?

Аўтушка-Сікорскі: Насамрэч я ня ведаю і ніхто гэтага ня ведае, таму што для гэтага нам трэба падымаць нейкія пратаколы пасяджэньняў і перамоваў і глядзець, наколькі тыя ўмовы, якія зьявіліся ў ПВТ, зьявіліся дзякуючы спадару Цапкалу. Таму вельмі цяжка адказаць на гэта пытаньне, але з улікам таго, як ПВТ працаваў, і з улікам таго, як эфэктыўна туды дадаваліся рэзыдэнты і наколькі добрае асяродзьдзе для іх было, то я думаю, што ў якасьці топ-мэнэджара і «рулявога» ПВТ спадар Цапкала адыграў пазытыўную ролю ў пляне росту ПВТ.

Дракахруст: Кірыл, як бы Вы ацанілі ролю кіраўніка парку, ролю спадара Цапкалы? Можа гэта таксама ўяўленьне ХХ стагодзьдзя, марксісцкае ўяўленьне, што працуюць іншыя, прадукт выдаюць іншыя, ён сам не выдаваў гэтыя вынікі.

Ці ўсе ж такі роля выключная, асабліва калі мы прыгадаем нядаўнюю бітву, спрэчкі ў тым ліку зь мінфінам, зь міністэрствам падаткаў і збораў, якія вяліся наконт захаваньня ільготаў, якімі карыстаецца парк? І ці зможа пераемнік Цапкалы гэтак жа абараняць парк, як абараняў ягоны папярэднік? Але варта сказаць, што ў ІТ-супольнасці, у тым ліку і з нагоды тэксту Гурскага, таксама выказваліся і пярэчаньні, і нараканьні на працу Парку, дык можа ў новага кіраўніка лепш атрымаецца?

Голуб: Было б вельмі цікава адказаць на пытаньне гэтае, калі мы б ужо ведалі, хто будзе пераемнікам. Мы гэтага на дадзены момант ня ведаем, але адно відавочна: адстаўка Валера Вільямавіча — гэта сьведчаньне таго, што погляды на далейшае разьвіцьцё ПВТ падзяліліся і бачна, што Валер Вільямавіч апынуўся не на тым боку, і разьвіцьцё ПВТ пойдзе крыху ў іншым кірунку. Калі б гэта было ня так, то Цапкала працягваў бы кіраваць ПВТ.

Роля Валера Вільямавіча, безумоўна, выключная хоць бы проста таму, што тая канцэпцыя ПВТ, якая была закладзеная і рэалізаваная ў дэкрэце пра ПВТ 11 гадоў назад — яна не зьмянілася і адыграла добрую ролю. Дасьледаваньне Аляксандра гэта цалкам пераканаўча паказвае.

Зь іншага боку, у чым роля дырэктара ПВТ? Па-першае, гэта камунікацыя, прадстаўніцкая функцыя і гэта камунікацыя паміж уладай, дзяржавай і ІТ-супольнасьцю. І з трэцім бокам — са зьнешнім асяродзьдзем, з патэнцыйнымі партнэрамі. Тут Цапкала, на мой погляд, вельмі добра, бліскуча спраўляўся са сваёй роляй, калі цяпер на яго месца прыйдзе функцыянэр, заданьне якога будзе проста кіраваць і мінімальна забясьпечваць тое ж самае прадстаўніцтва — гэта адна справа. Калі цяпер канцэпцыя ПВТ будзе нейкім чынам зьмяняцца, то натуральна правадніком гэтай канцэпцыі якраз і будзе новы кіраўнік.

Збоку, а я тут гляджу ўсё ж збоку як прадстаўнік рэзыдэнта, а ня як супрацоўнік Парку высокіх тэхналёгіяў, мяркую, што можна было б зрабіць больш у разрэзе штодзённай працы. Цэнтар адукацыйных тэхналёгіяў ПВТ мог бы зрабіць больш, бізнэс-інкубатар, пэўна, таксама можа і зробіць больш рана ці позна. Але мы не на месцы кіраўніка, тут лёгка судзіць збоку і вельмі цяжка, апынуўшыся на яго месцы, штосьці насамрэч зрабіць большае.

Мы, бізнес-супольнасьць, вельмі спадзяёмся, што па-першае, тэмпы разьвіцьця асяродзьдзя, а ПВТ гэта перадусім асяродзьдзе, сыстэма — яны не спыняцца. Што будуць зробленыя зьмены ў заканадаўстве, пра якія казаў Юры Зісер.

Шмат гаворыцца пра законы, шмат гаворыцца пра адукацыю, пра кваліфікацыю людзей, якія працуюць у рэзыдэнтах ПВТ, але даволі мала цяпер гаворыцца пра фінансы. Калі мы час ад часу параўноўваем сябе з Ізраілем, то трэба разумець, што аб’ём вэнчурных зьделак ў Ізраілі велізарны па нашых мерках, больш таго, у разьвітых юрысдыкцыях, перадусім у тым жа Ізраілі, ёсьць такі від фінансаваньня, як фонд простых інвэстыцыяў, тут, у Беларусі, іх фактычна няма апроч аднаго.
Пры гэтым узровень разьвіцьця ІТ-кампаній, рэзыдэнтаў ПВТ ужо такі, што мясцовыя і, можа быць, міжнародныя капіталы ахвотна ўваходзілі б ва ўласны капітал гэтых кампаніяў і дапамагаў бы ім разьвівацца, атрымліваючы ад гэтага адэкватную фінансавую аддачу.

Вось гэты фінансавы аспэкт, які мы часта забываем, будзе мець, на мой погляд, у бліжэйшыя 5-7 гадоў вызначальную і вельмі важную ролю. Таму, калі дырэктарам ПВТ стане чалавек, які далучаны да фінансавага сьвету і ўяўляе сабе, якія праблемы і заданьні стаяць перад фінансістамі і інвэстарамі, то гэта будзе толькі плюс і вельмі важкі.

Дракахруст: Юры, ваша ацэнка ўнёску Валера Цапкалы і ацэнка цяперашняга раздарожжа? Можа быць яно атрымалася так: у свой час Парк ствараўся з нуля, у значнай ступені дзякуючы высілкамі спадара Цапкалы, а зараз ён, як наладжаная машына — усе гайкі і шасьцяронкі круцяцца і ня важна, хто стане на чале? Ці важна?

Зіссер: Роля Валера Цапкалы вельмі простая: ён гэты Парк прыдумаў і стварыў, безь яго можа б і Парку зусім не было б дагэтуль. І ІТ-кампаніі па-ранейшаму працавалі б па-шэраму з прыбалтыйскімі карткамі, і праграмісты працягвалі б пачкамі зьяжджаць у ЗША на ПМЖ, калі б не ПВТ і не асабіста Валер Цапкала.

Што да кандыдатураў на пасаду кіраўніка ПВТ, я ў сацсетках за апошнія два дні некалькі разоў сустракаў думку, што гэта будзе Усевалад Янчэўскі, і лёгіка ў гэтым ёсьць, таму што ён старшыня назіральнай рады ПВТ. А рабіць там вельмі есьць што. Не, можна нічога не рабіць, тады Парк працягне рост на свае дзясяткі адсоткаў, але можна ўсё ж прыстасаваць заканадаўства да прадуктовага праграмаваньня і да вэнчурных інвэстыцыяў і тады будзе якасны ўзрост і значна хутчэйшы, але ў парку вельмі ёсьць што рабіць.

Ці прыляціць «чорны лебедзь» да беларускай ІТ-індустрыі?

Дракахруст: Дарэчы наконт росту. Неяк гэты рост лічыцца ледзь не законам прыроды. Але ў краіне крызіс, у краіне расьце беспрацоўе, гэта ахоплівае амаль усе галіны нацыянальнай эканомікі, а ІТ нейкая выспа росквіту.

Вы, Юры, сказалі, што ў асноўным беларускія ІТ працуюць на экспарт, але і значная частка беларускай эканомікі, здаецца 60%, працуе таксама на экспарт. Там крызіс, а тут няма. А можа заўтра і сюды прыйдзе крызіс — ці з тае прычыны, што першую асобу на ПВТ памянялі ці з нейкіх іншых прычынаў? Крызіс есьць крызіс. Ці выключная роля гэтай галіны захаваецца?

Зісер: Крызіс ужо быў у 2008 годзе. І тады ў кампаніяў ПВТ былі праблемы, але ніводнага чалавека, па-мойму, яны не скарацілі. Паспрабавалі ўсіх утрымаць, звольнілі тых, хто працуе па дамовах падраду, каго на паўстаўкі прыцягвалі, а ядро ўсё ж захавалі на фоне падзеньня міравой кан’юнктуры, але потым кан’юнктура аднавілася пасьля крызісу і ўсё стала добра.

Попыт на праграмаваньне будзе толькі расьці ў сьвеце ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, мяжы росту проста ня бачна. Крызіс у эканоміцы ёсьць, але незразумела, як ён можа перашкодзіць працы ПВТ. Наадварот, гэта вэктар узросту. Дасьледчыца Ірана Тачыцкая ў сваім дасьледаваньні прыйшла да высновы, што няма эфэкту перацяканьня грошай з ІТ у іншыя галіны. Але, на мой погляд, гэты эфэкт усё ж ёсьць: праграмісты будуюць дамы, сфэра паслугаў таксама расьце, прыватная адукацыя, дзіцячыя садкі платныя, То бок эфэкт ужо зьявіўся.

Дракахруст: Юры, але ж і па вашым савецкім досьведзе, і па постсавецкім, вы ведаеце, што разваліць можна ўсе што заўгодна. І што «чорныя лебедзі», паводле Талеба, прылятаюць у самыя нечаканыя моманты. А тут не прыляціць?

Зісер: Тэарэтычна ўсё можа быць, але пакуль ня бачна, чаму гэта можа здарыцца. Ва ўсялякім выпадку, гэты «чорны лебедзь» прыляціць у ІТ-сфэру са значна меншай імавернасьцю, чым у беларускае машынабудаваньне.

Дракахруст: Аляксандр, а вашы дасьледаваньні не паказваюць магчымы, гіпатэтычны кірунак прылёту гэтага «чорнага лебедзя». З расповеду Юрыя і з тых жа справаздачаў ПВТ ужо надта добрая вымалёўваецца сытуацыя. Ці не настолькі яны выглядае добрай, каб раптам стаць кепскай?

Аўтушка-Сікорскі: Хацелася б трошкі паправіць Юрыя — гэта нашы, BISS, дасьледаваньні пра эфэкты перацяканьня. Мы рабілі апытаньні топ-мэнэджараў ІТ-кампаніяў, і якія працуюць у ПВТ, і якія не працуюць у ПВТ. Практычна ўсе апытаныя казалі пра тое, што аўтсорсінгавае праграмаваньне цяпер упіраецца ў столь. Несумнеўна, галіна праграмаваньня будзе расьці і ў бліжэйшыя 10 гадоў і гэта факт, зь якім спрачацца вельмі цяжка. Але ІТ-шнікі кажуць, што цалкам магчыма давядзецца пераходзіць да ролі інтэгратараў буйных уніфікаваных прадуктаў, або ім давядзецца шукаць нейкія прадуктовыя нішы.

І «чорны лебедзь» можа прыляцець у той момант, калі будзе прапушчаны момант, калі беларускія ІТ-шнікі ня змогуць знайсьці гэтыя самыя нішы і будуць працягваць «пілаваць» праграмы на аўтсорсе так, як яны гэта рабілі раней. Крызіс надыдзе ў тым выпадку, калі тое «акно магчымасьцяў», якое цяпер ёсьць — пераарыентацыі для пашырэньня і для арыентацыі на прадуктовую схему, калі яно будзе прапушчана, то тады магчымыя крызісныя зьявы. Але запас часу ёсьць, запас трываласьці беларускіх ІТ вялікі. У падтрымку словаў Юрыя можна дадаць, што калі глядзець на статыстыку, то Беларусь, як я ўжо казаў, гэта адзіная краіна, дзе ў пэрыяд крызісу 2008 году ІТ-сэктар не дэманстраваў адмоўных тэмпаў узросту па аб’ёме экспарту.

Дракахруст: Кірыл, можа маё пытаньне, якое я задаваў калегам, прафаннае, абстрактнае ці, можа, заснаванае на народнай мудрасьці, што калі надта доўга жывеш добра, то потым штосьці здараецца. Але той жа крызіс 2014-2015 году, ён жа не спыняецца. Здавалася, пасьля крызісу 2011 году беларуская эканоміка даволі хутка ачомалася, але потым ізноў удар. ІТ- сэктар утрымаўся. Надоўга?

Голуб: Юры, на пытаньне, ці надоўга, хочацца адказаць — назаўжды. Таму што ўсьлед за калегамі я не магу нават выказаць здагадку, што за тып крызісу тут можа быць. Як мы казалі, нашы ІТ-кампаніі ў большасьці працуюць на экспарт, і нават сусьветны крызіс 2008-2009 гадоў дазволіў нам захаваць ня проста сёньняшнюю выручку, але і забясьпечыць яе рост. Найбуйныя кампаніі тыпу EPAM ужо ў 2010 годзе кампэнсавалі той недабор па тэмпах росту, падкрэсьліваю, не па выручцы, а па тэмпах росту, які яны страцілі ў 2008-2009 гадах.

Што да крызісу 2014-15 гадоў, то гэта ўсё ж лякальны, рэгіянальны крызіс, мы ідзём тут прычэпам за Расеяй, мы ідзём прычэпам за нафтавымі праблемамі. Праецыраваць гэтыя праблемы на беларускі ІТ-сэктар сэнсу ніякага няма. Зь іншага боку, столь сапраўды існуе, але гэта столь ня зьнешняя, а ўнутраная, гэта столь перадусім мэнаджарскіх і прадпрымальніцкіх уменьняў для беларускіх ІТ-кампаніяў. Калі з распрацоўнікамі ў нас усё больш-менш нядрэнна і распрацоўнікі досыць хутка могуць пераарыентоўвацца на новую тэхналёгію, на новы бізнэс-дамэн, то з мэнэджмэнтам і прадпрымальніцкай жылкай у беларусаў, і ІТ-шнікі тут не выключэньне, традыцыйна ня вельмі добра.

Можа быць, гэта зноў жа той момант, якому нам трэба павучыцца ў ізраіліцянаў, напэўна, можа быць маладое пакаленьне, якое ўсё больш актыўна прыходзіць ня толькі ў сфэру стартапаў і вэнчурных інвэстыцыяў, а і ў сфэру паўнавартаснага, рэальнага, марудлівага, але прыбытковага ІТ- бізнэсу, можа быць у моладзі, якім цяпер 24-27 гадоў, мэнталітэт крыху выправіцца. Ім лягчэй вучыцца ў заходніх калегаў, яны ня маюць непрыемнага, месцамі, багажу сацыякультурнага ці інтэлектуальнага, які ў больш старэйшага пакаленьня прысутнічае.

Я думаю, што гэта непазьбежна, і тут галоўнае не нашкодзіць самім знутры і не сапсаваць штосьці ў наяўных умовах, што асноўную масу нашай таленавітай моладзі, якая працуе у ІТ, адверне ад Беларусі, ад нашых каранёў, і прымусіць глядзець на захад, на поўдзень ці на ўсход.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG