Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў вакол Гайдукевіча-малодшага будуць ствараць «канструктыўную» апазыцыю


Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

У дзень асноўнага галасаваньня я склаў свой сьпіс меркаваных пераможцаў. Для чысьціні экспэрымэнту яго паклалі ў службовы сэйф. А сёньня раніцай параўналі прагнозы з афіцыйнымі вынікамі.

Сьцісла

  • Сапраўднай апазыцыі ў Палаце ня будзе.
  • Улады адмовіліся ад экспэрымэнту з уключэньнем апазыцыянэраў у склад парлямэнту.
  • За «канструктыўную» апазыцыю перад іншаземцамі, напэўна, будзе выступаць Алег Гайдукевіч і яшчэ некалькі прызначаных на гэтую ролю дэпутатаў.
  • Пажаданьні Захаду аб наяўнасьці ў новым парлямэнце сапраўднай апазыцыі ўлады праігнаравалі.

Два асноўныя прынцыпы

Я правільна назваў імёны 104 са 110 дэпутатаў. Такім чынам, прагноз спраўдзіўся амаль на 95%.

Зрабіць гэта было нескладана. Адштурхоўваўся ад дзьвюх рэчаў. Першая — адразу запісаў 32 дэпутатаў, якія балятаваліся паўторна. Звычайна тут праколаў не бывае, бо няма ніякага сакрэту, што дзейным дэпутатам «раяць», каму ісьці на новыя выбары, а каму не.

Але гэтым разам у няпісаным правіле здарыліся два выключэньні. Так, у Аршанска-Дняпроўскай акрузе № 26 я паставіў на дзейнага дэпутата Віталя Чудовіча. А дэпутацкі мандат атрымае другі Віталь — фінансіст зь «Беларусбанку» Васюкоў. Кажуць, што ў спадара Чудовіча нібыта былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. І гэта стала галоўным чыньнікам для такога выніку.

«Перакрылі кісларод» яшчэ аднаму дзейнаму дэпутату — «казаку» Мікалаю Ўлаховічу. Шчыра кажучы, і мне ня верылася ў ягонае новае выбраньне па Сеніцкай акрузе № 76. Бо тут у яго быў моцны канкурэнт у асобе Людмілы Падлужнай — дырэктаркі дашкольнага цэнтру разьвіцьця дзіцяці «Каласок». Я і раней чуў, што Ўлаховіч «не ўзгадніў» свой намер балятавацца з вышэйшымі інстанцыямі. Але зрабіў стаўку ўсё ж на яго, зыходзячы з таго, што паўторнае выбраньне дзейным дэпутатам гарантавана. І памыліўся.

Другі асноўны арыентыр, зь якога я зыходзіў, складаючы свой сьпіс — гэта тое, хто вылучае кандыдатаў. Калі вылучэньне двайное — ад працоўнага калектыву і праз збор подпісаў, гэта своеасаблівы сыгнал у вызначэньні таго, на каго робіць стаўку ўлада. На гэтым я памыліўся ў Каліноўскай акрузе № 108, што ў Менску.

Казус Гайдукевіча

У акрузе № 108 я прагназаваў дэпутацкі мандат Віталю Германчуку — дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства «Рэмаўтадар». Ён адзіны з шасьці прэтэндэнтаў, якога вылучаў працоўны калектыў і які яшчэ і зьбіраў за сябе подпісы выбарнікаў. Але пераможцам тут улады назвалі новага старшыню Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча.

Шчыра прызнаюся, я на гэта не спадзяваўся. 29 кастрычніка я напісаў блог «У новай Палаце прадстаўнікоў будзе шмат вылучэнцаў партый. Але не партыйных лідэраў».

Тады я спрачаўся з палітолягам Юрасём Чавусавым, які прагназаваў прызначэньне спадара Гайдукевіча. На думку палітоляга, менавіта лідэр ЛДП будзе прадстаўляць у новай палаце «канструктыўную» апазыцыю. Я ж лічыў, што Гайдукевічу, які ўжо заяўляў, што ў 2020 годзе будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, парлямэнцкай трыбуны не дадуць.

Выбарчы экспэрымэнт уладаў

А вось у адметнасьці сёлетніх выбараў я не памыліўся. 22 кастрычніка я пісаў, што «Упершыню ўлада ня мае „адзінага сьпісу“ сваіх кандыдатаў».

Падкрэсьліваў, што ў некаторых акругах сярод кандыдатаў зьявіліся праўладныя асобы з вонкава аднолькавымі шанцамі на прызначэньне. Адбыўся такі своеасаблівы конкурс сярод «сваіх». Праўда, чым бліжэй было галасаваньне, тым часьцей хтосьці з такіх кандыдатаў нібыта добраахвотна здымаўся з далейшай кампаніі. Тым ня менш там-сям «праўладная» канкурэнцыя ўсё ж засталася. Дзесьці я назваў пераможцаў правільна, дзесьці памыліўся.

Так, у Жодзінскай акрузе № 64 я паставіў на начальніка зьмены зь БелАЗу Максіма Курловіча. А перамогу аддалі намесьніку дырэктара мясцовага палітэхнічнага каледжу, праўладнаму камуністу Валеру Стральчонку. Падобная сытуацыя ў Крычаўскай акрузе № 83. Тут таксама былі два праўладныя кандыдаты: начальнік мясцовага лякаматыўнага дэпо Аляксандар Сівянкоў і дырэктар Клімавіцкага лясгасу Ўладзімер Азаранка. Я паставіў на Сівянкова, а мандат аддалі Азаранку. І апошні такі выпадак у Кастрычніцкай акрузе № 97 у Менску. Мой прагноз быў на карысьць сябра праўладнай камуністычнай партыі, дырэктаркі каледжу лёгкай прамысловасьці і бытавога абслугоўваньня насельніцтва 51-гадовай Ілоны Чыж. А дэпутатам абвясьцілі 29-гадовага першага сакратара сталічнага БРСМ Сяргея Клішэвіча.

Думаю, што такі ўнутраны конкурс улады будуць прадстаўляць замежным палітыкам як доказ зьменаў у сваёй палітыцы, якая нібыта скіраваная на мадэрнізацыю і амаладжэньне.

Такім чынам, адбыліся выбары без рэальнага выбару

Пасьля невялічкай адлігі ў 2016 годзе, калі ўлады ўручылі дэпутацкія мандаты дзьвюм прадстаўніцам апазыцыі (Алене Анісім і Ганьне Канапацкай), яны зноў вярнуліся да жорсткага сцэнару. Цяпер сапраўднай апазыцыі ў парлямэнце зноў ня будзе. А значыць, нас чакае чарговы паслухмяны парлямэнт з прызначанымі, паслухмянымі і апатычнымі дэпутатамі. Праўда, з «канструктыўнай» апазыцыяй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG