Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«8 сьнежня — яшчэ не канец»: як палітыкі і актывісты плянуюць бараніцца ад інтэграцыі з Расеяй


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін плянуюць падпісаць дакумэнты аб «паглыбленай інтэграцыі». Што ў іх — грамадзкасьці невядома, але многія заяўляюць аб пагрозе незалежнасьці. Як на гэта рэагуюць палітыкі і актывісты?

На 8 сьнежня было заплянаванае падпісаньне інтэграцыйных дамоваў паміж Беларусьсю і Расеяй. Перад гэтым, 6 сьнежня, будуць сустракацца беларускі і расейскі прэм’ер-міністры. Лукашэнка і Пуцін маюць сустрэцца 7 сьнежня, каб «зьняць усе пытаньні». Што ў інтэграцыйных дамовах — невядома. Частка грамадзтва занепакоеная пагрозай для незалежнасьці Беларусі. Што ў такой сытуацыі будуць рабіць палітыкі і грамадзкія актывісты?

Адкрыты пратэст — сустаршыня БХД Павал Севярынец

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Павал Севярынец заклікае да адкрытага пратэсту супраць інтэграцыі ў дзень сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, 7 сьнежня. Ён прапануе сабрацца ў цэнтры Менску.

«Цяпер, калі мы стаім перад яўным фактам здачы дзяржавы, мы проста мусім выйсьці. У нас ужо няма трох месяцаў. У нас тры дні. Зьяднаць за гэты час апазыцыю, як і за папярэднія 25 гадоў, нам не ўдалося. Як памірыць Пазьняка, Статкевіча, партыйцаў і блогераў паміж сабой, не ўяўляю. Заклік (за які цяпер даюць 15 сутак) зроблены. Хто можа — далучайцеся. Хто ня можа — не перашкаджайце», — напісаў Севярынец у сваім акаўнце ў фэйсбуку.

«Гэта проста банальны продаж краіны» — старшыня АГП Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Старшыня АГП Мікалай Казлоў лічыць, што пагроза незалежнасьці здольная аб’яднаць людзей разнастайных поглядаў.

«Мы павінны абазначыць сваю пазыцыю. Сувэрэнітэт — самае галоўнае, што ў нас ёсьць на сёньня. І аддаваць яго на водкуп людзям, якія ўжо страцілі сумленьне, проста нельга. Мы дакладна павінны, рознымі галасамі, у рознай форме сказаць, што незалежнасьць недатыкальная. Гэта проста банальны продаж краіны. За 25 гадоў Лукашэнка ня здолеў выбудаваць самастойную эканоміку. Уся камунікацыя зь іншымі партыямі кажа пра тое, што там падзяляюць мой пункт гледжаньня. Гэта моцны стымул, які можа аб’яднаць людзей розных палітычных поглядаў. У нас дзьве праблемы: захаваць незалежнасьць і вярнуць сапраўдныя выбары», — кажа Мікалай Казлоў.

«Плошчай гэтага ня вырашыць» — філёзаф Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

8 сьнежня — ня крайні тэрмін, будзе яшчэ 9 месяцаў, каб не дапусьціць інтэграцыі, у гэтым упэўнены адзін з ініцыятараў кампаніі «Сьвежы вецер» філёзаф Уладзімер Мацкевіч.

«Любыя дакумэнты трэба ратыфікаваць у парлямэнце, больш за тое, гэтыя дакумэнты могуць уступіць у сілу толькі пры зьмене Канстытуцыі. Сёньняшняя Канстытуцыя не дазваляе стварэньня наднацыянальных структураў. Але Лукашэнка ўжо загадаў распрацаваць варыянт Канстытуцыі.

У нас будзе каля 9 месяцаў, каб не дапусьціць гэтага. Калі блогеры, лідэры думак, палітыкі аб’яднаюцца для захаваньня незалежнасьці, то 9 месяцаў — гэта яшчэ нічога. І тады можна будзе сарваць гэтую інтэграцыю. Бо ўсе гэтыя пагадненьні нелегітымныя», — мяркуе Ўладзімер Мацкевіч.

«Трэба кпіць з „расейскай велічы“» — Станіслаў Шашок з «Моладзевага блёку»

Станіслаў Шашок
Станіслаў Шашок

У «Моладзевага блёку», які высунуў на парлямэнцкія выбары адразу некалькі маладых кандыдатаў, была адна з самых яркіх выбарчых кампаній. Заклікаць людзей на вуліцу з нагоды інтэграцыі яны не зьбіраюцца, але хочуць «даносіць да грамадзтва мінусы інтэграцыі».

«Выходзіць на вуліцу — права кожнага чалавека. Адносна нас — мы будзем спрабаваць даносіць да людзей, празь відэафармат, мінусы інтэграцыі і збліжэньня з Расеяй. У Расеі больш праблем, чым у Беларусі. Мы будзем нешта рабіць, але людзей на вуліцу мы не павядзём зараз. Зробім імпрэзу, пажартуем з так званай „расейскай велічы“».

«Мы ўжо паўплывалі» — дэпутатка Алена Анісім

Алена Анісім
Алена Анісім

Алена Анісім лічыць, што акцыі, якія ўжо былі, паўплываюць на падпісаньне інтэграцыйных дамоваў.

«Я лічу, што мы паўплывалі, калі прадэманстравалі ў Вільні адданасьць сваім героям на перапахаваньні Каліноўскага. Паўплывалі і акцыі кіроўцаў у Полацку і Наваполацку, якія аўтамабілямі выставілі надпіс „Люблю Беларусь“. Таксама я абавязкова прыйду на акцыю Севярынца», — кажа Алена Анісім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG