Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ прадставіў беларускі тэлефон для ўрадавай сувязі. Што зь ім ня так


Тэлефон для ўрадавай сувязі ў руках старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка
Тэлефон для ўрадавай сувязі ў руках старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валерый Вакульчык прадэманстраваў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» мабільны тэлефон, які, паводле ягоных слоў, распрацаваны ў Беларусі для закрытай урадавай сувязі.

Пра апарат вядома няшмат. Паводле Валерыя Вакульчыка, тэлефон «складаецца з трох частак: мікрафон, крыптамодуль і працэсар». Менавіта праз «крыптамодуль» тэлефон выглядае дастаткова тоўстым па сучасных мерках, кажа ён. Дзякуючы апарату, казаў старшыня КДБ, Беларусь «увайшла ў лік дзяржаў, якія маюць сучасныя тэхналёгіі», і такія дзяржавы «можна пералічыць па пальцах». Цяпер распрацоўшчыкі тэлефона «працуюць над тым, каб арганізаваць экспартныя пастаўкі прыязным да нас дзяржавам».

Некалькі дэталяў на відэа выклікаюць пытаньні

Найперш кідаецца ў вочы даволі кепскае алеафобнае пакрыцьцё экрану або яго поўная адсутнасьць. На сучасных смартфонах на экраны наносяць такое пакрыцьцё, каб шкло не зьбірала сьляды ад рук — на апараце сьляды бачныя выразна. Значыць, калі апарат скрадуць зламысьнікі, ім могуць дастацца выразныя адбіткі пальцаў высокапастаўленага ўладальніка апарата. Нават якаснае фота тэлефона можа «выдаць» адбіткі.

Падобна, апарат ня мае сканэра адбіткаў пальцаў (не відаць ні ззаду, ні сьпераду), які цяпер часта выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі карыстальніка — сустракаецца нават у недарагіх апаратах за 150–200 рублёў. Ён лічыцца адносна надзейным спосабам абароны тэлефона ад непажаданых карыстальнікаў — прынамсі, больш надзейным за пін-коды, паролі і графічныя ключы, якія набіраюцца на экране (і могуць быць «счытаныя» пры адсутнасьці добрага алеафобнага пакрыцьця або «падабраныя» хакерамі). Ці ёсьць у тэлефоне прасунутая сыстэма распазнаваньня твараў або сятчаткі вока, як у флягманскіх смартфонах Apple і Samsung, не ўдакладняецца.

Таксама падобна, што тэлефон ня мае асноўнай задняй камэры, але, магчыма, мае франтальную. У некаторых асобных «карпаратыўных» тэлефонах прыбіраюць усе камэры, каб працаўнікі не маглі выносіць з кампаніі карпаратыўныя сакрэты. Але ў сюжэце БТ згадваецца магчымасьць відэасувязі — верагодна, франтальная камэра ў тэлефона ўсё ж ёсьць (на відэа бачныя дзьве «шчыліны» над экранам, дзе можа быць франтальная камэра і датчыкі асьвятленьня і набліжэньня, а таксама ледзь бачны нейкі блёк датчыкаў справа ад дынаміка).

Зь відэа незразумела, на якой апэрацыйнай сыстэме працуе тэлефон, але элемэнты інтэрфэйсу нагадваюць звычайны Android. Калі так, то гэта не найлепшы выбар — сыстэма лічыцца ня самай надзейнай у пляне ўзломаў і вірусаў. Але распрацоўшчыкі тэлефона цалкам маглі выкарыстаць якую-небудзь мадыфікаваную «бясьпечную» вэрсію Android (у тым ліку такую, дзе нельга ўсталёўваць староньнія праграмы і выходзіць у інтэрнэт толькі праз адмысловы браўзэр на абмежаваны сьпіс сайтаў) або асобную апэрацыйную сыстэму з падобным да Android інтэрфэйсам.

Што лепей, iOS ці Android?

На відэа таксама бачна, што тэлефон мае порт для падключэньня навушнікаў стандарту mini-jack (ад якіх паступова адмаўляюцца на карысьць бяздротавых падключэньняў) і порт для зарадкі і перадачы зьвестак стандарту microUSB (цяпер паступова пераходзяць на больш хуткі USB Type C). Зь відэа незразумела, ці падтрымлівае тэлефон 4G-сувязь — бачна толькі, што ён падключаны да 3G-сеткі.

Таўшчыня тэлефона можа быць абумоўленая не «крыптамодулем», а проста вялікай батарэяй (у гэтым няма нічога кепскага). Падобную форму маюць тэлефоны з падключанымі зьнешнімі чахламі-акумулятарамі. У той жа час шмат якія тэлефоны, якія называюць «крыптаўстойлівымі» (напрыклад, Blackphone 2 ці BlackBerry DTEK60), не выглядаюць такімі тоўстымі, як беларускі апарат.

Ці вырабляліся кампанэнты тэлефона ў Беларусі, ці былі ўзятыя ад замежных вытворцаў, невядома.

***

Шмат якія кіраўнікі дзяржаў карыстаюцца абароненымі смартфонамі. Напрыклад, папярэдні прэзыдэнт ЗША Барак Абама карыстаўся смартфонам BlackBerry, а для Дональда Трампа выбралі новы тэлефон неназванага вырабніка, ухвалены спэцслужбамі як бясьпечны, а сэрыйным Samsung Galaxy параілі не карыстацца.

Аляксандра Лукашэнку не заўважалі за выкарыстаньнем мабільных тэлефонаў, хіба восем год таму сфатаграфавалі ў руках ягонага сына Мікалая iPhone. На стале ў кабінэце Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы незалежнасьці ўжо чатыры гады стаіць кампутар-манаблёк iMac, але на ніводным фота ці відэа з кабінэту не было бачна, каб гэты кампутар уключаўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG