Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падпішуць Лукашэнка і Пуцін 8 сьнежня праграму паглыбленьня інтэграцыі?


Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся аб сустрэчы да новага году — такую заяву зрабіў сёньня прэсавы сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітры Пяскоў.

«Пакуль ня буду рабіць афіцыйнага абвяшчэньня, але ўчора ў Бішкеку была кароткая размова паміж прэзыдэнтамі Пуціным і Лукашэнкам, і яны дамовіліся, што да новага году яны сустрэнуцца. Я ня буду пакуль анансаваць, мы абавязкова гэта зробім у бліжэйшыя дні», — сказаў Пяскоў.

Гэта гучыць як сэнсацыя. Некалькі месяцаў запар казалася, што на 8 сьнежня прызначаная дата падпісаньня праграмы паглыбленьня інтэграцыі, некаторыя задавалі пытаньне, ці захаваецца незалежнасьць Беларусі пасьля гэтай даты. 8 сьнежня разглядалася як пэўны дэдлайн. Але кім?

Варта нагадаць, што 18 ліпеня Аляксандар Лукашэнка на перамовах з Уладзімірам Пуціным прапанаваў «зьняць усе праблемныя пытаньні ў адносінах Беларусі і Расеі» да 20-годзьдзя саюзнай дамовы.

Тады Лукашэнка казаў, што бакі мусяць вырашыць усе праблемы да сьнежня 2019 году і падпісаць стратэгію сумесных дзеяньняў.

Уладзімір Пуцін тады сказаў у адказ: «У гэтым годзе ў нас юбілей, у сьнежні, таму мы з Аляксандрам Рыгоравічам вырашылі прааналізаваць усё, што зроблена ў межах "саюзнай" дамовы, што ня зроблена, зь якіх прычынаў, ну і выпрацаваць прымальныя для нашых краінаў шляхі далейшага разьвіцьця нашай інтэграцыі».

Заўважым, што Пуцін не сказаў тады, што 8 сьнежня нешта мусіць быць падпісанае. Не сказаў і пазьней.

Праўда, беларускія афіцыйныя прадстаўнікі неаднаразова казалі з большай ці меншай доляй верагоднасьці, што праграма паглыбленьня інтэграцыі будзе падпісаная менавіта 8 сьнежня, у гадавіну заключэньня дамовы аб саюзнай дзяржаве, ці нават раней.

5 верасьня пра гэта казаў міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты.
18 верасьня беларускі пасол у Расеі Уладзімер Сямашка таксама назваў 8 сьнежня як дату магчымага падпісаньня праграмы паглыбленьня інтэграцыі.

Нават сёньня, 29 лістапада, пасол Сямашка заявіў: «Да 7 сьнежня застаецца тыдзень, трэба знайсьці кансэнсус, кампраміс, каб мінімізаваць разыходжаньні».

Але варта адзначыць, што расейскія афіцыйныя прадстаўнікі дату 8 сьнежня ні разу не называлі, як нават імаверную дату падпісаньня праграмы.

У гэтым сэнсе заява Пяскова, што сустрэча двух лідэраў адбудзецца ў сьнежні і яшчэ ўзгадняецца, калі менавіта, не супярэчыць ранейшым заявам расейскага боку. Гэта Лукашэнка прапаноўваў зьняць усе пытаньні да гадавіны ўтварэньня саюзнай дзяржавы. Відаць, не атрымалася.

Калі прэсавы сакратар Пуціна кажа, што сустрэча адбудзецца немаведама калі ў сьнежні, гэта хутчэй за ўсё азначае, што 8 сьнежня яна не адбудзецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG