Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паскардзіцца на фэйкавы акаўнт у сацсетках — Facebook, Instagram, Twitter, «Укантакце» і «Аднаклясьнікі»


Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі падкрэсьлівала, што асабіста кіраўнік Беларусі ня мае акаўнтаў у сацсетках, пасьля першакрасавіцкага жарту «Нашай Нівы»

Нядаўна ў Facebook зьявілася несапраўдная старонка віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. На ёй невядомыя разьмясьцілі правакацыйны ролік пра актывіста, кандыдата ў дэпутаты Хрыстафора Жаляпава. Сапраўдны Левінаў мяркуе, што фэйк створаны, каб пасварыць яго з прадстаўнікамі віцебскіх дэмакратычных сілаў.

Facebook, як і іншыя сацыяльныя сеткі, дазваляе карыстальнікам паскардзіцца на фальшывы акаўнт. Ніжэй прыводзяцца інструкцыі для «настольных» вэрсіяў сацсетак (тых, што паказваюцца карыстальнікам настольных кампутараў). У мабільных вэрсіях прынцып скаргаў на фэйкі той самы, толькі інтэрфэйсы мабільных праграмаў зьнешне крыху іншыя.

Праз тыя ж мэню, празь якія можна паскардзіцца на фэйк, сацсеткі дазваляюць паскардзіцца на непажаданую рэкляму (спам) або нават паведаміць адміністрацыі сацсеткі, што чалавеку патрэбная дапамога (напрыклад, калі ён згубіўся ў лесе або піша пра жаданьне скончыць жыцьцё самагубствам).

Пасьля скаргі акаўнт не абавязкова выдаліцца — усё залежыць ад мадэратараў Facebook, якія будуць спраўджваць, ці не фальшывая сама скарга на фальшывую старонку.

Facebook

Каб паскардзіцца, трэба націснуць на старонцы карыстальніка на шматкроп’е побач з кнопкай «Паведамленьне» (Message), пасьля на «Паскардзіцца» (Report).

Далейшае мэню на момант публікацыі перакладзенае на беларускую толькі часткова. У ім трэба выбраць, пра што менавіта вы хочаце паведаміць — у выпадку фэйкавага акаўнту гэта «Report this profile» (паведаміць пра гэты профіль). У наступным мэню — «They're pretending to be me or someone I know» («Яны прытвараюцца мной ці кімсьці, каго я ведаю»), калі старонка імітуе рэальнага чалавека, або «Гэта несапраўдны ўліковы запіс» («This is a fake account»), калі імітуе несапраўднага або гістарычнага пэрсанажа. Затым папросяць удакладніць, каго імітуе акаўнт: у выпадку сапраўднага чалавека на выбар прапануюць «Me» («Мяне»), «Someone I know» («Кагосьці, каго я ведаю») і «A celebrity» («Вядомую асобу»).

Урэшце Facebook дае выбар, у якім можна выбраць адразу некалькі пунктаў: «Даслаць у Facebook на разгляд» («Submit to Facebook for Review»), пасьля націсканьня на які папросяць увесьці імя сапраўднага карыстальніка, калі такі ёсьць на Facebook; «Заблякаваць …» («Block …»), каб ня бачыць больш пастоў і паведамленьняў фэйкавага карыстальніка; «Схаваць усё ад …» («Hide all from …»), каб больш ня бачыць пастоў, але захаваць магчымасьць перапіскі; «Message your friend» («Напісаць сябру») у выпадку, калі вы ведаеце чалавека, на фэйк якога скардзіцеся.

«УКантакце», Twitter і іншыя

Ці ня ўсе сацсеткі прапануюць скардзіцца на фэйкі паводле падобнага прынцыпу.

У Twitter і Instagram трэба націснуць на шматкроп’е справа ад кнопкі «Чытаць/Чытаю» («Follow/Following»), затым «Паскардзіцца» («Report»).

Ва «ЎКантакце» трэба націснуць на шматкроп’е пад кнопкай «Напісаць паведамленьне», затым на «Паскардзіцца на старонку» і запаўняць форму, падобную да апісанай вышэй.

У «Аднаклясьніках» пад кнопкай «Напісаць паведамленьне» («Написать сообщение») трэба знайсьці пункт «Іншыя дзеяньні» («Другие действия») — і там «Паскардзіцца» («Пожаловаться»).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG