Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь стала косткай у горле». Што Лукашэнка сказаў дэпутатам пра незалежнасьць і інтэграцыю з Расеяй

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка 5 сьнежня сустракаецца з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і чальцамі Савету рэспублікі. Свабода публікуе найважнейшыя цытаты з прамовы кіраўніка дзяржавы.

Незалежных журналістаў не запрасілі на сустрэчу. Жывая тэле- і радыётрансьляцыя не вядзецца.

Пра канстытуцыйную рэформу

  • «У нас ужо назьбіраўся шэраг пытаньняў, якія трэба вырашаць супольна на ўзроўні Асноўнага закону». Новыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў далучацца «да працы па ўдасканаленьні Канстытуцыі». Мэта зьменаў — «удасканаленьне сыстэмы кіраваньня».

Пра адносіны з Расеяй

  • «Мы ніколі не зьбіраліся і зьбіраемся ўваходзіць у склад любой дзяржавы, нават братняй Расеі».
  • Лукашэнка пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі: «Я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў прэзыдэнтам. Мне хапіла вось так. І я не хачу перакрэсьліць усё, што я зрабіў разам з вамі, народам: стварыў незалежную сувэрэнную дзяржаву, каб яе зараз укласьці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе і кудысьці выкінуць ці перадаць. Гэтага пры мне ня будзе ніколі», — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул першага».
  • Падчас перамоваў з Расеяй ня вырашыўся шэраг прынцыповых пытаньняў, у прыватнасьці аб газе і нафце. «Нават элемэнтарнае пытаньне ня вырашана наконт бруднай нафты. А мы ж правалілі ВУП у асноўным праз нафтавыя праблемы».
  • «Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адчувае зараз жэстачайшы антыбеларускі ціск ад блізкага атачэньня», — пераказвае БелТА Лукашэнку.
  • Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь і Расея не вядуць дыялёг «аб палітычных пытаньнях, напрыклад аб стварэньні адзінага парлямэнту».
  • Беларусь ня просіць крэдыты ў Расеі. Лукашэнка сказаў, што забараніў міністру фінансаў браць апошні транш Эўраазійскага банку, піша БелТА.

«Беларусь стала косткай у горле». Пра замежную палітыку

  • «Будзе вельмі нялёгка. І не таму, што мы няправільна абралі мадэль, і не таму, што мы не на той мове размаўляем, і не таму, што ў нас Палата прадстаўнікоў ня тая ці парлямэнт у цэлым.А таму, што Беларусь стала, „як у народзе кажуць, косткай у горле“ камусьці. Аж вельмі камусьці карціць, бо, бачыце, без рэсурсаў, бязь нейкіх вялікіх матэрыяльных запасаў яны [беларусы] неяк жывуць».

  • Новых дэпутатаў чакае «няпросты пэрыяд». «Барацьба вядучых геапалітычных сілаў за сфэры ўплыву, жорсткае лабіяваньне краінамі сваёй эканамічнай выгады, гандлёвыя войны і барʼеры — рэчаіснасьць, якая абʼектыўна ўскладняе нам жыцьцё».
  • Адзіная ўмова ўзаемадзеяньня з замежнымі партнэрамі — гэта тое, што Беларусь ёсьць сувэрэннай і незалежнай дзяржавай.

Улады зьменяць падыход да сацыяльнай абароны

У Беларусі будуць паступова мяняць характар падтрымкі сацыяльна слабых пластоў насельніцтва. Для гэтага ў краіне ёсьць «дастаткова эфэктыўная» прававая базы. «Калі дзяржава ня проста бярэ на сябе рашэньне ўсіх праблемаў чалавека, а стварае такія ўмовы, каб чалавек самастойна мог вырашыць свае праблемы. То бок ня рыбу, а вуду ў рукі».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG