Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас чакае вайна», калі 8 сьнежня ня стане незалежнай Беларусі, — дэпутатка Анісім


Алена Анісім, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Алена Анісім правяла 27 лістапада сустрэчу ў Менску, арганізаваную Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Ейныя выказваньні перадаў БелаПАН.

Калі ў выніку падпісаньня «паглыбленьня інтэграцыі» Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным «скасуецца незалежная краіна Беларусь», то, мяркуе Анісім, «нас чакае вайна».

«Грамадзтву нельга расслабляцца, — сказала Анісім. — Да 8 сьнежня, вядома, трэба быць гатовым, разумець, што і як можна зрабіць. Гэта можа быць акцыя, безумоўна, выхад на вуліцы ня выключаны».

Яна адзначыла, што пратэсты супраць «падатку на дармаедаў», што адбываліся ў Беларусі ў 2017 годзе, або цяперашнія пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці «ніхто не рыхтаваў». Трэба быць гатовымі «хаця б выйсьці так, як выйшлі беларусы ў Вільні» на пахаваньне паўстанцаў, лічыць Анісім.

Цяпер жа чыноўнікі не расказваюць пра інтэграцыйныя пляны Лукашэнкі, а «толькі заспакойваюць», адзначае дэпутатка.

«Вось калі заспакойваюць, гэта ня вельмі добра, — разважала Анісім. — Людзям, якія кажуць адное, а потым робяць іншае, ужо ня верыш».

Яна разумее: шмат хто баіцца браць удзел у вулічных акцыях, кожны думае пра сябе. Але «трэба думаць пра тое, каб абараніць сваіх дзяцей, а ня толькі сябе, бо ў Расеі нас нічога не чакае — будзе толькі горш».

Што яшчэ казала Анісім

Пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Анісім зьбіраецца балятавацца ў прэзыдэнты ў 2020 годзе, «ёсьць 50-працэнтная гатоўнасьць да збору подпісаў», але «гэта мае быць падмацавана рэальнымі грашыма» — мінімум 300 тысячаў даляраў. Пакуль «інвэстараў» шукаюць. На пытаньне, ці рэальна перамагчы Лукашэнку на выбарах, яна адказала: «Я думаю, рэальна ўсё».

Пра ідэю Канапацкай аб пажыцьцёвай недатыкальнасьці Лукашэнкі. Недатыкальнасьць былога кіраўніка дзяржавы павінна быць ня вечнай, як прапаноўвала Канапацкая, а часовай — напрыклад, на 5 гадоў, «каб адбылася палітычная перазагрузка грамадзтва і самой Беларусі». Але пасьля трэба здымаць імунітэт, бо нельга пакідаць злачынствы, калі «ёсьць доказы, сьведкі і факты». Са сваёй ідэяй Канапацкая не знаёміла Алену Анісім, падтрымкі не прасіла.

Пра мараторый на сьмяротнае пакараньне. Законапраект Анісім пра спыненьне ўжываньня сьмяротнай кары так і ня быў унесены ў Палату шостага скліканьня, бо «ёсьць моцная палітычная воля, якая процістаіць гэтаму». Яна дапускае, што можа перадаць законапраект каму-небудзь з дэпутатаў сёмага скліканьня (куды ня трапіла ні яна, ні іншыя апазыцыянэры). З той жа прычыны, што адной толькі згоды дэпутатаў недастаткова, Канапацкая ня ўнесла закон аб статусе бел-чырвона-белага сьцяга, мяркуе Анісім.

Пра дэпутатаў новага скліканьня. Анісім думае, што ніхто з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня ня пойдзе ў апазыцыю да Лукашэнкі. Але калі сам Лукашэнка ініцыюе зьмены ў сыстэме, то дэпутаты яго падтрымаюць: «Калі ён казаў пра аптымізацыю, усе роўненька зрабілі аптымізацыю. Няважна, ці несла гэта шкоду, яны маглі хадзіць і абурацца, але яны яе зрабілі». І калі Лукашэнка будзе ініцыяваць перадачу ўлады камусьці, «яны ўсе будуць біць у ладкі і разам зь ім рабіць гэтую перадачу ўлады».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG